Ханна Дзюбген Сучасная аўтарка з глабальным поглядам

Ханна Дзюбген
Ханна Дзюбген | Foto (Ausschnitt): © Susanne Schleyer/autorenarchiv.de

Яна цікавіцца пытаннямі грамадскага жыцця, жыццём у свеце, які складаецца з сетак, а яшчэ актуальнымі палітычнымі тэмамі. Для прозы Ханны Дзюбген характэрныя пільнае назіранне ды дакладная і рытмічная мова. Гэта шматгранная пісьменніца дасягнула поспеху і як аўтарка лібрэта і тэатральных пастановак.

«Я гляджу на літаратуру як на працэс, якому ўласцівы дакладны погляд, як на набліжэнне да рэчаіснасці праз мову», – кажа Ханна Дзюбген. Для сваіх назіранняў яна знаходзіць ясную і дакладную мову, у якой часта праблісківае англійскі гумар. Народжаная ў 1977 г. у Дзюсельдорфе аўтарка правяла пяць гадоў у Оксфардзе: вывучала там літаратуру і філасофію, затым на працягу аднаго года жыла ў Парыжы і інтэнсіўна працавала ў галіне тэатра. Гледзячы з адлегласці – таксама і на нямецкую мову – яна падбірае словы свядома і прадумана.

Яе фармулёўкі вызначаюцца насычаным гучаннем, музыкальнасцю, структураванасцю і рытмам. Аснову гэтаму паклала музычная адукацыя, якую яна атрымала ў Берліне. Пасля некалькіх гадоў навучання ў сталіцу яе прыцягнула перш за ўсё яе жаданне як пісьменніцы быць у жывым абмене са сваім інструментам – мовай. На думку Дзюбген, яе выбарам мог быць толькі Берлін, бо для яе ён з’яўляецца самым незвычайным  горадам у Германіі – міжнародным і адкрытым свету. Яе прыцягвае глабальнае. Яна гаворыць хутка, аднак яе фармулёўкі заўсёды адназначныя. Усе яе выказванні трапныя, адразу заўважна, што гаворыць жанчына, якая любіць думаць, якая разважала шмат аб чым.

Інтэрв’ю Ханны Дзюбген Lettra.tv

Грамадскія аспекты

Ханна Дзюбген з’яўляецца цалкам сучаснай аўтаркай, якая цікавіцца аспектамі грамадскага жыцця і яго сучасным стылем у свеце, які складаецца з сетак – а таксама вострымі палітычнымі тэмамі: зону канфлікту паміж палестынцамі і ізраільцянамі яна змяшчае ў цэнтр свайго дэбютнага раману, які выйшаў у 2013 г. пад назвай «Плынь» (Strom). «Прынцып, якім я кіруюся падчас працы, наступны: я хачу разгледзець дадзеную краіну, дадзены міжчалавечы і сацыяльны канфлікт, я хачу назіраць за ім, зразумець яго, адчуць ягоны пах і смак». Тут яна разглядае пытанне, якое не дае ёй спакою: «Ці людзі з іншага боку таксама баяцца? Ці [палестынцы] менш здатныя да саступак, чым ізраільцяне?» Ханна Дзюбген, якая цалкам выпадкова носіць габрэйскае імя, мела магчымасць пазнаёміцца з жыццём у падзеленай мясцовасці падчас свайго знаходжання ў Ізраілі. У рэзідэнцыі для дзеячоў мастацтва ў Херцліі пад Тэль-Авівам яна напісала першы створаны ў Ізраілі раздзел «Плыні».
 
У сваёй дэбютнай кнізе Ханна Дзюбген зводзіць разам лёсы чатырох галоўных герояў. Яны паходзяць з розных культур і часавых паясоў, падаецца, што яны знаходзяцца на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, і ўсё-ткі ў іх шмат агульнага. Раман пачынаецца з наступнага сказу: «Больш не існуе блізкага і далёкага, а толькі блізкае і чужое». Далёкае неабавязкова чужое, агульнымі ведамі можна дзяліцца з дапамогай інтэрнэту, а вось досвед трэба набываць самастойна. Як і ў струнным квартэце, кожны герой рамана атрымлівае ўласны голас. Ханна Дзюбген вельмі хацела пераняць гэтую музыкальную форму. Навучаная музыцы аўтарка лёгка і віртуозна вырашае задачу стварэння, утрымання і звядзення разам чатырох нітак расповяду – і ўрэшце ператварае іх у твор, напоўнены гучаннем.

Аўтарка лібрэта, якая карыстаецца вялікім попытам

Музыкальны тэатр – гэта яшчэ адзін мастацкі свет, у якім Ханна Дзюбген адчувае сябе як дома. Яна ўжо стварыла зборнікі тэкстаў для трох вялікіх операў і з’яўляецца папулярнай аўтаркай лібрэта. Акрамя таго, узяўшы матэрыял з японскага тэатра Но, яна натхніла такіх вядомых дзеячоў культуры, як японскі кампазітар Тошыа Хасакава і нямецкі харэограф Саша Вальц на стварэнне танцавальнай оперы. Такія кампазітары як Морыц Эгерт і Ёрн Арнеке ператвараюць яе тэксты ў гукі. Ханна Дзюбген разглядае такую рэзанансную тэму, як змена клімату – прыдумляе, што магло б адбывацца ў 23-м ст. – гэты матэрыял прызначаны для оперы Арнеке «Крыас» (Kryos). За прыдуманую ёй спектральную мову яна атрымала шмат пахвалаў ад крытыкаў.
 
Яшчэ ў часы сваёй вучобы ў ВНУ Ханна Дзюбген пачала супрацоўнічаць з рознымі тэатрамі ў якасці незалежнай загадчыцы літаратурнай часткай, а сёння яшчэ і ў якасці драматурга: яе першая пастаноўка пад назвай «Святло насупраць» (Gegenlicht) адразу ж трапіла ў святло рампаў. У 2008 г. яе вылучылі кандыдыткай на атрыманне прэміі для сцэнарыстаў Клагенфурцкага тэатра. Праз пяць гадоў, у 2013, Аўстрыя зноўку мела для аўтаркі важнае значэнне – на конкурс, у межах якога ўручалася прэмія Інгеборг Бахман, яна прадставіла свой тэкст «Цёмныя павекі» (Schattenlider). Нягледзячы на тое, што тэатральнай дзяячцы не ўдалося пераканаць журы – усё-ж падчас свайго выступу яна пазнаёміла публіку з хадой развіцця гісторыі пра дзіця, якое нарадзілася з пустымі вачніцамі.
 
У 2013 г. шырокія колы публікі яшчэ два разы даведаліся пра Ханну Дзюбген: яна была намінаваная на атрыманне прэміі імя Клаўса Міхаэля Кюнэ, прызначанай для аўтараў дэбютных раманаў. За сваю «Плынь» яна атрымала ўвосень прэмію ў галіне літаратуры ад роднага Дзюсельдорфу. Падчас яе ўручэння гучалі наступныя словы: «Ханна Дзюбген распавядае кранаюча, з неверагоднай сілай […] пра плынь, якая ёсць нашым часам».