Кампанія арганізацыі EBLIDA The right to e-read: электронныя кнігі ў бібліятэках

Айпад на пустой кніжнай паліцы
Айпад на пустой кніжнай паліцы | Foto (Ausschnitt): ©Thomas Meyer / Ostkreuz

З-за таго, што прававыя асновы бібліятэчнай працы не дапасаваныя да рэалій лічбавага свету, выдавецтвы могуць адмаўляцца прадастаўляць бібліятэкам ліцэнзіі на права выдачы электронных кніг. Агульнаеўрапейская кампанія звяртае ўвагу на незадавальняючы стан рэчаў.

Што агульнага маюць кнігі Traumsammler (Збіральнік мараў) Халеда Хасэйні, F Даніэля Кельмана і Tabu (Табу) Фердынанда фон Шыраха? Усе яны сёння знаходзяцца ў спісе бестселераў часопіса «Шпігель» і ні адна з іх не выдаецца публічнымі бібліятэкамі Германіі ў форме электроннай кнігі. Калі б рашэнне не выдаваць гэту кнігу ў лічбавым фармаце прынялі самі бібліятэкары, то гэта было б дзіўнае супадзенне, не вартае таго, каб у звязку з ім праводзілася якая-небудзь кампанія. Але бібліятэкараў пазбавілі права вырашаць, якія электронныя кнігі выдаваць сваім чытачам. Проста таму, што выдавецтвы не прадаставілі бібліятэкам ліцэнзіі на права іх выдачы.

Абмежаванне свабоды на атрыманне інфармацыі

Еўрапейскае бюро бібліятэчных, інфармацыйных і дакументацыйных асацыяцый (EBLIDA – European Bureau of Library, Information and Documentation Associations) мае намер звярнуць увагу на гэты незадавальняючы стан рэчаў з дапамогай буйнамаштабнай кампаніі The right to e-read (Права на чытанне электронных кніг). «Мы патрабуем для ўсіх грамадзян Еўропы права на вольны доступ да падрабязнай інфармацыі ў электроннай форме, які ажыццяўляецца праз пасрэдніцтва бібліятэк, – кажа прэзідэнт EBLIDA Клаўс-Петэр Бётгер. – Пры гэтым гаворка ідзе пра забеспячэнне інтарэсаў бібліятэк у дыгітальным свеце. Недапушчальна, каб карыстальнікі бібліятэк пазбаўляліся доступу да часткі спектру публікацый выдавецтваў».

Кампанія павінна дасягнуць свайго апагею ў Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права: 23 красавіка 2014 г. ва ўсіх 28 дзяржавах-сябрах ЕС адбудуцца прэсавыя канферэнцыі па дадзенай тэматыцы. Акрамя таго, праз акцыю рассылкі паштовак дэпутатам Еўрапарламенту і чальцам нацыянальных урадаў нагадаюць пра неабходнасць неадкладных дзеянняў у заканадаўчай галіне.

Аднолькавыя законы ў рэальным і віртуальным светах

Для сённяшніх чытачоў наяўнасць большасці новых кніг у электроннай форме – само сабой зразумелая рэч. Калі паглядзець збоку, то друкаваная і электронная кнігі адрозніваюцца адна ад другой толькі паводле формы. Але з гледзішча права існуе вялікая розьніца паміж пакупкай друкаванай і электроннай кнігі. Друкаваная кніга становіцца ўласнасцю пакупніка, а ў выпадку з электроннай набываецца толькі ліцэнзія на права доступу да яе.

Паводле нямецкіх законаў аб аўтарскім праве, бібліятэкі могуць набываць і выдаваць кнігі. Урад краіны і ўрады федэральных земляў плацяць за гэта пэўнае ўзнагароджанне – бібліятэчную танцьему, якая прызначаецца аўтарам і іншым праваўладальнікам – таварыству па кіраванні аўтарскімі і сумежнымі правамі «Ворт» (VG Wort). Аднак дадзенае палажэнне не тычыцца такіх лічбавых медыя-сродкаў, як электронная кніга. Такім чынам публічныя бібліятэкі не маюць права выдаваць электронныя кнігі. Праваўладальнікі прымаюць рашэнне наконт прадастаўлення дазволу на спампоўванне кантэнту з вэб-старонак бібліятэк і яго ўмоў.

У прынцыпе гэта азначае, што кожная бібліятэка павінна дамовіцца наконт атрымання ліцэнзій на кожную кнігу. На практыцы значная большасць публічных бібліятэк Германіі вырашае пытанне аб выдачы электронных кніг праз фірмы «Дывібіб ГмбХ» (divibib GmbH) і «К’янда ГмбХ» (ciando GmbH). Яны вядуць перамовы аб выдачы ліцэнзій з выдавецтвамі – і заўсёды натыкаюцца на непрабіўную сцяну. «Выдавецтвы, якія адмаўляюцца прадастаўляць ліцэнзіі, абвінавачваюць бібліятэкі ў “канібалізацыі рынку”. Акрамя таго, нам робяць закіды ў тым, што кантэнт на нашых праталах неабаронены ад незаконнага спампоўвання, што з яго можна рабіць пірацкія копіі», – распавядае Бётгер аб дыскусіях з аб’яднаннямі выдаўцоў.

Перапрацоўка закона аб аўтарскім праве

«Мы лічым, што ў доўгатэрміновай перспектыве нікуды не дзецца ад перапрацоўкі закона аб аўтарскім праве. Нам, еўрапейцам, патрэбныя прававыя рамкі, у межах якіх мы маглі б працаваць з лічбавымі медыя-сродкамі. Гэта тычыцца не толькі электронных кніг, але і ўсіх іншых формаў публікацыі, якія могуць з’явіцца ў будучыні», – кажа Бётгер, які адначасова з’яўляецца дырэктарам Гарадской бібліятэкі Эсэна. Але працэс прыняцця закону ў Еўропе, як правіла, цягнецца вельмі доўга. Бётгер лічыць, што на гэта спатрэбіцца ад чатырох да шасці гадоў.

Калі гаварыць пра нацыянальны ўзровень, то бібіятэкі могуць спадзявацца на змены да лепшага ад кааліцыйнай дамовы «Створым будучыню Германіі» (Deutschlands Zukunft gestalten), якая зусім нядаўна была заключана паміж ХДС, ХСС і СДПГ. Там гаворыцца наступнае: «Неабходна дапасаваць закон аб аўтарскім праве да патрэбаў і выклікаў лічбавай эпохі» і «Належыць праверыць, ці трэба прадаставіць публічным бібліятэкам права ліцэнзаваць электронныя кнігі, прапісаўшы гэта ў законе».

Але пакуль гэты момант не будзе прапісаны ў законе, бібліятэкі будуць працягваць змагацца з аб’яднаннямі выдавецтваў за памысныя мадэлі ліцэнзавання. «Мы хацелі б прадастаўляць усім грамадзянам бесперашкодны доступ да выданняў, якія існуюць як у друкаванай, так і ў электроннай форме, – падкрэслівае Клаўс-Петэр Бётгер. – Таксама і да каля 40 працэнтаў кніг, якія знаходзяцца ў спісах бестселераў, выдаваць якія ў электроннай форме мы сёння пакуль не можам».