Кніжкі-дадаткі Інтэрактыўнае чытанне на планшэтах

Многім дзецям падабаецца чытаць з айпаду
Многім дзецям падабаецца чытаць з айпаду | Foto (Ausschnitt): © Daktylos Media

Мы засяроджана вядзём свой позірк па чорных ланцужках радкоў, адчуваем паперу кніжных старонак і чуем, як яна шамаціць – менавіта так выглядала і выглядае чытанне з той пары, калі з’явіліся друкаваныя кнігі. Што станецца з усім гэтым?

Калі ў 2010 г. пабачыла свет Alice for the iPad – адна з першых кніжак-дадаткаў для мабільных прыстасаванняў – рэакцыяй многіх людзей быў страх. Аднак выпусціўшы дадатак у выглядзе класічнай дзіцячай кнігі Люіса Кэрала, выдавецтва «Атамік энтэлоўп» (Atomic Antelope) дасягнула вялікага поспеху: калі патрэсці кніжку, пакратаць яе пальцам альбо пацерці, то дадатак пакажа вядомыя ілюстрацыі Джона Тэніэлса. Крыс Стывенс, дырэктар гэтага маладога брытанскага выдавецтва, назваў сваіх крытыкаў людзьмі ўчарашняга дня: у галіне выдання класічных кніг ніхто не разумее, што надышлі новыя часы, таму варта выкарыстоўваць прынесеныя імі нечуваныя тэхнічныя магчымасці замест таго, каб іх клясці. Вось жа з дапамогай медыйнага фармату дадатку можна выклікаць цікавасць да літаратуры ў дзіцяці, якое ў іншым выпадку, магчыма, не ўзяло б у рукі друкаваную кнігу.

Спакуслівыя рабаўнікі часу

Пасля таго, як на рынку з’явіўся першы айпад, стала ясна, што дзякуючы лічбавым тэхналогіям новая канцэпцыя кнігі не абмяжуецца толькі яе электроннай версіяй. У адрозненне ад электроннай кнігі, у выпадку якой мы маем справу з пэўным фарматам файлаў для электронных кніг, чытабельнасць якога сёння часцей за ўсё залежыць ад прыстасавання для чытання, кніжка-дадатак ствараецца для вызначанай аперацыйнай сістэмы. На партале дадаткаў яе можна спампаваць на мабільныя прыстасаванні, на якіх усталяваная пэўная аперацыйная сістэма. Сёння ў нямецкіх сем’ях існуе ў дзесяць разоў больш планшэтаў, чым прыстававанняў для чытання электронных кніг, людзі ўсё больш чытаюць на мабільных камп’ютарах. Натуральна, што дзеці растуць, карыстаючыся гэтымі прыстасаваннямі. Гэтыя простыя ў карыстанні прыстасаванні, што дораць шмат станоўчых эмоцый, ператварыліся ў спакуслівых рабаўнікоў часу. Справядліва лічыцца, што яны ўяўляюць сабой пагрозу для чытання кніг. Разам з тым яны даюць шмат магчымасцяў для азнаямлення са зместам у прывабнай, гульнявой форме: напрыклад, у форме кніжак-дадаткаў.

У вялікіх інтэрнэт-крамах шмат дадаткаў маюць у сваёй назве слова Buch альбо book (кніга). Паняцце «кніжка-дадатак» – не адназначнае. Калі «кніжкай» лічыць медыйны фармат, галоўная задача якога – расповяд гісторый, што ажыццяўляецца з дапамогай прафесійнага эстэтычнага афармлення, то ў катэгорыі «кнігі» ў краме дадаткаў застанецца няшмат найменняў. Вялікая колькасць прадуктаў для дзяцей – гэта гульні. Акрамя таго, узровень іх графічнага афармлення застаеца на парадак ніжэйшым за ўзровень афармлення друкаваных кніг. Падобныя прадукты можна атрымаць бясплатна – у адрозненне ад добрых, шыкоўна аформленых кніжак-дадаткаў. Прадукцыя, якая заслугоўвае гэтай назвы, мае якасны дызайн і гісторыю, знаёмства з якой адбываецца ў шматлікіх вымярэннях: шляхам фізічнай інтэракцыі, а таксама з дапамогай такіх функцый, як закадравы пераклад, гукавыя эфекты, музыка, анімаваныя ілюстрацыі і гульні. У камандзе супольна працуюць дырэктары праграм, аўтары, рэдактары, перакладчыкі, ілюстратары, кампазітары, музыканты, дыктары, спецыялісты ў галіне графічнага і гукавога дызайну, дызайну інтэрфейсаў і досведу карыстання, а таксама распарацоўшчыкі гульняў і праграмісты.

Магчымасць зазірнуць у кніжку-дадатак Alice for the iPad

Высокія кошты, вялікая рызыка

Праца не сканчаецца і пасля выхаду кніжкі-дадатку. Удасканаленне дадатку адбываецца ў шчыльным супрацоўніцтве з карыстальнікамі, часта дадаюцца новыя функцыі. Праекты стварэння кніжак-дадаткаў выходзяць за межы класічнай выдавецкай працы. Яны вымагаюць шмат высілкаў і грошай. Часцей за ўсё іх ажыццяўляюць не класічныя выдавецтвы, а фірмы з галіны камунікацый і забаў, якія выконваюць заказы і маюць у сваім распараджэнні вялікія бюджэты на мэты маркетынгу. Існуе вялікая рызыка таго, што пасля выхаду кніжкі-дадатку выдаткі на яго вытворчасць, якія ўяўляюць сабой пяцізначныя лічбы, не акупяцца.

Праца першапраходнікаў у галіне кніжак-дадаткаў у Германіі

Нямецкае выдавецтва «Ёцінгер ферлаг» (Oetinger Verlag) належыць да ліку тых, хто наважыўся наладзіць вытворчасць уласных кніжак-дадаткаў. «Ёцінгер ферлаг» стварыла фармат кніжак пра ціграў – фармат дадаткаў – паступова ператвараючы такія свае найпаспяховейшыя прадукты, як Der Regenbogenfisch («Рыба вясёлкавых колераў») альбо Der kleine Eisbär («Маленькі белы мядзьведзік») у інтэрактыўныя кнігі, што дораць шмат дадатных эмоцый. Іх можна спампаваць на створаным спецыяльна для гэтай мэты партале кніжак-дадаткаў «Цігербукс». Выпусціўшы ў 2014 г. на рынак праграмнае забеспячэнне пад назвай TigerCreate-Software ў супрацоўніцтве з фірмай «Цігербукс Медыя ГмбХ» (Tigerbooks Media GmbH), «Ёцінгер ферлаг» тым самым прапанаваў інструмент, які дазваляе экспартаваць кніжкі-дадаткі ва ўсе існуючыя аперацыйныя сістэмы для мабільных прыстасаванняў.

Кніжка-дадатак – гэта адносна новы від прадукцыі для класічнай выдавецкай галіны, які неабходна пратэставаць і выпрабаваць. Патрабуюцца крэатыўныя і арыгінальныя канцэпцыі, каб кніжка ў выглядзе дадатку заахвочвала да чытання і азнаямлення з гісторыяй. Выглядае, што кніжкі-дадаткі не заменяць чытачам класічных кніжак, а хутчэй стануць дапаўненнем да іх. Попыт на такі высокаякасны кантэнт, як кніжкі-дадаткі, у далейшым, хутчэй за ўсё, будзе павялічвацца.

Dieser Beitrag wurde im März 2016 leicht aktualisiert.
Die Redaktion