Вынікі па асобных краінах вы знойдзеце па-нямецку, а таксама на мове адпаведнай краіны.

    Вачыма іншых

    Ісціна заўсёды ў вачах таго, хто глядзіць: што немцы могуць высветліць пра саміх сябе, паглядзеўшы на сваю краіну вачыма суседзяў. Экхард Фур (“Дзі Вэльт”)

    Інстытут імя Гётэ, які вось ужо шэсцьдзесят гадоў займаецца распаўсюджваннем у свеце вобраза пазітыўнай, дэмакратычнай, адкрытай, культурна вітальнай Германіі, правёў у 18-ці еўрапейскіх краінах апытанне, каб даведацца, якой Германія бачыцца звонку. Хто з-за паўсюднай штодзённай блізкасці зрабіўся нячулым да прывабнасці ўласнай краіны, таму варта паглядзець на яе ў люстэрку прагных позіркаў звонку.

    Нейкая амаль нерэальная яна, гэтая Германія. Валадарыць тут Шляхетная пара: Ёган Вольфганг фон Гётэ і Ангела Мэркель. Для абсалютнай большасці ўдзельнікаў апытання яны – “найважнейшыя прадстаўнікі Германіі”. Дух і ўлада нарэшце прымірыліся, ледзь не заручыліся. Найчасцей Шляхетная пара паказваецца ў суправаджэнні вусатага генія з кучаравай шавялюрай, зваць якога Альберт Эйнштэйн. І рэфарматар Марцін Лютэр таксама належыць да найбліжэйшай світы. У далейшым акружэнні аблічча і голас нацыі ствараюць Бетховен і Бісмарк, Бах, Вілі Бранд і Адэнаўэр. Ды вось яшчэ Адольф Гітлер ціснецца з-за вугла як прыклад таго, што і пагібельны шлях вядзе да вядомасці.

    У зачараваным лесе нямецкага духу

    Запытаўся Інстытут Гётэ і пра найлепшую нямецкую кнігу, найлепшы фільм, найпрыгажэйшы – звярніце ўвагу на дробнае адрозненне – музычны твор і самае значнае архітэктурнае збудаванне. Гётэўскі “Фауст”, “Бляшаны барабан” Гюнтэра Граса і казкі Братоў Грым – вось абсалютна нямецкія кнігі. Хто будзе іх чытаць, выправіцца ў вандроўку па самым гушчары зачараванага леса нямецкага духу. Што тычыцца музыкі, такт там задаюць шматлікія дзявяткі: 9-я сімфонія Бетховена і “99 паветраных шароў” Нэны. Пасля ўсяго гэтага загучыць ціха і суцешна з глыбіняў рамантычнага светаадчування “Месяцовая саната”, што заняла трэцяе месца ў спісе хітоў.

    Дзе ж знаходзіцца гэтая Германія галасоў і гукаў? У Берліне. У гэтым горадзе адбываецца дзеянне трох найбольш папулярных фільмаў: “Жыццё іншых”, “Гуд бай, Ленін” і “Неба над Берлінам”. Але перадусім: Брандэнбургская брама ўзначальвае спіс самых значных архітэктурных збудаванняў. А падзенне Берлінскага муру лічыцца сярод апытаных найважнейшай падзеяй у гісторыі Германіі, у спісе гэтая падзея апярэджвае 2-ю Сусветную вайну і Рэфармацыю.

    Нясмачная кіслая капуста

    Ці можна Германію ў чымсьці папракнуць? Адказы на пытанне “Што Вам больш за ўсё не падабаецца ў Германіі?” усё ж не раз прымусяць сціснуцца сэрца прыхільніка фатэрляндыі. І болем адгукаюцца нават не рысы характару, што звычайна прыпісваюць немцам, такія, як фанабэрыстасць, педантычнасць і недахоп гнуткасці. З гэтым можна змірыцца.

