Размова з Давідам Ёльсам Захапленне навукова-папулярнай кнігай

Давід Ёльс – малады выкладчык кнігазнаўства ва Універсітэце ў Майнцы і вядомы даследчык навукова-папулярнай кнігі. Ён лічыць, што ў культурна-гістарычным плане навукова-папулярная кніга заслугоўвае большай увагі.

Juniorprof. Dr. des. David Oels; Foto: Peter Pulkowski Juniorprof. Dr. des. David Oels | Foto: Peter Pulkowski Herr Oels, gibt es eine stichfeste Definition des Sachbuchs?

Спадар Ёльс, ці існуе дакладнае азначэнне для навукова-папулярнай кнігі?

На нямецкім кніжным рынку яно сапраўды з’явілася толькі ў 2007 г. Навукова-папулярная кніга змяшчае навуковыя звесткі і задумана для прыватнага ўжытку. Такім чынам яна адмяжоўваецца ад навуковай кнігі і арыентаваных на практычнае выкарыстанне даведнікаў. У 2007 г. упершыню была вызначана сапраўдная доля навукова-папулярнай кнігі на кніжным рынку, яна склала каля 10 працэнтаў. Калі дазволіць сабе зрабіць параўнанне з замежжам, то хутка можна апынуцца ў тупіку, бо замежны кніжны рынак у адрозненні ад нас разумее пад навукова-папулярнымі кнігамі нешта іншае. Гэта відаць ужо толькі з перакладу дадзенага тэрміну на розныя мовы: non-fiction, text book, essai альбо libros de non ficción. Я лічу, што тэрмін, які мы ўжываем для навукова-папулярнай кнігі, з’яўляецца чыста нямецкім і не паддаецца параўнанням.

Калі пачалася гісторыя дадзенага паняцця?

Паняцце навукова-папулярнай кнігі ў тым сэнсе, у якім мы яго ўжываем сёння, з’явілася ў Германіі ў 1950-х гг. Яно замацавалася пасля публікацыі першых спісаў бестселераў часопіса «Шпігель» у 1961 г., дзе з таго часу па-над правым слупком размешчана паняцце навукова-папулярная кніга. У ранейшых спісах, напрыклад, у паказніку Seller-Teller тыднёвіка «Дзі Цайт» такога падраздзялення не было. У гэтым слупку можна знайсці кнігі, якія хаця і маюць навуковы змест, але паводле сваёй формы і распаўсюду належаць да белетрыстыкі. Іх чытаюць дзеля цікавасці, не для павышэння прафесійнай кваліфікацыі. Такое чытво спярша лічылі чымсьці новым. У рубрыках, прысвечаных літаратуры, спачатку крыху зняважліва гаварылі пра так званую навукова-папулярную кнігу альбо пра навукова-папулярную кнігу ў двукоссі. Мая бабуля, якая разбіралася ў літаратуры, трапна казала пра кнігі, якія чытаў яе муж: «Вось, ён ізноў чытае адны навукова-папулярныя кнігі».

Навукова-папулярнымі кнігамі цікавяцца перадусім мужчыны?

Вынікі шматлікіх даследаванняў сведчаць сёння пра тое, што чытачамі навукова-папулярных кніг хутчэй з’яўляюцца мужчыны. У гэтай галіне таксама пераважаюць аўтары-мужчыны. Вынікі даследавання чытачоў бянтэжаць: чытанне навукова-папулярных кніг прынцыпова не адрозніваецца ад чытання раманаў. Той, хто чытае навукова-папулярныя кнігі, не толькі шукае веды практычнага характару, ён таксама атрымлівае ад чытання біяграфій, гісторый падарожжаў і гістарычнай літаратуры натхненне для штодзённых мрой і жаданняў. Гэтым насычаным эмоцыямі чытаннем навукова-папулярных кніг цешацца ў першую чаргу мужчыны. Я – выключэнне з правіла ў гэтай статыстыцы, бо раней я больш чытаў раманы.

Адкуль Ваша захапленне навукова-папулярнай кнігай?

