Раманіст Клеменс Маер Погляд у нутро грамадства

Клеменс Маер © Gaby Gerster
Клеменс Маер | Foto (Ausschnitt): © Gaby Gerster

Клеменс Маер смела эскперэментуе са стылем і захапляльна распавядае – ён нібыта падносіць люстэрка да сучаснасці.

Клеменсу Маеру прысвечана больш легендаў, чым разам узятым іншым пісьменнікам яго пакалення. Ён нарадзіўся ў 1977 г. у Гале, а яго дэбютны раман Als wir träumten («Калі мы марылі») выйшаў у 2006 г. – таму для паўстання легенд было зусім няшмат часу. Аднак яны паўсталі: паводле адной з іх Маер быў нібыта створаны для апісання цёмных старонак жыцця. Другая легенда называе яго enfant terrible (цяжкім дзіця) нямецкай літаратуры, трэцяя – летапісцам Лейпцыгу – гораду, дзе ён вырас і жыве сёння. Усе яны маюць долю праўды, аднак кнігі Маера прапануюць яшчэ больш.

Пра Als wir träumten ходзяць чуткі, што рукапіс гэтага раману быў удвая большы за яго друкаваную версію. Пра раман Im Stein («У камні»), які выйшаў у 2013 г. і стаўся яго наступнікам, сам Клеменс Маер гаворыць тое самае. Выхад за межы меры – гэта катэгорыя, якую ён абыгрывае не толькі тэхнічна, але і эстэтычна: героі абодвух раманаў маюць шмат досведу, які з’яўляецца чужым публіцы, якая складаецца са звычайных бюргераў. Маладыя крымінальнікі – героі дэбютнага раману Als wir träumten – жывуць у час пасля аб’яднання Германіі ў тым Лейпцыгу, які прадастаўляе прастору толькі тым, хто гатовы змагацца за яе: у спорце – на баксёрскім рынгу, у грамадстве – у закінутых прамысловых зонах і жылых раёнах. Тут паўстае і забаўляецца новая эліта – пасля таго, як разам з крахам ГДР знікла старая.

У Im Stein Маер не дае канкрэтнай назвы месцу, дзе адбываецца дзеянне рамана, яно проста называецца «горадам». Аднак структура папярэдняй кнігі захоўваецца ў тым сэнсе, што тут таксама ідзе барацьба за горад – гэтым разам за яго душу. Месца крымінальнага асяроддзя займае тут з’ява, якая на працягу некалькіх гадоў павінна быць пазбаўлена крыміналу – прастытуцыя. У рамане Im Stein Маер распавядае гісторыю гэтага рамяства: у цэнтры ўвагі - Усходняя і Заходняя Германія васьмідзясятых гадоў, часы аб’яднання ГДР і ФРГ і дзень сённяшні.

Захапленне персанажамі з дна грамадства

Заглядаючы ў нутро грамадства, Маер працягвае літаратурную традыцыю, пачынальнікам якой у Германіі быў Альфрэд Дзёблін. У мадэрныя часы яе прадстаўнікамі былі Губерт Фіхтэ і Вольфганг Хільбіг – адзін у ФРГ, а другі – у ГДР. Гэта тры аўтарытэты-суайчыннікі Маера. З іншаземных пісьменнікаў, якія паслужылі яму ўзорам, ён у першую чаргу называе амерыканца Джона Дос Пасаса. Гэтыя аўтары не толькі падзяляюць захапленне Маера персанажамі з дна грамадства і расповядам у яркіх фарбах. Усе яны былі схільныя да эксперыменту і скіроўвалі дзеянне сваіх празаічных твораў туды, дзе жылі іх героі – на дно грамадства. І не толькі.

Маер таксама робіць падобным чынам і гэта ставяць яму ў віну, як і кожнаму навічку. Яго пафас, які сілкуецца з глыбокай сімпатыі да сваіх герояў, яго смеласць у працы са стылем, паводле якой раман – гэта фенамен, які паўстае ў выніку мантажу, і багацце яго галасоў, якое здольнае мяняцца, выклікалі ў публікі як захапленне, так і разгубленасць. Той, хто не з’яўляецца палка любячым чытачом, не зразумее, што піша Маер – палка любячы аўтар.

Здольнасць распавядаць вобразна і дасціпна

Ён надае ўвагу эканоміі свайго бязмежнага расповяду. Вялікая колькасць герояў, фактаў, выдумкі з’яўляецца сродкам для дасягнення мэты – вельмі дакладнага мантажу, які ажыццяўляецца паводле прынцыпаў музыкі. Дзве кнігі Маера – напісаная ў 2008 г. Die Nacht, die Lichter («Ноч. Агні») і выйшаўшая праз два гады Gewalten («Акты насілля») – з’яўляюцца яскравымі прыкладамі таго, як дасціпна можа пісаць аўтар. Тое, што тут сустракаюцца некаторыя асобы, месцы і матывы, якія потым увойдуць у кнігу Im Stein у крыху змененым выглядзе, яшчэ раз сведчыць аб эканоміі, якую сцвярджае аўтар.

Каб стварыць сваё на сённяшні дзень найлепшае апавяданне Rückkehr in die Nacht («Вяртанне ў ноч»), Клеменсу Маеру спатрэбілася чатыры гады: ён працаваў над ім, пішучы раман Im Stein. У гэтай кароткай гісторыі, якая выйшла ў 2013 г., ён піша пра адно даўняе злачынства, якое патрабуе помсты, адмовіцца ад якой яго героі не могуць. Гэта архаічная прыгода, якая адбываецца ў сённяшнім горадзе Лейпцыгу (горад не названы сваім імём, аднак яго лёгка пазнаць па шматлікіх месцах, дзе адбываецца дзеянне) – ён выступае як люстэркавы адбітак сучаснасці. Маер па-майстэрску стварае яе адлюстараванні, паказваючы, як яны стала змяняюцца, становячыся то цёмнымі, то бліскучымі. І цёмны бок пры гэтым неабавязкова перамагае. Раман Als wir träumten сканчаецца сказам: «Мы пасунуліся адно да аднаго, елі, пілі і былі шчаслівымі». Фінал раману Im Stein паказвае ўсепераможнае ва ўсіх сэнсах каханне, якое выходзіць за межы звыклых рэчаў. А Rückkehr in die Nacht завяршаецца наступным сказам: «Я кажу: “Добра, добра”». Гэта шчасце, якога шукаюць усе героі Маера, а шмат каму з іх нават удаецца знайсці яго. Напрыклад, яго чытачам.