Выдача носьбітаў інфармацыі на дыгітальнай платформе Электронны абанемент Onleihe: неабходна пераконваць

Onleihe
Onleihe | Foto (Ausschnitt): © Lech Rowinski

Перад Onleihe – электроннай платформай для выдачы электронных кніг у часовае карыстанне ў бібліятэках Германіі – паўстаў шэраг выклікаў. Кіраўнік справамі фірмы DiVIBib Ёрг Маер распавядае, якія з іх з’яўляюцца найвялікшымі.

Спадар Маер, якую ролю адыгрываюць публічныя бібліятэкі ў гандлі электроннымі кнігамі, які ажыццяўляюць выдавецтвы?

Усё меншую і меншую. Гэта звязана з тым, што рынак электронных кніг хутка расце, а бюджэты бібліятэк, прызначаныя для набыцця выданняў – не. Па дадзеных галіновай асацыяцыі «Бітком» (Bitkom), у 2013 г. на набыццё электронных кніг было выдаткавана 286 мільёнаў еўра. А агульны бюджэт усіх публічных бібліятэк складае толькі 100 мільёнаў еўра. З іх ад 1 да 2 працэнтаў ідуць на набыццё электронных кніг. Тым часам у 2009 г. гэты паказнік складаў 30 працэнтаў. Падобнае развіццё падзей адлюстроўвае стан рэчаў у рэальным свеце – удзел публічных бібліятэк у агульным рынку кніг складае там ад аднаго да двух працэнтаў. Такім чынам, яны ні ў якім разе не з’яўляюца магільшчыкамі рынку электронных кніг у Германіі.

Што тычыцца выдавецтваў: ці існуе тэндэнцыя абмяжоўваць тэрмін дзеяння ліцэнзій на права выдачы электронных кніг?

ёння я не заўважаю падобнай тэндэнцыі. Некаторыя выдавецтвы задумываюцца аб прадастаўленні ліцэнзій, тэрмін дзеяння якіх абмежаваны. Ва ўсялякім выпадку існуе разуменне адносна невысокай пакупальніцкай здольнасці бюджэту, прызначанага на набыццё выданняў, таму тэрміны дзеяння большыя ў параўнанні з тымі, якія прынятыя ў ЗША. Кошты пры паўторным набыцці таксама значна зніжаныя. Улетку 2014 г. выдавецкая група «Ціме» (Verlagsgruppe Thieme) плануе абмежаваць тэрмін дзеяння ліцэнзій двума гадамі, у той час калі кошты пры паўторным набыцці будуць зменшаныя на 50 працэнтаў. Потым выданне можа заставацца ў фондах бібліятэкі на працягу неабмежаванага тэрміну. Іншыя выдавецтвы абмяжоўваюць тэрмін дзеяння ліцэнзій чатырма гадамі. Але гэта адзінкавыя выпадкі сярод 1.200 выдавецтваў.

Розныя віды ліцэнзій

Наколькі Onleihe адпавядае жаданню чытачоў мець у сваім распараджэнні фонды, якія складаюцца з актуальных выданняў?

Д-р Ёрг Маер, кіраўнік справамі фірмы DiVIBib Д-р Ёрг Маер, кіраўнік справамі фірмы DiVIBib | © ekz Пазітыўную ролю для бібліятэк адыгрываюць ліцэнзіі XL, бо яны дазваляюць ажыццяўляць паралельную выдачу кніг цэламу кантынгенту чытачоў у той час, калі гэтыя кнігі з’яўляюцца актуальнымі. Бібліятэкі набываюць выданні па кошце, які ў тры разы перавышае фіксаваны кошт электронных кніг. Дзякуючы гэтаму белетрыстычныя выданні могуць браць у карыстанне адначасова да 20 асоб, навукова-папулярныя кнігі – да 25. Калі гэты кантынгент вычарпаны, то ў фондах застаюцца два асобнікі, прадастаўленыя паводле серыйнай ліцэнзіі. На дадзены момант мы прапануем каля 20.000 выданняў, прадастаўленых паводле гэтага віду ліцэнзіі.

Такія выдавецтвы, як «Ц.Х. Бек» (C.H. Beck) альбо «Космас ферлаг» (Kosmos-Verlag) робяць кошт ліцэнзій для бібліятэк значна большым за кошт ліцэнзій для карыстальнікаў. Ці можа гэта мадэль распаўсюдзіцца?

Тое, што ў выпадку з серыйнымі ліцэнзіямі выдавецтвы патрабуюць надзвычай высокую цану за карыстанне выданнямі ў бібліятэках – абсалютна выключны выпадак. Бібліятэкі «помсцяць» за гэта, набываючы выданні па вельмі нізкіх коштах, таму гэта мадэль наўрад ці будзе распаўсюджвацца.

