Кабінет паэзіі ў Мюнхене Форум паэтычнага мастацтва

Die Lyrik-Bibliothek von außen; © Lyrik-Kabinett
Die Lyrik-Bibliothek von außen | Foto (Ausschnitt): © Lyrik-Kabinett

Легендарны аўстрыйскі паэт Х. Ц. Артман дваццаць пяць гадоў таму належаў да лідэраў, сёння, у 2014 г., паэты набліжаюцца да паказніка ў 1.000 чытанняў. Нечуваны лік, які працуе на паэзію. Гаворка ідзе аб Кабінеце паэзіі ў Мюнхене – установе, якая можа пахваліцца і іншымі выбітнымі дасягненнямі. Бібліятэка мае найвялікшы збор кніг паэзіі ў Германіі і другі па колькасці ў Еўропе.

Гэтыя дасягненні сталі магчымымі дзякуючы шматгадовай актыўнай дзейнасці заснавальніцы кабінета, якая не пасавала перад цяжкасцямі – сёння яна можа аглядаць вынікі сваёй справы жыцця. Днямі нястомная Урсула Хойсген вітала ў асобе Хольгера Пілса новага адміністратыўнага дырэктара кабінета лірыкі. Германіст, які мае ступень доктара навук, пакінуў поўнач – Дом Буденбрукаў у Любеку, каб пераняць у Мюнхене ўстанову з шырокім спектрам дзейнасці. Тут адбываюцца прэзентацыі як нямецкіх, так і замежных твораў, надаецца ўвага як сучаснай паэзіі, так і традыцыям. Абодва аспекты Пілс хацеў бы паяднаць з новым шэрагам івэнтаў – на якіх маладыя паэты прадстаўлялі б старэйшых калегаў, што маюць для іх важнае значэнне.

Паэтычны квартэт і вуснае слова

Будзе захаваны фармат, які адразу выклікае асацыяцыі ў аматараў літаратуры: паэтычны квартэт. Прэзідэнт Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі Генрых Дэтэрынг, выкладчык літаратуразнаўства Харальд Хартунг – абодва таксама паэты – а таксама вядомы госць – кожны раз новы – будуць раз на тры месяцы разглядаць літаратурныя навінкі альбо выпрабоўваць вядомыя творы на трываласць, мадэраваць размову будзе дасведчаная Крысціна Майдт-Цынке («Зюддойчэ цайтунг»).
 
Пілс мае намер аднавіць «Прамовы, прысвечаныя паэзіі». Увосень 2014 г. гэту цудоўную традыцыю працягне такая велічыня як Міхаэль Кругер. Былы дырэктар выдавецтва «Ханзер» быў ініцыятарам стварэння выдавецкай серыі «Кабінет лірыкі», якая пачала выходзіць у выдавецтве «Ханзер» у 2006 г.
 
Той, хто чакае адчуць подых сухаватага акадэмічнага настрою ў выніку надання такой вялікай увагі традыцыям, можа не турбавацца. Калі пачнуць круціцца дыскі прайгравальнікаў, а мова набудзе музыкальныя якасці – гэта значыць пачаўся выступ майстроў вуснага слова з Poetry in Motion.Таксама і таленавітыя дэбютанты штомесяц атрымліваюць  шанец выступіць тут перад публікай, якую ні ў якім разе нельга назваць маладой, і наадварот, на чытаннях можна часта заўважыць маладых людзей.

Сустрэча з вершам

Атмасфера, у якой усё адбываецца, канечне ж, робіць свой унёсак: бо наведвальнікі ў кабінеце паэзіі з усіх бакоў аточаныя кнігамі з ёй. Паліцы сягаюць да столі, штогод дадаецца каля 2.000 кніг – сярод якіх вылучаюцца выбраныя і рэдкія творы кніжнага мастацтва, кнігі мастакоў, малюнкі і карыкатуры.

З мэтай рэалізацыі іншых праектаў былі заключаныя пагадненні з партнёрамі. У супрацоўніцтве з Акадэміяй медый у Мюнхене ідзе падрыхтоўка да правядзення фестывалю экранізаваных паэтычных твораў. Аднак больш за ўсё Хойсген і Пілсу падабаецца праца ў школах. Каб перамагчы шырока распаўсюджаную адсутнасць інтарэсу да паэзіі, неабходна, на іх думку, як мага раней спрыяць сустрэчы з вершам. Таму ў межах праекту «Інтарэс да паэзіі» маладыя аўтары наведваюць школы. Тады вучні 9-х класаў перакладаюць «Начную песню вандроўніка» на турэцкую і арабскую мовы. А потым яны наважваюцца пісаць вершы і па-нямецку.

І калі справы пойдуць добра, то пазней яны будуць належаць да карыстальнікаў агульнадаступнага збору, колькасць якіх складае 1.300 асобаў на год. Калі на тле гэтага запытаць Хольгера Пілса пра будучыню, то адказ будзе цалкам аптымістычным: «Цяжка падзяліцца досведам чытання лірыкі, які робіць шчаслівым, але той, хто набыў яго, ужо ніколі не захоча развітацца з ім».