Абарона дадзеных у бібліятэках Кашмар пра празрыстага чытача

Празрысты чытач
Празрысты чытач | Foto (Ausschnitt): © thomass - Fotolia.com

Ці надзейна абароненыя дадзеныя чытачоў бібліятэк? Міжнародная Федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў (IFLA) падпісала дэкларацыю аб абароне правоў чалавека ў сферы кантролю за камунікацыяй. У асяродку спецыялістаў працягваецца дыскусія аб супрацоўніцтве паміж бібліятэкамі і IT-канцэрнамі, у межах якой гучаць крытычныя галасы.

Гэта жудасны сцэнар празрыстага чытача. Роланд Ройс, прафесар германістыкі і літаратуразнаўства Універсітэта ў Хайдэльбергу лічыць, што справа абароны дадзеных у нямецкіх бібліятэках знаходзіцца ў небяспецы. У лістападзе 2013 г. ён апісаў рызыкі дыгітальнай эпохі ў артыкуле для «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг», што выклікала бурныя дэбаты: выглядае, нібыта многія бібліятэкі захоўваюць звесткі аб ажыццяўленні пошуку ў сваіх базах дадзеных праз даданне да бібліятэчных праграм т. зв. функцый архівіравання. Іх можна прывязаць да канкрэтных асобаў, калі кніга выдаецца на дом. Алгарытмічны аналіз паводзінаў чытачоў кантралюючымі інстанцыямі можа прывесці да фатальных наступстваў. «Чаму гэтыя дадзеныя выклікаюць непакой, зразумела, – піша Ройс. – Калі хтосці паслядоўна чытае Гегеля, Маркса, Энгельса, Бакуніна, Леніна, робіцца выснова: гэта камуніст, пасля чаго (калі гэтага патрабуе палітычная сітуацыя) адбываецца арышт». Ці чытае разам з табой Вялікі Брат?

Бібліятэкары дейнічаюць, усведамляючы адказнасць

Барбара Лізан – чалец праўлення IFLA і дырэктар Гарадской бібліятэкі Брэмена – падкрэслівае, што бібліятэкары добра ўсведамляюць сваю адказнасць, калі гаворка ідзе аб абароне дадзеных у бібліятэчнай справе. «Нават у часы, калі яшчэ не было электроннай апрацоўкі дадзеных, мы клапаціліся аб абароне дадзеных чытачоў і звестак аб выдачы», – кажа Лізан. Прынцып Гарадской бібліятэкі Брэмена і ў дыгітальную эпоху застаецца ранейшым: «Паводзіны чытачоў не фіксуюцца, звесткі аб пошуку, прывязаныя да канкрэтных асобаў, не архівіруюцца». Калі чытач вяртае выдадзеныя яму выданні, праграма падзяляе дадзеныя аб назвах і чытачы пасля іх вяртання на месца – гэта адбываецца не пазней, чым праз некалькі дзён. Аднак ў выпадку правядзення следчых дзеянняў бібліятэка абавязаная прадаставіць дадзеныя аб чытачах.

Навуковыя бібліятэкі таксама не працуюць у прававым вакууме, яны павінны выконваць абавязацельствы, звязаныя з абаронай дадзеных. «Неабходна, каб у кожнай бібліятэцы існавалі каталогі працоўных працэсаў, доступ да якіх быў бы адкрыты публіцы і ў якіх былі б падрабязна апісаныя метады электроннай апрацоўкі дадзеных», – кажа Лізан.

Стандарты абароны дадзеных

Каб узмацніць значэнне прыватнай сферы ў дыгітальную эпоху, увосень 2013 г. IFLA падпісала «Міжнародныя прынцыпы прымянення правоў чалавека ў галіне кантролю за камунікацыяй». Дадзены дакумент быў распрацаваны шэрагам міжнародных няўрадавых арганізацый. Ён вызначае прынцыпы правамернасці, неабходнасці, дарэчнасці і прапарцыянальнасці для галіны кантролю за камунікацыяй. Адна з яго мэтаў – стварыць агульную аснову для чальцоў IFLA. «Мы з’яўляемся арганізацыяй, якая складаецца з краін, якія маюць розны ўзровень усведамлення пытанняў абароны дадзеных», – распавядае Барбара Лізан. Праца асацыяцыі характэрызуецца высокім узроўнем агрэгацыі не толькі ў выпадку дадзенай праблемы – часта паўстае пытанне: «Ці з’яўляецца стандарт, прыняты ў Сярэдняй Еўропе, нормай і для іншых краін?»

