Роля літаратурных агентаў Як тэксты трапляюць у выдавецтвы

Literaturagenten auf der Frankfurter Buchmesse; © Frankfurter Buchmesse
Literaturagenten auf der Frankfurter Buchmesse | Foto (Ausschnitt): © Frankfurter Buchmesse

Амаль што ніводзін аўтар не можа адмовіцца ад паслуг літаратурных агенцтваў. З сярэдзіны 1990-х гг. яны з’яўляюцца пасрэднікамі паміж пісьменнікамі і выдавецтвамі.

Каця Бушман цалкам адпавядае патрабаванням літаратурнага агенцтва: пісьменніца, якая нарадзілася ў 1987 г., шмат гадоў сур’ёзна займаецца напісаннем прозы, у 2014 г. яна павінна скончыць свой дэбютны раман. Адукацыю Каця атрымала ў Інстытуце нямецкай літаратуры ў Лейпцыгу. Спецыяльнасць, якой яна навучалася, мае шматабяцальную назву «Напісанне літаратурных тэкстаў». Цяпер перад ёй паўстаюць пытанні: якое выдавецтва найлепш пасуе для выдання маёй кнігі, як мне зрабіць так, каб мой тэкст быў прачытаны і не апынуўся на сметніку? Каця вырашыла: «Наступны крок – зварот у літаратурнае агенцтва».

Да сярэдзіны 1990-х гг. аўтары выходзілі на выдавецтвы акружнымі шляхамі: праз знаёмых, літаратурныя часопісы альбо майстэрні. Яны жылі надзеяй, што ў патрэбны час тэкст возме ў рукі патрэбны лектар. Пасля з’явіліся літаратурныя агенцтвы. Спачатку іх было няшмат, а сёння іх можна знайсці амаль што ў кожным вялікім горадзе Германіі.

Спачатку трэба вытрымаць пробу на смак

Роля агенцтваў вызначаная дакладна: чытаць рукапісы, сартаваць іх, калі пашанцуе, натрапіць на добры тэкст і заключыць дамову з яго аўтарам. Калі рукапіс будзе ўключаны ў праграму выдавецтва, то грошы будуць падзеленыя наступным чынам: як правіла агенцтва атрымлівае 15 працэнтаў, а рэшта належыць аўтару.

Калі Каця скончыць свой раман, то яна звяжацца з якім-небудзь агенствам, даслаўшы файл з фрагментам твору па электроннай пошце. Неўзабаве пасля гэтага яна, верагодна, атрымае наступны адказ: «Ваш тэкст нам вельмі спадабаўся. Калі ласка, дашліце Ваш раман цалкам». Такім чынам першая перашкода будзе пераадоленая. Агенцтва Гудрун Хебель – адно з тых, у якія можа звярнуцца Каця. Гудрун Хебель – адна з найдасведчаных літаратурных агентаў Германіі, у 1998 г. яна заснавала агенцтва «Хебель унд Біндэрман» (Hebel und Bindermann) у Берліне. Сёння яна прадстаўляе інтарэсы каля 60 нямецкіх і скандынаўскіх аўтараў. Калі рукапіс Каці трапіць на стол да Гудрун Хебель, то спачатку ён павінен вытрымаць пробу на смак: «Я павінна захапіцца тэкстам», – кажа агент.

Потым падзеі могуць развівацца вельмі хутка. Калі Гудрун Хебель будзе знаходзіцца пад уражаннем ад раману і пасля яго прачытання, то пачне працаваць з ім. «Калі раней нашай галоўнай задачай было вырашэнне пытання аб прыёме рукапісу ў выдавецтва і заключэнне з ім дамовы, то сёння мы працуем на нашых аўтараў у складзе каманды з лектара, коўча і менеджара». Літаратурны агент займаецца «шліфаваннем» тэксту і сюжэту твору. Магчыма, ёй спатрэбіцца вырашыць пытанне, звязанае з тым, што аповяд спачатку развіваецца не дынамічна, і падумаць, як развязаць гэту праблему. Затым яна абярэ выдавецтвы, у праграмы якіх можа ўпісацца рукапіс.

Выдавецтвы робяць стаўку на папярэдні адбор літаратуры агентамі

«Літаратурныя агенцтвы аказваюць нам, лектарам, вялікую дапамогу, бо робяць папярэдні агляд шматлікіх рукапісаў, нават больш – у некаторых выпадках яны апрацоўваюць іх разам з аўтарамі», – кажа Фрэдэрыке Ахілес, лектар «Бастай Любэ» (Bastei Lübbe) – аднаго з найбуйнейшых папулярных выдавецтваў Германіі. Яна ведае, наколькі важнымі сталі літаратурныя агенцтвы: «Уласна кажучы, я не магу ўявіць сабе, што выдавецтвы працуюць без літаратурных агенцтваў. Без іх, па-мойму, было б нашмат цяжэй адкрыць перш за ўсё таленавітых аўтараў з замежжа». Таму можна сказаць, што агенцтвы палягчаюць выдавецтвам жыццё – аднак гэта чагосці каштуе.

Але вернемся да Каці. Пасля таго, як яе агенцтва дашле рукапіс якому-небудзь выдавецтву, прыходзіць адказ: «Выдатна, мы хочам надрукаваць гэту кнігу. Прапануем 1.000 еўра». Улічваючы шматгадовую працу, гэта зусім няшмат. Але існуюць агенцтвы, якія вядуць перамовы: яны не толькі вырашаюць пытанні ўладкавання рукапісаў у выдавецтвах, але таксама клапоцяцца аб тым, каб тыя былі прададзены па кошце, не ніжэйшым за іх вартасць. Гэта ўсцешвае аўтараў, а выдавецтвы – не. Вось што кажа Фрэдэрыке Ахілес з «Бастай Любэ»: «Падчас перамоваў часта паўстае пачуццё, што цябе выкарыстоўваюць як таго, хто набівае кошт, хаця ўжо і так зразумела, якому выдавецтву будзе прададзены рукапіс». Усё гэта ўключае ў сябе наша праца, але, на шчасце, гэты момант хутчэй з’яўляецца выключэннем.

Калі такія аўтары, як Каця, маюць намер супрацоўнічаць з якім-небудзь агенцтвам, то Фрэдэрыке Ахілес раіць звяртацца да вядомых фірмаў. «Тады будзеш мець за спіной добрага дасведчанага спецыяліста, які будзе суправаджаць цябе на ўсім шляху да апублікавання твору і які акажа каштоўную падтрымку падчас перамоваў з выдавецтвам. Калі проста разаслаць рукапіс па выдавецтвах, то паспяховым вынік будзе толькі ў вельмі рэдкіх выпадках».