Партыцыпацыя 2.0 Старое віно ў новых мяхах

Старонка Гарадской бібліятэкі Брэмена на Фэйсбуку (скрыншот)
Старонка Гарадской бібліятэкі Брэмена на Фэйсбуку (скрыншот) | © Stadtbibliothek Bremen

Патрэбы і пажаданні чытачоў здаўна знаходзяца ў цэнтры ўвагі бібліятэк. Вэб 2.0 прапануе чытачам простыя і хуткія магчымасці ўдзелу ў дыялогу і прыняцці рашэнняў.

Тэма партыцыпацыі – удзелу чытачоў у прыняцці рашэнняў структурнага, арганізацыйнага і змястоўнага характару – мае ў бібліятэках даўнюю традыцыю. Публічныя і навуковыя бібліятэкі шукаюць кантакт са сваімі чытачамі, карыстаючыся ўсімі магчымымі каналамі, каб дапасаваць свае паслугі да іх патрэбаў.

Кансультацыі з прадстаўнікамі інтарэсаў

«Шчыльная прывязка да пажаданняў чытачоў – гэта стары прынцып працы бібліятэкі, якая добра функцыянуе. Таму мы рэкламуем магчымасці ўдзелу ў прыняцці рашэнняў, – тлумачыць д-р Беата Трогер, дырэктар Бібліятэкі федэральнай зямлі і Універсітэту ў Мюнстэры (ULB). – І маем для гэтага традыцыйныя спосабы камунікацыі». На першым плане – кантакт з галіновымі аддзеламі; з выкладчыкамі і даследчыкамі, якія там працуюць, мы ўзгадняем пытанні камплектавання фондаў і спіс адукацыйных праграм. Акрамя таго, рэгулярна праводзяцца кансультацыі з Радай студэнтаў. «Усё гэта старыя правераныя структуры, ад якіх мы атрымліваем прапановы па камплектванні фондаў бібіятэкі».

У публічных бібліятэках удзел у прыняцці рашэнняў арганізаваны больш складана. «З-за таго, што мы працуем з выразна аднастайнай публікай, зварот да нашых кліентаў магчымы толькі ў рамках абмежаваных мэтавых груп, – кажа Барбара Лізан, дырэктар Гарадской бібліятэкі Брэмена. – Так, напрыклад, мы запрашаем такія прадстаўніцтвы інтарэсаў мэтавых груп, як Таварыства інвалідаў, Раду мігрантаў альбо Раду пажылых людзей, каб выясніць пастаноўку пэўных пытанняў».

Апытанні і акцыі

Добра функцыянуючы інструмент, які можа служыць асновай для ўдзелу ў прыняцці рашэнняў – гэта апытанні чытачоў. Класічнай тэмай для іх у абодвух тыпах бібліятэк з’яўляецца ўсталяванне гадзін працы бібліятэкі. Такія апытанні праводзяцца на месцы і праз вэб-старонку бібліятэкі, пры гэтым праз інтэрнэт за кароткі час прыходзіць значна больш адказаў.

«Напрыклад, у Паўночным Рэйне-Вестфаліі кожныя два гады праз інтэрнэт праводзіцца апытанне чытачоў усіх універсітэцкіх бібліятэк. Акрамя гэтага шмат бібліятэк праводзяць вялікія альбо – напрыклад, з дапамогай усплываючых вокнаў – малыя апытанні», – распавядае Беата Трогер. Побач з гэтым на ўсіх сайтах можна напісаць прапановы і крытыку. «Пры гэтым па жаданні чытачоў зрабіць гэта можна і ў папяровай форме – праз карткі для запісу ўхвальных і крытычных водгукаў альбо праз нататнікі, якія знаходзяцца ў бібліятэцы».

Перадусім публічныя бібліяэкі распрацоўваюць адмысловыя акцыі па тэме ўдзелу ў прыняцці рашэнняў – такія, як праект Wir haben Geburtstag, wünscht euch was! («У нас дзень народзінаў, пажадайце сабе што-небудзь»), які праводзіўся да 111 гадавіны з дня заснавання Гарадской бібліятэкі Брэмена – яго мэтавай аўдыторыяй былі класы пачатковай школы. «Мы рэалізавалі ў нашых дзіцячых бібліятэках два пажаданні: лялечны тэатр і “пакой цішыні”. Прычым ідэя стварыць апошні сапраўды не магла нам прыйсці ў галаву», – кажа Барбара Лізан. Яшчэ адным прыкладам можа быць акцыя Kaufrausch («Апантанасць жаданнем набываць»), падчас якой маладыя людзі атрымлівалі пэўны бюджэт на набыццё выданняў для Брэменскай бібліятэкі.

Удзел у прыняцці рашэнняў па камплектаванні фондаў

У чытачоў бібліятэкі заўсёды была магчымасць прапаноўваць выданні для іх далейшага набыцця. «Акрамя таго, яны вызначаюць склад нашых фондаў і ўскосным чынам. Бо ў выпадку пэўнай колькасці заказаў якога-небудзь выдання мы аўтаматычна набываем яго дадатковыя экзэмпляры», – тлумачыць Барбара Лізан.

Многія навуковыя бібліятэкі выпрабоўваюць кіраванае чытачамі папаўненне фондаў (Patron Driven Acquisition – PDA) – мадэль, карыстаючыся якой, чытачы самі ініцыююць працэдуру заказа выданняў. «Тут таксама дзейнічае прынцып: мы маем новыя медыя-сродкі, але структура ўдзелу ў прыняцці рашэнняў застаецца ранейшай», – мяркуе Беата Трогер. – Што тычыца PDA, то тут справы выглядаюць так сама, як і ў выпадку іншых формаў удзелу ў прыняцці рашэнняў: мы ні ў якім выпадку не перагружаныя. Неабходна хутчэй заахвочваць чытачоў да актыўнага ўдзелу».

Фэйсбук і К°

Многія бібліятэкі прадстаўленыя на Фэйсбуку, яны дасылаюць паведамленні праз Твітэр альбо прапануюць навіны праз стужку RSS з мэтай падтрымання інтэнсіўнага кантакту з чытачамі. «Дзіўна, але наша апошняе апытанне выявіла, што студэнты разглядаюць вэб-старонку як найважнейшы сродак камунікацыі з бібліятэкай», – паведаміла дэрэктарка Бібліятэкі федэральнай зямлі і Універсітэту ў Мюнстэры. – Мяркую, што ўвогуле жаданне выказаць свае патрэбы вельмі вялікае, але яно не прывязанае да пэўнага медыя-сродку. Гэта неабавязкова павінен быць Фэйсбук».

Абедзве бібліятэкаркі аднадушна лічаць, што ўдзел у прыняцці рашэнняў ёсць і застанеца галоўнай тэмай – з вэб 2.0 ці без яго. На іх думку, сацыяльныя сеткі не забяспечваюць новы шлях партыцыпацыі, у першую чаргу яны дазваляюць зрабіць квантытатыўны рывок. «Аднак і гэта мае даволі значны ўплыў на самасвядомасць бібліятэкі, – кажа Беата Трогер. – Ведаць, чаго чакаюць уласныя кліенты – гэта лепшае пачуццё ў параўнанні з блуканнем ў тумане».