Бацькі і папулярызацыя чытання Хадзем, малы, пачытаем!

Дзеці і дарослыя, якія чытаюць ім уголас
Дзеці і дарослыя, якія чытаюць ім уголас | Foto (Ausschnitt): © Colourbox

Дзецям карысна, калі яны шмат і з задавальненнем чытаюць. Але як паўплываць на іх, каб яны чыталі? Ці могуць бацькі зрабіць што-небудзь для гэтага? Агляд тэмы.

Дзецям карысна чытаць – тут педагогі адзіныя ў сваіх меркаваннях. Дзеці, якія ўжо падчас навучання ў пачатковай школе з захапленнем праглынаюць раман за раманам, верагодна, распавядаюць гісторыі, развіваюць іх далей, пішуць іх працяг ды ўласныя творы, працуюць з тэмамі, якія, можа быць, не сустракаюца ў іх паўсядзённым жыцці. Пры гэтым яны стала развіваюць сваю моўную кампетэнцыю.

Дзеці, якія чытаюць, выкарыстоўваюць сваё ўяўленне, пераўвасабляюцца ў герояў гісторый і ў ідэальным выпадку навучаюцца таму, як людзі могуць дачыняцца адзін з адным і вырашаць канфлікты. Аднак інтарэс і здольнасць да гэтага не дадзеныя дзецям ад нараджэння: іх трэба абудзіць і развіць. Пры гэтым важную ролю адыгрываюць не толькі выхавальнікі і настаўнікі, але ў першую чаргу бацькі.

Спадарожнікі, якія чытаюць

Бацькі лічацца першымі і найважнейшымі настаўнікамі чытання ўвогуле, бо з першых дзён жыцця знаходзяцца ў сталым кантакце са сваімі дзяцьмі і з’яўляюцца для іх найважнейшым прыкладам для пераймання да часу іх маладосці.

«Узор паводзінаў бацькоў лічыцца ў псіхалогіі найважнейшым фактарам уплыву на ўласныя паводзіны, – кажа Петэр Май з Інстытута падрыхтоўкі настаўнікаў і ўдасканалення школьнай адукацыі Гамбурга. - Калі бацькі бяруць у рукі кнігі альбо часопісы, паказваючы гэтым дзецям, што чытанне важнае для іх, то дзеці пачынаюць цікавіца ім».

З той прычыны, што адукацыя пачынаецца не з наведвання школы альбо дзіцячага садка, а з нараджэння, бацькі могуць з самага пачатку пакласці падмурак для пазнейшага захаплення чытаннем. Ідэальна, калі яны ў захапленні гавораць і смяюцца з імі, гуляюць у гульні з пальцамі і спяваюць дзіцячыя песні, знаёмяцца з першымі кнігамі і наведваюць бібліятэкі. Сумесны прагляд ілюстраваных кніжак і чытанне ўголас з’яўляюцца, на думку Мая, «прыемнымі формамі інтэракцыі, якія паказваюць дзецям наступнае: кнігі для мяне адыгрываюць важную ролю, бо яны дораць радасць мне і маім бацькам, можа быць, таксама маім бабулі і дзядулі ды братам і сёстрам».

Лепей быць узорам

Аднак рэчаіснасць паказвае, што такія адносіны да чытання ў нямецкіх сем’ях ні ў якім разе не з’яўляюцца звычайнай рэччу. Як раз наадварот, выхавальнікі і настаўнікі скардзяцца на дзяцей, якія зусім не цікавяцца кніжкамі, і ў найлепшым выпадку неахвотна і з вялікай цяжкасцю асільваюць кнігі, прадугледжаныя праграмай навучання па нямецкай мове, а затым з задавальненнем ўключаюць тэлевізар альбо сядаюць за камп’ютар, каб забаўляцца гульнямі.

Пасля правядзення фондам «Лезен» («Чытанне») першага даследавання чытання ўголас у 2007 г. выявілася, што 42 працэнты бацькоў альбо зусім не чыталі кніг сваім дзецям дашкольнага ўзросту, альбо рабілі гэта надзвычай рэдка. Урэшце, Міжнароднае даследванне чытання ў пачатковай школе (Internationale Grundschul-Lese-Untersuchung - IGLU), праведзенае ў 2006 г., паказала, што патэнцыял бацькоў, які здольны паўплываць на поспехі нямецкіх дзяцей у чытанні, яшчэ можа быць значна павышаны.

Што патрэбна бацькам, каб дапамагчы дзецям

«Існуе шмат прычын, па якіх бацькі не чытаюць сваім дзецям кніжак: яны самі не чытаюць, ім не падабаецца чытаць уголас альбо яны не бачаць у гэтым сэнсу. Некаторыя не могуць прымусіць сябе рабіць гэта, бо ў штодзённым жыцці адчуваюць сябе стомленымі, – лічыць Карын Коч, якая праводзіла семінары і творчыя майстэрні па тэмах «Чытанне ўголас» і «Папулярызацыя чытання» ў многіх краінах свету. – Іншыя проста не даведаліся ў дзяцінстве, як гэта цудоўна: слухаць якую-небудзь гісторыю. А астатнія не асмельваюцца рабіць гэта, бо з досведу ведаюць, што іх дзіця ўсё адно ніколі не будзе слухаць іх».

Да таго ж многія бацькі перажылі шмат дэматывуючых паразаў, калі вучыліся чытаць падчас навучання ў школе. Некаторыя не ўмеюць як след чытаць нават сёння. Бо кожны сёмы дарослы па-ранейшаму лічыцца ў Германіі функцыянальна непісьменным, г. зн. не можа разумець альбо пісаць вялікія тэксты.

Шматлікія праграмы

Дзіцячыя садкі, школы, бібліятэкі ды іншыя ўстановы зразумелі гэтыя праблемы, карыстаючыся разнастайнымі метадамі, яны аб’ядноўваюць працу па папулярызацыі чытання з працай з бацькамі. Для маці і бацькаў, якія самі мелі праблемы з чытаннем, былі створаны адмысловыя курсы з мэтай ліквідацыі непісьменнасці, адбываўся пошук шляхоў аказання дапамогі дзецям для бацькоў, якія самі дрэнна чытаюць.

«Напрыклад, калі дзеці ствараюць кнігі паводле спектакляў альбо радыёпастановак, то яны могуць паказаць іх бацькам у школе, - лічыць метадыст у галіне мовы і літаратуры Свен Нікель з Універсітэта ў Брэмене. - Нават бацькі, якія атрымалі негатыўны досвед навучання ў школе і ў бальшыні выпадкаў пазбягаюць школ, дзе навучаюцца іх дзеці, з радасцю прыходзяць на такія імпрэзы».

Падчас чытанняў бацькі маюць магчымасць захапіцца чытаннем гісторый, альбо ўзнавіць цікавасць да іх. А падчас семінараў ды інфармацыйных акцый яны могуць атрымаць інфармацыю аб тым, чаму мае сэнс чытаць уголас, якія кнігі і ў якім ўзросце чытаць і як абудзіць у дзяцей інтарэс да слухання гісторый.