Праграма НДТ Спецыялізаваныя інфармацыйныя службы для навукоўцаў

Прадстаўніцтва Нямецкага даследчага таварыства ў Боне
Прадстаўніцтва Нямецкага даследчага таварыства ў Боне | Foto (Ausschnitt): © dfg.de

Праграма «Спецыялізаваныя інфармацыйныя службы для навукоўцаў» Нямецкага даследчага таварыства (DFG – НДТ) спрыяе стварэнню сучасных інфармацыйных сервісаў. Праграмны дырэктар групы «Сістэмы забеспячэння навуковай сферы літаратурай і інфармацыяй» Крыстаф Кюмель распавядае пра новую праграму развіцця дадзенай галіны.

Спадар Кюмель, новая праграма НДТ «Спецыялізаваныя інфармацыйныя службы для навукоўцаў» (Fachinformationsdienste für die Wissenschaft) зменіць старую сістэму, якая ахоплівае больш за 100 адмысловых прадметных рубрык у навуковых бібліятэках.

Адмысловыя прадметныя рубрыкі былі створаныя пасля Другой сусветнай вайны як сістэма дыферэнцыяванага набыцця замежнай літаратуры. У той час неабходна было як мага хутчэй стварыць фонды, якія б былі карысныя для правядзення даследаванняў – і з прагматычных меркаванняў гэта задача была ўскладзеная на шэраг бібліятэк. У наступныя дзесяцігоддзі выявілася, што з-за сталага росту колькасці публікацый дадзеная дыферэнцыяваная структура з’яўляецца добрым вырашеннем праблемы. Такім чынам гэта сістэма выкарыстоўвалася да 2000-х гг., не зазнаўшы прынцыповых зменаў.

Хуткая адаптацыя да рэалій дыгітальнага свету

Што цяпер зменіцца?

Д-р Крыстаф Кюмель, праграмны дырэктар групы «Сістэмы забеспячэння навуковай сферы літаратурай і інфармацыяй» Д-р Крыстаф Кюмель, праграмны дырэктар групы «Сістэмы забеспячэння навуковай сферы літаратурай і інфармацыяй» | © dfg.de Новая праграма дазволіць больш гнутка дзейнічаць у справе прадастаўлення інфармацыі даследчыкам. Сістэма адмысловых прадметных рубрык мела на мэце сабраць як мага больш замежнай літаратуры па асобна ўзятай галіне навукі. Улічваючы аб’ём літаратуры, якая выдаецца сёння, гэта задача падаецца амаль немагчымай. Акрамя таго, гэта мэта не з’яўляецца прыярытэтнай ва ўсіх галінах. Што тычыцца некаторых навук, то тут навукоўцам патрэбна толькі самая актуальная літаратура. Таму паўстае пытанне: «А можа аб’яднаны архіў – гэта найлепшае вырашэнне праблемы?»

А яшчэ існуюць выклікі дыгітальнага свету. Што тычыцца адмысловых прадметных рубрык, то ў іх выпадку было выкарыстана менш за тры працэнты сродкаў, прызначаных для дыгітальных сервісаў. Гэта поўная супрацьлегласць той колькасці сродкаў, якая выдаткоўваецца сёння ў навуковых бібліятэках на развіццё дыгітальных сервісаў – часта яе памер складае палову бюджэту. Як раз у сферы прыродадзнаўчых навук большасць публікацый выходзіць у свет у электроннай форме – і чытаюць толькі тое, што існуе ў электронным выглядзе. Што тычыцца дыгітальных рэсурсаў, то цяжкасці ўзнікаюць у справе набыцця кантэнту і прадастаўленні доступу да яго карыстальнікам з усёй Германіі. Калі ўзяць на дом кнігі можна праз міжбібліятэчны абанемент, то ў дыгітальнай сферы паўстаюць праблемы, звязаныя з перамовамі аб прадастаўленні ліцэнзій і надзвычай высокімі коштамі. Нам неабходна лепей падрыхтавацца да гэтага, а новая праграма дапаможа стварыць перадумовы для вырашэння дадзеных праблем.

Больш гнутка задавальняць попыт на спецыялізаваную інфармацыю

Што ўяўляе сабой новая сістэма?

Больш не існуе адзіных прадпісанняў. Бібліятэкі самі могуць вызначаць прынцыпы, паводле якіх яны будуць выконваць свае дадатковыя інфармацыйныя функцыі. Тым самым сервісы могуць лепш задавальняць попыт на спецыялізаваную інфармацыю. Вялікія зборы літаратуры па некаторых тэмах будуць існаваць і ў будучыні, па іншых тэмах з-за малога попыту літаратура збірацца не будзе – хутчэй будзе прадастаўляцца доступ да базаў дадзеных з актуальнай інфармацыяй.

Як зрабіць так, каб дадзеныя ў лічбавай форме, якія прадастаўляюць спецыялізаваныя інфармацыйныя сервісы, былі даступныя па ўсёй Германіі?

Для гэтага неабходна дамовіцца з выдавецтвамі аб мадэлях ліцэнзій, якія дазволяць прадастаўляць доступ да спецыялізаванага кантэнту ў электроннай форме праз адну ўстанову. НДТ ажыццяўляе падтрымку ў справе стварэння цэнтра кампетэнцый у сферы ліцэнзавання электронных рэсурсаў, які быў бы галоўным сервісам для спецыялізаваных інфармацыйных службаў. Удзел у гэтым праекце бяруць Бібліятэка федэральнай зямлі Ніжняя Саксонія і Універсітэта ў Гёцінгене, Дзяржаўная бібліятэка Берліна і галоўная дырэкцыя Агульнай бібліятэчнай сеткі. Сюды бібліятэкі маглі б паведамляць аб прадуктах, на выкарыстанне якіх яны б хацелі атрымаць ліцэнзіі. Затым галоўная дырэкцыя вяла б перамовы з выдавецтвамі. Было б добра, каб гэту дзейнасць ажыццяўляла б адна ўстанова.

У 2013 г. быў дадзены дазвол на стварэнне пяці спецыялізаваных інфармацыйных службаў для гуманітарных і сацыяльных навук. Ці не азначае гэта, што адмысловыя прадметныя рубрыкі аўтаматычна ператворацца ў спецыялізаваныя інфармацыйныя службы?

Не, бо як і ў старой сістэме, на рэалізацыю кожнага праекта неабходна падаваць заяўку. Аднак пераемнасць у цэлым захоўваецца.

Ці можаце Вы прывесці які-небудзь прыклад?

У якасці прыклада можна назваць спецыялізаваную інфармацыйную службу «Мастацтва» (Kunst). У гэтым выпадку свае высілкі аб’ядналі Бібліятэка Універсітэта ў Хайдэльбергу і Бібліятэка федэральнай зямлі Саксонія – Дзяржаўная бібліятэка Універсітэта ў Дрэздэне. Іх сумесны партал Arthistoricum.net удала паяднаў дзве былыя адмысловыя прадметныя рубрыкі. Сумесны інфармацыйны сервіс ахоплівае шмат розных відаў медыя-сродкаў і крыніц, дадаецца вялікая колькасць іншага дыгітальнага кантэнту – напрыклад, шляхам сістэматычнай алічбоўкі кніг ды іншых публікацый XIX і XX стагоддзяў – дзеля таго, каб да іх мелі просты доступ даследчыкі з усёй Германіі.