Першая сусветная вайна 1914: літаратура на вайне

Выстава «Жнівень 1914. Літаратура і вайна»
Выстава «Жнівень 1914. Літаратура і вайна» | Foto (Ausschnitt): © Literaturarchiv Marbach

Нататкі, дзённікі, вершы – так шмат, як у 1914 г., пісалі рэдка. Расповяд аб тым, як пад уплывам Першай сусветнай вайны сфармавалася цэлае пакаленне аўтараў.

Два вялікіх раманы 20-га стагоддзя: «Адысей» Джэймса Джойса і «Працэс» Франца Кафкі, а таксама адзін з найважнейшых філасофскіх тэкстаў мадэрнай эпохі – Tractatus logico-philosophicus Людвіга Вітгенштэйна ды адзін з яе найвядомейшых цыклаў вершаў – «Дуінскія элегіі» (Duineser Elegien) Райнера Марыі Рыльке яднае адно: іх стваралі, пачыналі альбо працягвалі пісаць падчас Першай сусветнай вайны. Яны з’яўляюцца тэкстамі гэтай вайны, нават калі на першы погляд незаўважна, што яны былі створаныя ў гэты час – у адрозненне ад больш чым 50.000 прысвечаных вайне вершаў, якія з’явіліся толькі за жнівень 1914 г.

«Гэта маё змаганне за самазахаванне»

Для 31-гадовага Кафкі, які купіў сабе ў пачатку вайны салдацкія боты і ледзьве не быў мабілізаваны летам 1915 г., вайна – гэта супрацьлегласць барацьбы, якую ён вядзе з самім сабой і дзеля сябе. 31 чэрвеня 1914 г. – пасля вяртання з вакацый, праведзеных на Балтыйскім моры, і за два тыдні да пачатку працы над «Працэсам» – ён піша ў сваім дзённіку: «Мне бракуе часу. Ідзе ўсеагульная мабілізацыя. (...) Але пісаць я буду нягледзячы ні на што: гэта маё змаганне за самазахаванне». Вайна, якую Кафка чуе і бачыць, зноў і зноў з’яўляецца ў ягоных тэкстах. Калі ў лістападзе ягоны швагер першы раз прыехаў у водпуск з фронту, ён распавёў пра адзін выпадак, які здарыўся ў акопах. Швагер пачуў, як крот рые зямлю, успрыняў гэта як знак звыш і адразу ж пакінуў акопы. Неўзабаве пасля гэтага туды трапіла граната. Крыху пазней Кафка напісаў невялікі расказ: «Велізарны крот» (Der Riesenmaulwurf). Праз дзесяць гадоў пасля пачатку вайны ў сваёй кнізе «Будоўля» (Der Bau) ён напісаў пра звера, які стварыў пад зямлёй шырока разгалінаваную сістэму тунэляў, каб схавацца ў ёй.
 
Для 39-гадовага Рыльке – пачатак вайны заспеў яго падчас падарожжа ў Германію і таму ён не мог вярнуцца на радзіму, якую абраў сам – у Парыж – як і для многіх іншых літаратараў, вайна была спачатку лірычнай падзеяй. У кнізе вершаў Гёльдэрліна ён зрабіў накід «Пяці песень» (Fünf Gesänge), якія усхваляюць агромністы, хай сабе і поўны насілля свет: «Урэшце з’явіўся Бог» – менавіта гэтыя словы гучаць у іх. Пазнаёміўшыся ў верасні з мастачкай Лю Альбер-Лазард, ён піша для яе кніжку вершаў, сярод якіх – накіды для праекта напісання элегій, працу над якім ён пачаў у студзені 1912 г. Першая сусветная вайна і паведамленні з палёў бітваў, на якіх ляжаць непахаваныя забітыя, асаблівым чынам адлюстраваліся ў вершах Рыльке: «Узыходы на гарах сэрца. Камяністая глеба пад далонямі. Верагодна тут штосьці цвіце. На месцы нямога падзення пад гукі спеваў прабіваецца нечуваная трава».

Кубізм і экспрэсіянізм у якасці папярэднікаў

Шмат тэкстаў, якія паўсталі падчас Першай сусьветнай вайны – дома альбо на фронце – накіраваныя супраць вайны. Іх мэта – не адлюстраванне, усхваленне альбо замоўчванне. Яны прадстаўляюць рэчаіснасць мовы і здольнасць ствараць і разбураць сусветы з яе дапамогай – таксама і сусвет вайны. Яны размяшчаюць адзін сусвет побач з другім. Не так, як тэксты, звязаныя з Першай сусветнай вайной, большасць якіх паўстала пасля яе сканчэння: напрыклад, «Стальная навальніца» (In Stahlgewittern – 1920) Эрнста Юнгера і «На заходнім фронце без пераменаў» (Im Westen nichts Neues  – 1929) Эрыха Марыі Рэмарка. Аднак і перадваенны час адыгрывае пэўную ролю. Экспрэсіянізм і кубізм, якім уласцівы «формы, якія змагаюцца» – і гэта адбываецца не толькі ў выяўленчым мастацтве – абіраюць спосаб выяўлення, які вайна нечакана напаўняе праўдай. Эрнст Штадлер, якому наканавана загінуць ад выбуху гранаты непадалёк ад бэльгійскага гораду Іпр 30 кастрычніка 1914 г., выдае ў канцы 1913 г. кнігу вершаў «Выступ» (Der Aufbruch), лейтматывам якой з’яўляецца ідэя, што барацьба і вайна даюць пачатак новаму жыццю. Яшчэ ў 1911 г. Георг Хайм усхваляў вайну: «Прачнулася тая, якая доўга спала, паўстала з глыбокіх сляпенняў. Яна стаіць ў змроку, вялікая і непазнаная, трушчачы месяц у сваёй чорнай руцэ».
 
Вайна як натхняльнік і аніматар літаратуры: падчас Першай сусветнай вайны на франтах у раней небывалых аб’ёмах пісаліся лісты і дзённікі. Тое, што нельга спасцігнуць, у першую чаргу дапамагае асэнсаваць паэзія. Яна ў стане сабраць фрагменты, змяшаныя і разрозненыя вобразы так, каб зноў атрымалася адзінае цэлае. Аўгуст Штрам, які ў 1915 г. загінуў у Расіі ва ўзросце 41 году, публікаваў вершы з Усходняга фронту ў часопісе «Бура» (Der Sturm) пачынаючы з лістапада 1914 г.: «Зямля сцякае крывёю пад шаломам. Зоркі ляцяць долу. Прастора сусвету рухаецца навобмацак. Пануе жах. Адзінота. Туман. Плач. Адлегласць. Твой погляд».