Агляд тэхналагічных трэндаў Інавацыі ў бібліятэчнай галіне

Technologietrends
Technologietrends | © New Media Consortium

Камісія «Віртуальная бібліятэка» Бібліятэчнага саюзу Баварыі сочыць за аглядамі трэндаў. Д-р Штэфен Ваўра, старшыня камісіі і дырэктар бібліятэкі Універсітэта ў Пасаў распавядае аб тым, як бібліятэкі рыхтуюцца да будучыні.

Спадар Ваўра, Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў – ІФЛА – штогод выдае агляд трэндаў. Якія з пяці апошніх галоўных трэндаў у значнай ступені закранаюць працу ў навуковых бібліятэках?

Для нас вялікае значэнне маюць перш за ўсё два з гэтых трэндаў: амбівалентнасць новых тэхналогій і іх прымат. ІФЛА апісвае глабальныя трэнды і заўважае, што з развіццём новых тэхналогій з аднаго боку павялічваюцца магчымасці доступу да інфармацыі, а з другога яны абмяжоўваюцца для тых, каму адпаведныя тэхналогіі недаступныя.

На першы погляд падаецца, што гэта амбівалентнасць не датычыцца Еўропы…

Гэта тэма сапраўды моцна бянтэжыць людзей. Возьмем у якасці прыклада новы парадак фармавання спецыяльных фондаў Нямецкага даследчага таварыства, які ўводзіцца сёння. Яны павінны ператварыцца ў інфармацыйныя сервісы для спецыялістаў, пры гэтым галоўную ролю будзе адыгрываць лічбавы кантэнт. Вось тут і паўстае пытанне: ці будзе сапраўды мець доступ да гэтага кантэнту кожная ўніверсітэцкая бібліятэка Германіі альбо толькі тыя бібліятэкі, якія маюць добрае фінансаванне і могуць дазволіць сабе набываць ліцэнзіі на карыстанне лічбавым зместам.
 

Мабільныя прыстасаванні вымагаюць новай арганізацыі кантэнту

Сітуацыця, калі на першае месца ставіцца тэхналогія – гэта штосьці прынцыпова новае?

Так. Раней бібліятэкі мелі пэўную задачу і пэўныя медыя-сродкі. У звязку з гэтым існавалі тэхналогіі, якія забяспечвалі магчымасць карыстання гэтымі медыя-сродкамі. Здаецца, што гэта канструкцыя пачынае хістацца з-за з’яўлення мабільных прыстасаванняў. Планшэт – гэта больш, чым інструмент, з дапамогай якога мы карыстаемся медыя-сродкамі. Дадаткі да мабільных тэлефонаў забяспечваюць засваенне ведаў зусім іншым спосабам, чым гэта было раней. Паглядзіце на тое, як адбываецца абмен кантэнтам у сацыяльных сетках. Нам неабходна грунтоўна разважыць аб тым, як прэзентаваць свой кантэнт у будучыні.

Справаздача «Харайзан рэпорт» (Horizon Report) прагназуе тэрміны, калі некаторыя найноўшыя тэхналогіі будуць узятыя на ўзбраенне ВНУ. У справаздачы за 2013 г. планшэтныя камп’ютары знахозяцца ў ліку шасці ключавых трэндаў.

Так, там гаворыцца пра тое, што праз год альбо раней карыстацца планшэтамі будуць паўсюль. Для нас гэта азначае, што мы з нашымі мабільнымі прапановамі пасунемся наперад і што нам, верагодна, неабходна будзе падумаць, што рабіць: бо трэба, каб нашы старонкі і каталогі можна было праглядаць з дапамогай смартфонаў. Неабходна таксама падумаць, як забяспечыць доступ да нашых сервісаў з улікам магчымасцяў мабільных прыстасаванняў і звычак карыстальнікаў. Гэта не павінна выглядаць як інтэрфэйс базы дадзеных, а мусіць нейкім чынам нагадваць выгляд сервісу Google. Нам трэба паклапаціцца аб тым, каб не ператварыцца ў дыназаўраў, якія працягваюць удасканальваюць свае вялікія сістэмы, у той час калі вакол іх паўстаюць кампактныя элементы, дапасаваныя да патрэбаў карыстальнікаў.

Дзякуючы Learning Analytics прапануюцца паслугі, арыентаваныя на патрэбы карыстальнікаў

Другі трэнд, які паводле справаздачы «Харайзан рэпорт» неўзабаве дойдзе да ўсіх ВНУ, гэта анлайнавыя курсы Massively Open Online Courses, у скароце MOOCs.

Так, са з’яўленнем гэтых анлайнавых курсаў, у якіх змогуць браць удзел тысячы студэнтаў, тое, што мы сёння называем семестравым апаратам, набудзе зусім іншую вагу. У звязку з гэтым зноў паўстае пытанне аб тым, наколькі дэмакратычна мы можам арганізаваць прадастаўленне доступу ў дадзеным выпадку.

У справаздачы «Харайзан рэпорт» узгадваецца яшчэ адна тэма, якая праз два-тры гады станецца крыніцай турботаў – гэта Learning Analytics. Што хаваецца за гэтай назвай?

Learning Analytics – гэта выкарыстанне т. зв. Big Data ў сферы адукацыі. Big Data – гэта ўся інфармацыя, з якой, напрыклад, вынікаюць паводзіны спажыўцоў у сферы камерцыі. У адпаведнасці з ёй ствараюцца інструменты адсочвання руху карыстальнікаў у сеціве, якія генеруюць парады кшталту «Гэта таксама можа вас зацікавіць». Learning Analytics – гэта магчымасць атрымаць інфармацыю аб тым, як студэнты працуюць з тэкстамі і навучальнымі матэрыяламі ў анлайне. І, урэшце, гэтыя спецыфічныя дадзеныя можна выкарыстоўваць, каб палепшыць метады навучання.

Акрамя таго, Learning Analytics можна выкарыстоўваць у семантычным сеціве, прызначаным для бібліятэчнай галіны. Таму ў Бібліятэцы федэральнай зямлі Саксонія – Дзяржаўнай бібліятэцы Дрэздэнскага ўніверсітэта (Sächsischen Landesbibliothek – Staats- und Universitätsbibliothek Dresden – SLUB) быў распачаты праект SLUBsemantics – мультылінгвальны семантычны пошук у каталогу. Да сённяшняга дня мы выдаткоўваем шмат высілак на стварэнне прадметных каталогаў нашых фондаў. Аднак сённяшнія студэнты больш не ажыццяўляюць пошук з дапамогай дадзеных класіфікацый – яны жывуць у эпоху семантычнага сеціва. Мы таксама мусім ісці ў гэтым кірунку.