Нямецкая лічбавая бібліятэка Час для ведаў

Screenshot der Deutschen Digitalen Bibliothek
Screenshot der Deutschen Digitalen Bibliothek | Foto (Ausschnitt): © Deutsche Digitale Bibliothek

Праект стагоддзя можна ўбачыць: пасля паўтарагадовай пілотнай фазы ў 2014 г. у анлайн выходзіць першая ступень Нямецкай лічбавай бібліятэкі. Нацыянальны партал, прысвечаны навуцы і культуры, пераадолеў тэхнічныя праблемы і ўжо назбіраў паважную колькасць аб’ектаў.

Дэмакратызацыя ведаў і доступ да культуры для кожнага – менавіта такая візія стаіць за Нямецкай лічбавай бібліятэкай (НЛБ; Deutsche Digitale Bibliothek – DDB). Мэтай праекту з’яўляецца прадастаўленне бясплатнага доступу да алічбованых фондаў больш чым 30.000 нацыянальных устаноў навукі і культуры. На партале можна знайсці кніжкі, мастацкія творы, помнікі, выставы, ноты, музыку, а таксама фатаграфіі і фільмы. Нямецкая лічбавая бібліятэка імкнецца забяспечыць вольны доступ да культурнай памяці нацыі. «Мы аднак не хацелі б, каб партал быў прысвечаны толькі ўспамінам, – падкрэслівае Франк Фрышмут – адміністратыўны дырэктар НЛБ. – Партал павінен ператварыцца ў жывую платформу, удзельнічаць у працы якой змаглі б і яе карыстальнікі».

Хутка будзе 10 мільёнаў аб’ектаў?

Старт праекту стварэння НЛБ быў дадзены ў 2011 г. Гэта было зроблена па ініцыятыве цэнтру і федэральных зямель, пасля таго як была завершана шматгадовая падрыхтоўчая праца. 28 лістапада 2012 г. у рэжыме анлайн з’явілася так званая бэта-версія, аб’ём якой складаў 4,7 мільёнаў адзінак. «Сёння існуе магчымасць ажыццяўляць пошук у межах 7,7 мільёнаў адзінак, якія знаходзяцца ў базе дадзеных», – кажа Франк Фрышмут. Разам з тым адміністратыўны дырэктар бычыць патрэбу ў далейшай разбудове бібліятэкі. «Галоўны накірунак працы сёлета – яшчэ раз значна павялічыць аб’ём дадзеных». Неабходна, каб як мага хутчэй карыстальнікі атрымалі доступ да некалькіх дзясяткаў мільёнаў алічбованых аб’ектаў. Сёння яны могуць пакідаць на старонцы каментары, якія тычыцца асобных адзінак.

Грамадства прыязна сустрэла з’яўленне НЛБ. «Штодня яе наведвае каля 1.800 карыстальнікаў», – кажа Фрышмут. Калі параўнаць з часамі пачатковай фазы, калі колькасць наведвальнікаў складала 1.000 за дзень, то гэта значнае павышэнне. Найбольшую частку адзінак сёння забяспечваюць архівы (каля 2,96 мільёнаў; стан: студзень 2014 г.), а таксама бібліятэкі (каля 2,17 мільёнаў). Акрамя таго, добра прадстаўлены і медыятэкі, колькасць алічбованых адзінак у якіх складае 1,2 мільёна. Калі ў сакавіку 2014 г. грамадскасці будзе прадастаўлены доступ да першай ступені НЛБ, вобраз гэтай нацыянальнай бібліятэкі ў сеціве будзе ўжо добра пазнавальны.

Стандартызацыя дадзеных адкрывае новыя магчымасці

Нягледзячы на поспех, дасягнуты на пройдзеных этапах, Фрышмут называе праект «вялікім выклікам». З-за вялікай колькасці пастаўшчыкоў дадзеных няпроста ажыццяўляць каардынацыйную працу. НЛБ абслугоўвае рада экспертаў, якая складаецца з прадстаўнікоў 13 нямецкіх устаноў навукі і культуры. Сярод іх Фонд культурнай спадчыны Прусіі (у складзе фонду знаходзіцца прадстаўніцтва НЛБ), Нямецкая лічбавая бібліятэка, Берлінская і Баварская дзяржаўныя бібліятэкі, Нямецкі інстытут кіно і Камітэт па справах аховы помнікаў федэральнай зямлі Брандэнбург.

Падчас пілотнай фазы неабходна было вырашаць і тэхнічныя праблемы. «У 2012 г. мы вырашылі перайсці на фармат, які прыняты на партале Europeana.eu, нямецкай партнёрскай арганізацыяй якога мы з’яўляемся. Дадзены фармат мае лепшую сумяшчальнасць з канцавымі прыстасаваннямі», – кажа Фрышмут. На думку адміністратыўнага дырэктара, працэс стандартызацыі, які адбываецца ў межах НЛБ, стварае сінергетычныя эфекты і прыносіць карысць усім ўстановам-пастаўшчыкам дадзеных. «Упершыню можна ажыццяўляць пошукі кантэнта і аб’ектаў з розных базаў дадзеных праз галаўны партал».

Адчыніць «Альховага караля» адным клікам

Падобна да партала Europeana.eu алічбованы кантэнт, як правіла, не размешчаны ў НЛБ. Пошук выдае спіс знаходак, які адлюстроўвае аб’екты, якія шукаюць, разам з усімі мэта-дадзенымі. Перайшоўшы па спасылцы, карыстальнік трапляе на сайт установы, у архіве якой знаходзіцца алічбованы аб’ект. Напрыклад, той, хто шукае верш Гётэ «Альховы кароль», знойдзе таксама і яго аўдыёверсію, тэкст якой быў начытаны Аляксандрам Маісі – яна знаходзіцца на шэлакавай кружэлцы з фондаў Бібліятэкі федэральнай зямлі Саксонія ў Дрэздэне.

Сёння ў НЛБ можна знайсці толькі тыя аб’екты, «вольны доступ да якіх дазволены ў адпаведнасці з іх прававым статусам», – тлумачыць Франк Фрышмут. У будучыні ў НЛБ можна будзе ўбачыць і аб’екты, абароненыя аўтарскім правам – у асноўным творы XX ст. «Дадзеныя пытанні высвятляюцца цяпер з таварыствамі па кіраванні аўтарскімі і сумежнымі правамі», – кажа Фрышмут. Сёння таксама вырашаюцца пытанні забеспячэння фінансавання праекта з 2016 г. Да 2015 г. уключна ўрад і федэральныя землі штогод будуць выдзяляць НЛБ каля 2,6 мільёнаў еўра.

Праектны характар захаваецца да 2015 г.

Нямецкая лічбавая бібліятэка – гэта, уласна кажучы, толькі працоўная назва. Пакуль што будзе захаванае вядомае імя, «нягледзячы на тое, што мы – больш чым проста бібліятэка», – кажа Фрышмут. «Да 2015 г. НЛБ захавае свой праектны характар», – падкрэслівае ён. «Верагодна, тых часоў, калі ў НЛБ можна будзе знайсці алічбованыя аб’екты ўсіх значных устаноў навукі і культуры, давядзецца пачакаць, – зняпраўджвае паспешлівыя чаканні Фрышмут. – Менавіта таму можна гаварыць, што мы маем справу з праектам стагоддзя».