У якім стане знаходзяцца перамовы з выдавецтвамі групы «Хольцбрынк» (Holtzbrinck-Gruppe) – тут можна ўзгадаць выдавецтвы «Фішэр» (Fischer), «Ровальт» (Rowohlt) і «КіВі» (KiWi), якія дагэтуль не прымаюць Onleihe?

Мы дамаўляемся аб дэталях. Але я не магу распавесці Вам аб цяперашнім стане рэчаў, прашу паставіцца да гэтага з паразуменнем.

Забяспечыць высокую якасць дадзеных

Ці ёсць нейкія поспехі ў справе ўключэння ў фонды выданняў на замежных мовах?

Выданні на замежных мовах – гэта выклік, асабліва што тычыцца пытання аб якасці мэта-дадзеных. Нам неабходна спраўдзіць іх змест – каб у ім не было заклікаў да нянавісці, парнаграфіі альбо яшчэ чаго-небудзь заганнага. А якія бібліятэчныя праграмы могуць працаваць з кітайскімі іерогліфамі альбо кірылічным алфавітам? Мы імкнемся адпавядаць патрабаванням аб высокай якасці дадзеных, выкарыстоўваючы супрацоўнікаў, якія валодаюць замежнымі мовамі. У дадзены момант мы апрацоўваем расійскія выданні. Замежныя выдаўцы часта баяцца пірацтва. Таму іх таксама неабходна пераконваць. Наша мэта – сістэматычна пашыраць фонды Onleihe шляхам дадання запатрабаваных выданняў на замежных мовах. Што тычыцца англійскіх, французскіх і іспанскіх выданняў, то справа тут ідзе лягчэй. Неўзабаве адбудзецца значнае пашырэнне іх пераліку.

Як выглядаюць справы з выданнямі галіны «Нямецкая мова як замежная»?

Таксама і тут мы стала імкнемся пашыраць пералік прапаноў. Але выдавецтвы школьных падручнікаў паводзяць сябе ў справе выдачы ліцэнзій вельмі стрымана.

Павінна адбыцца змена праграмнага забеспячэння для Onleihe – часта гучыць выраз «Новы Onleihe». Які стан рэчаў маем у гэтым пытанні?

Гэта буйны праект, які будзе ажыццяўляцца на працягу наступных двух гадоў. Нам неабходна змясціць на платформе яшчэ больш кантэнту. Наша мэта – павялічыць колькасць выданняў як мінімум да мільёна. Нам трэба ўключаць больш кантэнту на замежных мовах, падрыхтавацца да працы з больш гнуткімі ліцэнзіямі, да павелічэння колькасці спампоўванняў, а таксама да таго, што больш чытачоў будуць выкарыстоўваць мабільныя прыстасаванні. Таму трэба забяспечыць высокі ўзровень стабільнасці і эфектыўна арганізаваць працу. Да таго ж нам не трэба забывацца, што мы павінны арыентавацца на патрэбы чытачоў. Функцыя пошуку ў Onleihe таксама можа быць палепшана. Чытачы патрабуюць, каб яна была на ўзроўні Google.

Ці з’явіцца магчымасць упершыню здаваць узятыя ў карыстанне выданні да сканчэння тэрміну выдачы?

Неабходныя змены будуць зроблены ў той сістэме, якая існуе зараз. Што тычыцца электронных кніг, то здаваць іх да сканчэння тэрміна выдачы можна будзе ў трэцім альбо чацьвертым квартале 2014 г. Але мы абмежаваныя існуючымі сістэмамі менеджменту лічбавых правоў (DRM). Выдавецтвы не дазваляюць спампоўваць выданні, якія не абароненыя DRM, з гэтай умовай неабходна пагадзіцца. Тое самае тычыцца, вядома, і чытання на такіх прыстасаваннях, як адрозныя ад агульнапрынятых стандартаў электронныя кнігі Amazon Kindle. Я не думаю, што «Амазон» паклапоціцца аб інтарэсах публічных бібліятэк і адкрые свет электронных кніг Kindle.

Адпаведна выдавецтвы паводзяць сябе стрымана ў дачыненні да Onleihe, ці не так?

Як раз наадварот: штотыдзень я падпісваю новыя дамовы аб супрацоўніцтве.
 

Электронны абанемент Onleihe ў Інстытуце імя Гётэ:

І ў Егіпце, і ў В’етнаме: больш за 60 бібліятэк Інстытута імя Гётэ ва ўсім свеце прапануюць сваім чытачам карыстацца электронным абанементам Onleihe . Выбар вялікі: існуюць тысячы электронных выданняў, якія можна браць у часовае карыстанне: дзіцячыя кніжкі, раманы для моладзі, актуальная белетрыстыка, навукова-папулярныя кнігі, штодзённыя і штотыднёвыя газеты, кулінарныя кнігі, аўдыё-кнігі і матэрыялы для вывучэння нямецкай мовы.