    Рашучага супярэчання патрабуе аднак той факт, што нямецкая кухня лідзіруе ў спісе таго, што не падабаецца. Бадай, ні ў якай іншай сферы Германія не адкрывала з такой радасцю схаваныя і пахаваныя якасці, як у сферы кулінарнай. Што толькі не вытвараюць нямецкія кухары сёння з каўбасамі ды халадцом, з бурачком ды капусткай, свежай ды кіслай! Нямецкая кухня і яе слава цяпер аніяк між сабою не звязаныя. Тут для Інстытута Гётэ адкрываецца шырокае поле для дзейнасці, якое да гэтага часу відавочна было недаравальна занядбанае.

    Карл Маркс, Карл Мэй і нямецкі дзюбель

    Калі разглядаеш вынікі па асобных краінах, са здзіўленнем канстатуеш, наколькі нязначная розніца паміж вобразамі Германіі ў Францыі і Беларусі, Вялікабрытаніі і Латвіі. Пэўныя выключэнні цалкам натуральныя, напрыклад, што Ангела Мэркель у Грэцыі не толькі не займае першае ці другое месца ў спісе найважнейшых прадстаўнікоў Германіі, але мае значна больш нізкія пазіцыі і нават сустракаецца ў спісе таго, што не падабаецца. Наравістасць грэкаў праяўляецца і ў тым, што яны належаць да нешматлікіх еўрапейскіх нацый, для якіх Карл Маркс усё яшчэ грае нейкую ролю. Толькі для італьянцаў ён, займаючы сёмы радок у спісе найважнейшых прадстаўнікоў Германіі, таксама мае значэнне.

    Малыя нацыя дадаюць пэўныя нечаканыя адценні да партрэта Германіі. Возьмем, напрыклад, Латвію. Перад абліччам незлічоных пераваротных нямецкіх вынаходніцтваў ад друкарства да аўтамабіля ды камп’ютара адзін латыш не забыўся пра маленькую тэхнічную рэвалюцыю: найважнейшае зробленае ў Германіі вынаходніцтва, на яго думку, “безумоўна, дзюбель”.

    Што для латыша дзюбель, тое для славака Карл Мэй. Хоць ён і не трапіў у першую дзясятку найважнейшых прадстаўнікоў Германіі і найлепшых кніг, але сярод фільмаў экранізацыі Вінету, зробленыя Гаральдам Райнлям з Лексам Баркерам і П’ерам Брысам, усё ж занялі трэцяе месца пасля фільмаў “Гуд бай, Ленін” і “Жыццё іншых”. Добра, што нам нагадалі пра тое, што да найноўшага нямецкага кіно ўжо існавала нямецкае кіно, нават даволі паспяховае.

    Вачыма іншых

    Вось такім чынам па-новаму спазнаеш і вучышся шанаваць сваю старую айчыну, гледзячы на яе вачыма іншага, чужынца, госця. Можна, напэўна, прыпісаць тым, хто ўзяў удзел у апытанні, пэўную апрыорную сімпатыю да Германіі, прынамсі, надзвычайную зацікаўленасць Германіяй. Але куды завядуць нас пытанні наконт рэпрэзентатыўнасці гэтага апытання і трываласці яго эмпірычных здабыткаў? Інстытут Гётэ не мае на мэце правядзенне эмпірычных сацыялагічных даследаванняў. Апытанне і яго вынікі – гэта, перадусім, сродак ініцыіраваць размовы і развагі пра Германію, у тым ліку, і ў самой краіне. Неўраўнаважанае, напружанае, няўпэўненае самаўспрыманне немцаў можа ў святле гэтага апытанне зрабіцца крыху спакайнейшым. Святло Германіі ярчэй, чым думаюць немцы.

    --
    Гэты тэкст – скарочаная версія артыкула, апублікаванага 1-га мая 2011 года ў газеце “ВЭЛЬТ АМ ЗОНТАГ”. Поўную версію артыкула Вы знойдзеце тут.