Пачынаючы з 2000 г. нямецкія літаратуразнаўцы пачалі гаварыць пра вяртанне расповяду. Я заўважыў, што пры гэтым называлі кнігі, расповяд у якіх вёўся вельмі прадметна, напрыклад, «Парфумера» (Das Parfüm) Патрыка Зюскінда і «Адкрыццё няспешнасці» (Die Entdeckung der Langsamkeit) Стэна Надольнага. Я задаўся пытаннем, ці не ўжывалася раней як раз гэта форма расповяду ў навукова-папулярных кнігах. Мая тэза выявілася правільнай, адкрыўшы перада мной цікавую тэму. Нягледзячы на тое, што на наша грамадства моцна ўплывае і навукова-папулярная літаратура, і белетрыстыка, навукова-папулярная кніга як аб’ект даследавання яшчэ не распрацавана. Яна не заслужыла такога стаўлення да сябе.

Навукова-папулярныя кнігі, якія апавядаюць, і навукова-папулярныя раманы. Гэта падаецца нейкай блытанінай.

Дадзены фенамен з’яўляецца ў форме хваляў. Цікава, што ў першай траціне 20 ст. прадвесніка навукова-папулярнай кнігі называлі «раман, які пабудаваны на фактах». Калі мы зазірнём яшчэ далей, то заўважым, што ў 19-м ст. на рынку навукова-папулярных кніг адбываўся бум. У тыя часы існавала імкненне папулярызаваць веды, шмат вядомых навукоўцаў, такіх як Гумбальд альбо Лібіг, узялося за гэту справу. Таксама і першы нямецкамоўны нобелеўскі лаўрэат Тэадор Момзэн атрымаў прэмію ў 1902 г. менавіта за сваю навукова-папулярную кнігу – «Гісторыю Рымскай імперыі» (Römische Geschichte).

Што адбываецца з навукова-папулярнай кнігай сёння?

У першую чаргу рынак адлюстроўвае інтэнсіўныя дэбаты на грамадска-палітычныя альбо экалагічныя тэмы, якія адбываюцца ў Германіі. Выданні навукова-папулярных кніг не стаюцца паспяховымі, калі ім не папярэднічала рэкламная кампанія ў СМІ альбо калі да іх не праяўлялі ўвагі медыі. Прыкладам могуць служыць дэбаты аб кнізе Сарацына. Зрэшты, бальшыня паспяховых навукова-папулярных кніг у Германіі выйшла з-пад пяра нямецкамоўных аўтараў. Справы з перакладнымі навукова-папулярнымі кнігамі ў параўнанні з перакладной белетрыстыкай ідуць горш. Вядома, гэта звязана з тым, што ў выпадку чытання перакладнога рамана, людзі чакаюць чагосьці чужога. У выпадку навукова-папулярных кніг прыклады, наадварот, павінны даць уяўленне пра пэўную рэч, а не даць досвед сустрэчы з чымсьці чужым праз пераклад. Таму навукова-папулярныя кнігі трэба перакладаць інакш, чым раманы. На шчасце, у літаратурных рубрыках газет і часопісаў навукова-папулярным кнігам сёння надаецца большая ўвага, чым трыццаць гадоў таму, што з’яўляецца важным для прызнання аўтара, яго тэмы і выдавецтва. Адначасова гэта ўвага адлюстроўвае павышаны інтарэс да кнігі як аб’екта, які спрыяе дыскусіі на тэмы культуры. Пры гэтым навукова-папулярныя кнігі адыгрываюць усё больш важную ролю.
 
У Інстытуце кнігазнаўства пры Універсітэце ў Майнцы існуе курс навучання па спецыяльнасці «кнігазнаўства». Тут рыхтуецца змена для кніжнай галіны ў шырокім сэнсе слова – г. зн. для выдавецтваў, галіновых прадстаўніцтваў, а таксама для ўстаноў, якія займаюцца папулярызацыяй кніг і чытання. Асноўная ўвага надаецца тэмам, арыентаваным на практычнае прымяненне, такім, як даследаванне кола пакупнікоў і чытачоў, сітуацыі кніжнага гандлю ў Германіі, медыйнай справы і права ў галіне медый. У межах даследніцкай дзейнасці студэнты распрацоўваюць тэмы гісторыі культуры, напрыклад, гісторыю кніжнага гандлю, чытачоў, ролю кнігі нароўні з іншымі медыямі, а таксама спосабы афармлення кніг у мінулым і сёння.