Вольфганг Херндорф Інтэрнэт як стыль жыцця

Вольфганг Херндорф дажыў да 48 гадоў
Вольфганг Херндорф дажыў да 48 гадоў | Foto (Ausschnitt): © Steffi Roßdeutscher

Літаратурная дзейнасць не павінна весці да адзіноты, а тэксты неабавязкова мусяць існаваць у форме кніжак, каб быць літаратурай высокага ўзроўню. Гэта запавет пісьменніка Вольфганга Херндорфа, які, будучы цяжка хворым, звёў рахункі з жыццём у 2013 г.

Пішучы «Чык», Херндорф пераносіўся ў часы сваёй маладосці Пішучы «Чык», Херндорф пераносіўся ў часы сваёй маладосці | © Rowohlt Калі паспрабаваць узгадаць сучасных нямецкамоўных аўтараў, кніжкі якіх прадаюцца мільённымі накладамі і якія вядуць блогі, то атрымаецца няшмат. Уласна кажучы не ўзгадаеш ніводнага. Даніэль Кельман? Ён не піша ў блог. Франк Шэтцынг? Таксама не, як і Шарлота Рохэ. Выключэннем быў берлінскі пісьменнік Вольфганг Херндорф, 1965 г. нар., які звёў рахункі з жыццём у жніўні 2013 г. Херндорф рана пачаў праяўляць актыўнасць у інтэрнэце, для яго гэта быў не эксперымент, а стыль жыцця: ён набываў досвед, пішучы ў інтэрнэце і гледзячы на іншых – тых, хто разам з ім пісаў у сеціве. Херндорф не любіў сучаснае мастацтва, маліўся на Томаса Мана, шанаваў нямецкі рамантызм і свой ноўтбук фірмы Apple. Ён таксама пакінуў пасля сябе кніжку, якая ў будучыні зойме сваё месца побач з «Вітаю цябе, сум» Франсуазы Саган і «Лаўцом у жыце» Сэлінджэра – кнігу, якую будуць чытаць пакаленні, каб зразумець, якім чынам можна было зрабіцца дарослым: «Чык» (Tschick).

У якасці суцяшэння застаюцца кніжкі

Любоўны раман паміж Вольфгангам Херндорфам і чытачамі, якія пазнаёміліся з ім дзякуючы «Чыку», быў кароткім і бурным, а смутак з нагоды смерці Херндорфа – агромністым. На шчасце ды ў якасці суцяшэння застаюцца кніжкі – на сёння прададзена больш за мільён экзэмпляраў «Чыка». Херндорф, які па адукацыі быў мастаком-ілюстратарам, дасягнуў поспеху, калі для яго ўжо было амаль запозна: калі ўвосень 2010 г. у свет выйшаў «Чык», ён ужо некалькі месяцаў быў невылечна хворы – меў пухліну галаўнога мозгу. Пра тое, што ён хоча пазмагацца з гадзіннікам, які ўжо пачаў адлік, і адваяваць у яго даволі часу, каб напісаць як мага больш кніжак, Херндорф паведамляў ужывую: у блогу, у які ён пачаў пісаць для сваіх сяброў, і які пасля зрабіў агульнадаступным. Ён назваў яго «Праца і структура». Гэта было для яго неабходным, каб застацца на плаву.
 
 «Працу і структуру» чыталі перш за ўсё як дзённік паміраючага чалавека. Гэта блізка да ісціны, бо ў сваім блогу Херндорф адлюстроўваў сваю барацьбу з пухлінай – хіміятэрапію, аперацыі, лекараў, свае невялічкія перамогі і буйныя падзенні, рэчы, якія яго раздражнялі і з-за якіх ён губляў час, якога ў яго больш не было: пустыя кніжкі, дрэнныя фільмы, нетрадыцыйных лекараў. Херндорф таксама напісаў пра «стратэгію сыходу» – ён не хацеў, каб апошняе слова сказаў рак: «Мне патрэбная зброя», – напіша ён у сакавіку 2010 г. Праз тры з паловай гады ён стрэліць у сябе ля берлінскага Гогенцолернканалу.
 
