Europeana.eu Культурныя скарбы Еўропы пад адным дахам

Латышскія сялянкі падчас працы, 1920 г.
Латышскія сялянкі падчас працы, 1920 г. | Foto (Ausschnitt): © pro.europeana.eu

Культура і веды без межаў: партал Europeana.eu забяспечвае вольны доступ да алічбованых аб’ектаў з еўрапейскіх бібліятэк, архіваў і музеяў. Сёння свой унёсак у электронную памяць Еўропы робяць таксама і карыстальнікі. У чэрвені 2014 г. стартуе версія Europeana 3.0.

Біблія Лютэра альбо санэт Шэкспіра, тэлескоп Галілея альбо рукапісы Дарвіна – адчыніць усё самае важнае, што было створана еўрапейскай гісторыяй культуры і духу, можна адным клікам мышы. «У рэчаіснасці рукапісы Моцарта раскіданыя па Брытанскай бібліятэцы, Французскай нацыянальнай бібліятэцы, а таксама па аўстрыйскіх і нямецкіх бібліятэках. У “Еўрапеане” ўсе яны знаходзяцца на адной дзялцы», – з уздымам кажа прэсавы сакратар партала Джонатан Пурдэй.

Пытанне масы

Прататып праекта, які налічваў чатыры мільёны алічбованых аб’ектаў, быў запушчаны ў 2008 г. пад дэвізам «Культура. Мысленне» (Kultur. Denken). Сёння ў «Еўрапеане» можна знайсці 30 мільёнаў аб’ектаў з 2300 устаноў 36 краін. Культурныя скарбы Еўропы збіраюцца разам.

«Першы этап пасля афіцыйнага выхаду ў анлайн быў накіраваны на тое, каб знайсці новых партнёраў, – кажа д-р Брыта Вольдэрынг, якая з самага пачатку сачыла за развіццём партала Europeana.eu па даручэнні Германскай нацыянальнай бібліятэкі. – Падобны сэрвіс існуе дзякуючы таму, што прапануе масу матэрыялу».

Спачатку партал забяспечвалі матэрыяламі такія буйныя ўстановы, як Французская нацыянальная бібліятэка з яе прапановай алічбованых аб’ектаў Gallica. «Аднак магчымасці кіравання праектам і каардынавання супрацоўніцтва з партнёрамі хутка дасягнулі сваіх межаў», – кажа Вольдэрынг. Замест гэтага асноўная ўвага была нададзеная супрацоўніцтву з так званымі агрэгатарамі. У якасці прыкладу можна назваць Еўрапейскую бібліятэку (The Eupopean Library) – анлайнавы сервіс усіх еўрапейскіх нацыянальных бібліятэк. «Дадзеныя агрэгатары маюць шмат партнёраў, збіраюць мэтададзеныя аб аб’ектах і перадаюць іх пакет “Еўрапеане”», – тлумачыць Вольдэрынг. Асацыяцыі еўрапейскіх архіваў кінафотаматэрыялаў таксама прадастаўляюць сёння мэтададзеныя сваіх алічбованых аб’ектаў.

Калектыўная гісторыяграфія

Больш за 4,5 мільёнаў аб’ектаў, прадастаўленых Германіяй, з’яўляюцца найвялікшай часткай «Еўрапеаны» – яна складае 15 працэнтаў яе агульных фондаў (стан: лістапад 2013 г.). Другое месца займае Францыя (10 працэнтаў). Знайсці алічбованыя адзінкі можна не толькі праз сам партал: яны павінны быць як мага больш даступнымі. Тым часам іншыя ўстановы і сервісы могуць прадастаўляць доступ да кантэнту «Еўрапеаны» праз свае вэб-старонкі, выкарыстоўваючы створаныя для гэтай мэты інтэрфейсы (API). Пашырэнне дадзеных – адна з галоўных мэтаў партала, прапісаная ў «Стратэгічным плане на 2011–2015 гг.».

