Гульні ў бібліятэках Веды ідуць гуляць

Gaming in der Kölner Stadtbibliothek
Gaming in der Kölner Stadtbibliothek | © Stadtbibliothek Köln

Побач з кнігамі ў якасці набыткаў культуры выступаюць камп’ютарныя гульні, якія становяцца складовай часткай бібліятэчных фондаў. Бібліятэкі ўсё часцей выконваюць функцыю месцаў для гульняў. У будучыні мы будзем карыстацца бібліятэкамі, гуляючы?

Здаўна лічыцца, што гульня і навучанне несумяшчальныя. Аднак гэта сцверджанне адпавядае рэчаіснасці толькі ў нешматлікіх выпадках. Цэлае пакаленне гадуецца сёння, гуляючы ў камп’ютарныя гульні і дэманструючы, як можна паяднаць радасць ад гульні, навучанне і працу: у віртуальным свеце можна раскалоць нават самы моцны арэшак – бо камп’ютарныя гульні маюць усё, што патрэбна для здабыцця паспяховага вопыту навучання: яны ставяць ясныя мэты, забяспечваюць зваротную сувязь, здымаюць страх перад памылкамі і адкрываюць прастору для творчага мыслення і сацыяльнай інтэракцыі. Свет гульняў памяншае ступень складанасці, стымулюе ўспрыняццё і пазнанне новага і прапануе паспрабаваць сябе ў дзеянні.

Камп’ютарныя гульні даўно пашырыліся ў грамадстве: яны знайшлі сваіх прыхільнікаў ва ўсіх узроставых групах, сярод людзей з розным узроўнем адукацыі. У першую чаргу маладыя людзі чакаюць, што сутыкнуцца з прынцыпамі, паводле якіх пабудаваныя гульні, у рэальным жыцці. Таму прынцыпы гульні, звычайна вядомыя нам толькі па камп’ютарных гульнях, усё часцей можна знайсці ў кантэкстах, не звязаных з імі. Тэндэнцыя свядома выкарыстоўваць гульнявыя механізмы для таго, каб матываваць людзей, выклікаючы ў іх пэўныя паводзіны, называецца гейміфікацыяй (ад англ. game – гульня. – Заўв. пер.).

Ачкі і значкі за карыстанне бібліятэкай

Бібліятэкі як месцы для гульняў? Бібліятэкі як месцы для гульняў? | © digital cat via flickr.com, Lizenz CC BY 2.0 Народжаны ў ЗША трэнд распаўсюдзіўся і ў тамтэйшых бібліятэках. Так, напрыклад, Гарадская бібліятэка Эн Эрбар у Мічыгане не толькі дорыць сваім чытачам прыемныя эмоцыі ад гульні Summer Game, але і выкарыстоўвае пры гэтым інавацыйны шлях для таго, каб пазнаёміць з паслугамі бібліятэкі, развіць інфармацыйную кампетэнцыю і заахвоціць прыходзіць сюды зноў. Зусім як у камп’ютарных гульнях чытачы бібліятэкі атрымліваюць ачкі і значкі за розныя акцыі: напрыклад, за паспяховае знаходжанне выданняў у бібліятэчным каталогу альбо за змяшчэнне запісаў у блогу. Атрыманыя ачкі можна потым нават памяняць на прызы.

Падобнае прапануе Librarygame – праграма, якая можа быць інтэграваная ў бібліятэчныя кап’ютарныя сістэмы. Яна ператварае карыстанне любой бібліятэкай у гульню: выдача кнігі на дом альбо яе вяртанне, рэкамендацыя кнігі альбо яе ацэнка ды іншыя дзеянні ўзнагароджваюцца, а поспехі робяцца бачнымі. Яшчэ большага поспеху дасягае той, хто прадпрымае камбінацыю дзеянняў: напрыклад, прыходзіць у бібліятэку тры разы за выходныя, прачытвае ўсе творы якога-небудзь аўтара альбо бярэ на дом выданні, якія належаць да самых розных тэматычных груп. Такім чынам разгараецца спаборніцтва па карыстанні бібліятэкай.

Улічваючы тое, што камп’ютарныя гульні з’яўляюцца асноўным медыя-сродкам дыгітальнай эпохі і тое, што ў 2008 г. іх прызналі здабыткам культуры – яны атрымалі роўныя правы з такімі класічнымі носьбітамі, як кніжкі – іх роля ў справе трансляцыі культуры і ведаў будзе станавіцца ўсё больш значнай. Таму «бібліятэкам неабходна будзе ўсведамляць сябе месцамі бытавання культуры гульняў і ператварацца ў іх», – тлумачыць Крастаф Дэг, кансультант у галіне сацыяльных сетак і геймінгу, а таксама аўтар кнігі «Геймінг і бібліятэкі» (Gaming und Bibliotheken). На думку Дэга, таксама неабходна, каб адбыліся грунтоўныя – не больш ні менш – змены ў сферы культуры.

Бібліятэкі як месцы гульняў

Крокі па ўключэнні ў фонды бібліятэк гульняў ужо зроблены. Першыя бібліятэкі таксама эксперыментуюць – выступаюць у якасці месцаў для гульняў, прапануючы геймерам платформы для сумесных гульняў. Так, напрыклад, у праграму мерапрыемстваў Гарадской бібліятэкі Кёльна рэгулярна ўключаюцца падзеі для геймераў. Філіял Гарадской бібліятэкі Кёльна ў Кальку паклікаў да жыцця ўзорны праект гульнявога навучання з дапамогай камп’ютарных гульняў пад назвай games4kalk. У звязку з гэтым у бібліятэцы спачатку была створана гульнявая зона, адбываюцца штотыднёвыя сустрэчы групы тэстэраў гульняў, праводзяцца гульнявыя праграмы для розных пакаленняў і рэгулярна праходзяць турніры. Гарадская бібліятэка Нойкірхена-Улуйна запрашае дзяцей і моладзь у daddelBIB, дзе яны могуць пазнаёміцца з камп’ютарнымі гульнямі, а таксама згуляць разам пад кіраўніцтвам кансультантаў. У межах праекта Dr. Ghosthaker – nachts in der Bücherei, які навучае працаваць з медыя-сродкамі, дзеці і моладзь нават выпраўляюцца ў бібліятэку, каб паляваць за нягоднікамі – знаёміцца з медыя-сродкамі ў гульнявой форме і адначасова развіваць медыйную кампетэнцыю.

«У многіх бібліятэках – іх становіцца ўсё больш – зразумелі, што дзякуючы вялікай прыцягальнай сіле кам’ютарных гульняў, якія выступаюць у якасці вядучага медыя-сродку для масаў, у бібліятэкі можна завабіць перш за ўсё моладзь, і што гэты медыя-сродак адначасова можа быць выкарыстаны для трансляцыі ведаў», – тлумачыць Кардула Нотцэльман, загадчыца аддзела «Дэцэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Гарадской бібліятэкі Кёльна. Аднак гульнявыя і навучальныя прынцыпы камп’ютарных гульняў дагэтуль не інтэграваныя ў працоўныя інструменты нямецкіх бібліятэк. Калі па прыкладзе Summer Game ўключыць гульнявы кампанент у бібліятэчны каталог альбо ператварыць працу з кантэнтам у гульню, то можна стварыць новыя формы навучання: калі падчас пошукаў інфармацыі прысутнічае гульнявы элемент, то навучанне адбываецца аўтаматычна, як бы між іншым.