Яшчэ праз тры месяцы яго блог «Праца і структура» выйшаў у форме кнігі, што не дае не заўважыць у кожным запісу набліжэнне фіналу, які ўжо стаўся фактам. Аднак той, хто так чытае, не заўважае таго, якім ідэалістычным дакументам з’яўляецца «Праца і структура». Гэта выступ супраць бесклапотнага абыходжання з мастацтвам, перш за ўсё з мовай, заклік заўсёды чытаць як пра ўласнае жыццё.
Трэйлер кнігі  – Вольфганг Херндорф чытае «Чык»

Няма часу на сентыментальнасць і помпу

У прынцыпе у запісах, якія рабіліся на працягу амаль чатырох гадоў са студзеня 2010 да жніўня 2013 г., бачны ўвесь Херндорф – той, які вядомы па сваіх кніжках: дэбютнаму раману «У плюшавых навальніцах» (In Plüschgewittern), які выйшаў у 2002 г., - аб падарожжы па Германіі аднаго маладога чалавека ў пошуках прыстанку. Расказах «З гэтага боку Ван-Ален-Гуртэль» (Diesseits des Van-Allen-Gürtels), выйшаўшых у 2007 г. – за адзін з іх у 2004 г. у Клагенфурце ён атрымаў прэмію імя Інгеборг Бахман. «Чыку» і шпіёнскаму раману-загадцы «Пясок» (Sand), які быў уганараваны Прэміяй Лейпцыгскага кніжнага кірмаша ў 2012 г. У іх раскрываецца аўтар, у якога ўжо не было часу на сентыментальнасць і помпу, калі ён яшчэ меў дастаткова часу.
 
 «Праект “Рэгрэсія”: як бы я хацеў жыць?» – так Херндорф назваў свой раман «Чык» у блогу – гэта гісторыя Майка і Чыка, якія хацелі ўцячы ў Валахію на скрадзенай «Ладзе». Яны ад’ехалі недалёка, але атрымалі навуку на ўсё жыццё. Падобна да Херндорфа, які пішучы, вяртаўся ў сваю маладосць, хаця туды не вядзе ніводзін шлях, яго шматлікія чытачы яшчэ раз маглі прайсці па гэтым шляху, чытаючы кніжку. Такі расповяд пра ўласны досвед даволі рэдка трапляецца ў літаратуры, як і шчыльная сувязь паміж аўтарам і чытачамі.

Кніга сяброўства

«Чык» – гэта кніга сяброўства, яна б не з’явілася, каб не было сяброў, якіх Херндорф сам знайшоў у інтэрнэце – яны падтрымлівалі яго да апошняга імгнення, стала суправаджалі яго працу: усе разам яны прыдумалі назву для яго кніжкі – «Чык», а калі Херндорфу стала ўсё цяжэй пісаць свой блог, сябры дапамагалі яму і ў гэтым. Херндорф належыў да грамады, якая знайшла сябе ў 2001 г. на вэб-старонцы Wir höflichen Paparazzi («Мы – ветлівыя папарацы»): не ўсе былі мастакамі, але шмат хто з іх сталі імі дзякуючы форуму, на які пісалі – пра тое, што яны чыталі, бачылі, любілі, ненавідзелі і лічылі смешным.
 
Самотнік Вольфганг Херндорф заўсёды падкрэсліваў у сваім блогу, наколькі важнай была для яго сацыяльная прастора, якая адчынілася перад ім у інтэрнэце. Што літаратурная творчасць не абавязкова вядзе да адзіноты, як і чытанне, што інтэрнэт не вядзе да ізаляцыі, што ён можа адкрыць шырокі свет, што тэкст неабавязкова павінен існаваць у форме кніжкі, каб уяўляць сабой сур’ёзную літаратуру – гэта запавет Вольфганга Херндорфа.