Плануецца паклікаць да ўдзелу таксама і карыстальнікаў. «У мінулыя гады “Еўрапеана” актыўна заахвочвала прыватных асоб дзяліцца ўласнымі дадзенымі», – распавядае Вольдэрынг. Напрыклад, у межах праекту Europeana 1914 – 1918 еўрапейцаў заклікаюць сабраць разам артэфакты часоў Першай сусветнай вайны, якія з’яўляюцца ўласнасцю прыватных асоб, алічбаваць іх і выкласці ў вольны доступ. Гэта могуць быць лісты палявой пошты, вайсковыя дзённікі альбо прадметы ўніформы. Такім чынам паўстае новы від калектыўнай гісторыяграфіі. «Культурныя скарбы Еўропы – гэта не толькі тыя аб’екты, якія пыляцца ў музеях, архівах і бібліятэках», – падкрыслівае Вольдэрынг.

Чорная дзюрка XX стаггоддзя

Рэалізуючы шэраг праектаў, Europeana.eu інтэнсіўна працуе над пашырэннем існага ў наяўнасці кантэнту з розных галінаў культуры і навукі: напрыклад, праграма «Атэна» (Athena) збірае музейны кантэнт і падтрымлівае стандарты алічбоўкі музейных фондаў і мэтададзеныя, яна пабудавана на аснове праекта Еўрапейскай Камісіі пад назвай «Мінерва» (Minerva). У межах праекта «Еўрафота» (Euro-Photo) павінна адбыцца алічбоўка гістарычных фатаграфій з архіваў дзесяці вядучых еўрапейскіх агенцтваў навін. EUscreen павінен сабраць разам запісы тэлепраграм з 18 еўрапейскіх архіваў аўдыё- і відэаматэрыялаў. Статыстыка партала Europeana.eu сведчыць аб тым, што яго кантэнт выклікае вялікі інтарэс. У 2012 г. паказнік прагляду старонак (да верасня) складаў больш за 3,5 мільёны (крыніца: pro.europeana.eu).

Як і раней праблемы стварае існуючае аўтарскае права. Шмат у якіх выпадках яно не дазваляе алічбоўваць творы, створаныя ў недалёкім мінулым, і размяшчаць спасылкі на іх у «Еўрапеане». У гэтай сувязі Вольдэрынг гаворыць аб т. зв. «чорнай дзюрцы XX стагоддзя». Тым не менш дзякуючы «Еўрапеане» існуе не абмежаваны законамі доступ да мэтададзеных (да іх належаць і дадзеныя з каталогаў). «Гэта – вялікая заслуга праекта», – кажа Вольдэрынг.

Запуск Europeana 3.0

Фаза праекта Europeana 2.0 працягвалася да лютага 2014 г. У чэрвені 2014 г. да яе далучыцца ступень Europeana 3.0. Яна будзе доўжыцца цягам аднаго году. Каардынатар праекта «Еўрапеана» з Нідэрландаў Ніколь Эменегер спадзяецца на «апошні мост да ўстойлівага фінансавання». Да ўзгаданага тэрміну партал будзе фінансавацца са сродкаў Еўрапейскага Саюзу і шляхам прадастаўлення датацый ад нацыянальных міністэрстваў культуры. З 2015 г. фінансаванне павінна ажыццяўляцца праз праграму Connecting Europe Facility (CEF). Аднак гэта яшчэ пад пытальнікам.

Галоўныя сумневы, наадварот, даўно пераадоленыя. «”Ці прапануе «Еўрапеана» штосьці, чаго не мае Гугл?” – Гэта пытанне часта гучала на пачатковым этапе», – распавядае Брыта Вольдэрынг. Адказаць на яго вельмі проста. Па-першае, лепшую якасць дадзеных, бо ў выпадку «Еўрапеаны» еўрапейскія ўстановы ўпершыню дамовіліся аб сумеснай мадэлі дадзеных. Па-другое, усе значныя еўрапейскія культурныя скарбы, сабраныя тут пад адным дахам.