Йо Лендль распавядае аб працы сучасных выдавецтваў За тое, каб у чорнай скрыні было больш святла

Йо Лендль © Mario Giordano
Йо Лендль | Foto (Ausschnitt): © Mario Giordano

У студзені 2014 г. пісьменнік Йо Лендль ачоліў кіраўніцтва выдавецтва «Ханзер ферлаг» (Hanser Verlag). Падчас размовы ён распавёў, як дыгіталізацыя змяняе літаратурны свет і што з’яўляеца характэрным для сучаснага выдавецтва.

Спадар Лендль, пераняўшы кіраванне выдавецтвам «Ханзер ферлаг», Вы сталіся наступнікам Міхаэля Кругера. Ці выклікае ў Вас гэта задача павагу да сябе?

Так, бо выдавецтва – гэта літаратурная ўстанова. Ягоныя кнігі на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляюцца спадарожнікамі кожнага, хто захапляецца літаратурай у гэтай краіне. Таму, маючы належную павагу да гэтай традыцыі, я рады, што буду яе працягваць.

Вы – аўтар, як і Міхаэль Кругер. Менавіта цяпер, у жніўні, выйшаў Ваш новы раман Was wir Liebe nennen («Тое, што мы называем каханнем»). Ці з’яўляюцца аўтары лепшымі выдаўцамі?

Хутчэй за ўсё не. Іншыя таксама ўмеюць добра чытаць. Верагодна, мы маем разуменне пэўных аспектаў аўтарскага быцця, якое не выказаць словамі, аднак я не хачу надаваць гэтаму залішне вялікае значэнне.

Зімой 2012/2013 гг. саюзы пісьменнікаў Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі правялі апытанне аўтараў. Выявілася, што 33 працэнты апытаных незадаволеныя сваімі выдавецтвамі. 17 працэнтаў нават вельмі незадаволеныя. Ці разумееце Вы іх пачуцці?

Чуў пра гэта апытанне, аднак мне невядомыя дакладныя фармуліроўкі пытанняў. Незадаволенасць выклікаюць многія рэчы: дамовы, удзел у прыняцці рашэнняў, пазіцыянаванне, паказнікі продажу. Канечне, ёсць негатыўныя моманты, але ўсё зводзіцца да банальнага падставовага канфлікту: у выдавецтва шмат кніжак, а у кожнай кніжкі – толькі адно выдавецтва. Той, хто шмат гадоў працаваў над сваім рукапісам, не заўсёды разумее, што выдавецтва павінна ўдзяляць сваю ўвагу ўсім. Што тычыца апытання, то ў ім не праводзіцца розніца паміж рознымі тыпамі выдавецтваў: я лічу, што ў выпадку буйных літаратурных выдавецтваў узровень задаволенасці аўтараў значна больш высокі.

Ці лічыце Вы, што пераход да лічбавага грамадства ў выпадку літаратурнай галіны на самой справе такі фундаментальны, як гэта часта робіцца?

Так, гэтак сама, як і ва ўсім астатнім свеце. І як у іншых сферах жыцця тут ёсць дадатныя і карысныя моманты. Раней ці пазней новыя фарматы выклічуць з’яўленне новых спосабаў аповяду.

Але існуе нешта, што мяне турбуе: ключавыя словы тут аўтарскае права і фіксаваны кошт кніжак – у справе паўстання літаратуры і яе распаўсюду два гэтыя фактары ствараюць рамкавыя ўмовы, якіх нічым не заменіш. Нягледзячы на тое, што хутка спампоўваць файлы вельмі прыемна, кожны чытач сам павінен вырашаць, дзе гэта рабіць. Сёння многія мясцовыя кнігарні прапануюць тыя ж самыя паслугі, як і міжнародныя парталы-гіганты для спампоўвання файлаў. Кожны павінен ведаць: сённяшнія так званыя манапалісты ў сферы распаўсюду лічбавых прадуктаў выключаюць як раз тыя неад’емныя часткі кніжнага гандлю, у межах якіх адкрываюць, рэкамендуюць і папулярызуюць новых аўтараў і іх кнігі.

Сёння, як ніколі раней, надзвычай проста публікаваць і распаўсюджваць уласныя тэксты. Ці трэба выдавецтвам пераасэнсоўваць сваё прызначэнне ў эпоху сэлф-паблішынгу?

Вось тое, што змянілася: выдавецтвы больш не прапануюць адзінага шляху ў публічную прастору. Сёння гэта ў першую чаргу тычыцца літаратуры жанру нон-фікшан, а не белетрыстыкі. Але перамены – гэта добрая нагода падумаць аб сваім прызначэнні і разам з аўтарамі стварыць камбінацыю з новых магчымасцяў і моцы выдавецкага брэнду. Калі пры гэтым у чорную скрыню выдавецтва пральецца больш святла, то я буду цалкам задаволены.

Як Вы лічыце, ці з’яўляюцца выдавецтвы транслятарамі культуры?

Я вывучаў культуралогію, таму часам задаю сабе пытанне: ці тое, чым займаецца выдавецтва, адпавядае таму, чаму я навучаўся, ці, можа, гэта штосьці зусім іншае? У традыцыйным сэнсе трансляцыя культуры – гэта прэзентацыя чагосьці завершанага новым спосабам, даданне да яго новых момантаў, фарбаў і акцэнтаў. Праца выдавецтва звычайна пачынаецца раней – як правіла, тады, калі яна пачынае ўплываць на творчы працэс. Аднак сёння людзі схільныя называць творчай дзейнасцю амаль усё – таксама і трансляцыю культуры. Такім чынам, мы знаходзімся ў адным чаўне з дызайнерамі кухняў, фларыстамі і стаматолагамі-артапедамі.

Як Вы ўяўляеце сабе сучаснае выдавецтва?

Яно вельмі традыцыйнае, калі гаварыць пра выдавецкую праграму. Пры гэтым традыцыя ўключае суправаджэнне, адлюстраванне і каментаванне сучаснасці. У астатніх выпадках яно цікуе, трымаючыся на невялікай адлегласці ад новых рэвалюцый у сферы медый, якія абвяшчаюцца кожную гадзіну.

Што Вам спатрэбіцца ў Вашай будучай працы?

Тое, што і заўсёды: моцныя рукі, добрае чуццё і ясны розум.