Апартунізм у дачыненні да IT-галіны

Тыя, хто як і Ройс скептычна ставяцца да пытання абароны дадзеных, выказваюць сваю заклапочанасць наконт інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі і такім IT-канцэрнамі, як Гугл, Фэйсбук і Амазон. Тое, як яны абыходзяцца з дадзенымі карыстальнікаў і кліентаў, выклікае шмат пытанняў з-за недахопу празрыстасці. Таму у сваім інтэрв’ю «Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг», якое мае назву «Яны называюць сервісам тое, што з’яўляецца глупствам» (Sie nennen es Service, dabei ist es Torheit) Рональд Ройс гаворыць не толькі пра безразважлівы, але і пра «небяспечны апартунізм вялікіх бібліятэк у дачыненні да IT-галіны».

Напрыклад, у 2007 г. Баварская дзяржаўная бібліятэка заключыла дамову аб супрацоўніцтве з інтэрнэт-гігантам Гугл, паводле якой будзе ажыццяўляцца алічбоўка яе фондаў, што не абароненыя аўтарскім правам. Сёння, зайшоўшы на вэб-старонку Лічбавай бібліятэкі альбо бібліятэчнага каталогу OPACplus, можна знайсці больш за мільён твораў. Грамадскасці невядома, якія правы атрымаў Гугл паводле гэтай дамовы.

Выклікае крытыку і той факт, што некаторыя нямецкія ўніверсітэцкія бібліятэкі – напрыклад, бібліятэкі ўніверсітэтаў у Эсэне, Дуйсбургу, Хайдэльбергу і Байройце – спалучылі свае электронныя каталогі з парталам Амазон. Пры гэтым Барбара Лізан дае зразумець, што ў залежнасці ад заключаных дамоваў бібліятэкі могуць атрымліваць выплаты ад волатаў гандлю. «Фундатары стрымліваюць спробы фінансаваных імі публічных ўстаноў знайсці ўласныя крыніцы прыбытку».

Прынцып празрыстасці

Спрэчкі ў асяродку спецыялістаў выклікала таксама і наступнае рашэнне Працоўнай супольнасці аб’яднаных сістэм, у якой прадстаўленыя некаторыя бібліятэчныя аб’яднанні нямецкамоўнай прасторы: у распараджэнне карпарацыі Гугл будуць перададзеныя да 50 мільёнаў каталогавых дадзеных. «Гэта мэтададзеныя, аплочаныя нямецкім падаткаплатнікамі», – падкрэслівае Ройс. Лізан ацэньвае гэта так: «Калі прапановы бібліятэк будзе немагчыма знайсці ў камерцыйных сістэмах пошуку, то яны згубяць сваё значэнне».

Уласна кажучы, неабходна ў сваю чаргу паклапаціцца аб тым, каб IT-канцэрнам не была прадастаўлена магчымасць доступу да датклівых дадзеных чытачоў бібліятэк. «Самае важнае – гэта празрыстасць, – падкрэслівае Лізан. – Чытачы павінны мець магчымасць зрабіць запыт і даведацца, як абыходзяцца з іх дадзенымі».

У звязку з гэтым трэба ўнесці змены ў сістэмы бібліятэчнага менеджменту. Калі якая-небудзь праграма не выдаліць дадзеныя карыстальнікаў пасля сканчэння вызначанага тэрміну, то неабходна будзе прыняць адпаведныя захады. «Бібліятэкі і іх партнёры мусяць усведамляць сваю адказнасць у сферы абароны дадзеных», – падсумоўвае Лізан.