Сетка ELINET Буйнамаштабны наступ на недастатковыя навыкі чытання

Чытанне і пісьмо
Чытанне і пісьмо | Foto (Ausschnitt): © ra2 studio - Fotolia.com

Кожнаму пятаму еўрапейцу цяжка расшыфраваць свет. Сетка European Literacy Policy Network (ELINET) павінна распрацаваць стандарты і мадэлі паспяховага развіцця навыкаў чытання і пісьма ва ўсіх узроставых групах.

Вынікі даследавання кампетэнцый валодання пісьмовай мовай у еўрапейскіх краінах, якія пабачылі свет у 2012 г., заклікалі прачнуцца. Вынікі даследавання былі апублікаваныя чальцамі «групы экспертаў высокага рангу ў галіне кампетэнцый валодання пісьмовай мовай», а ўзяцца за працу ім даручыла Еўрапейская Камісія ў 2011 г. «Паводле вынікаў нацыянальных і інтэрнацыянальных даследаванняў, адна пятая частка дарослых і адна пятая частка 15-гадовых не мае навыкаў чытання, патрэбных для таго, каб адпавядаць патрабаванням сучаснага жыцця і прафесійнай дзейнасці», – паведамляе камісія экспертаў, на чале якой стаіць нідэрландская прынцэса Ларэнцьен Брынкхорст. Пры гэтым дыгітальная эпоха патрабуе штораз большага ўзроўню навыкаў чытання і пісьма. Тым, хто адстае, пагражае выпадзенне з сацыяльнага, культурнага і эканамічнага жыцця.

Неабходная падтрымка – таксама і ў Германіі

У якасці рэакцыі на гэтыя выклікаючыя трывогу дадзеныя Еўрапейская Камісія стварыла сетку для ажыццяўлення палітыкі ў галіне павышэння ўзроўню адукацыі, якая складецца з 80 арганізацый, што знаходзяцца ў 28 краінах. Гэта сетка, якая называецца ELINET, пачала сваю працу ў лютым 2014 г. падчас правядзення буйной стартавай канферэнцыі ў Вене. «Кожны грамадзянін павінен мець магчымасць набыць базавыя кампетэнцыі, якія патрэбныя ў высокаразвітым грамадстве», – падкрэслівае выкладчык літаратуразнаўства Кёльнскага ўніверсітэту Крысцінэ Гарбэ. Яна каардынуе працу ELINET. Напрыклад, з боку Германіі ў ёй бяруць удзел Фонд «Чытанне», Праект Франкфурцкага кніжнага кірмашу Literacy Campaign, Нямецкае таварыства чытання і пісьма і Федэральны саюз папулярызацыі чытання. ELINET атрымаў бюджэт у памеры чатырох мільёнаў еўра на тэрмін у два гады.
 
 «Асобы з групы рызыкі, кампетэнцыя валодання пісьмовай мовай якіх не адпавядае мінімальным стандартам, вельмі часта паходзяць са слаба адукаваных сямей, якія маюць нізкі ўзровень даходаў», – кажа Гарбэ. Часта да гэтага сацыяльнага слою належаць сем’і мігрантаў. Акрамя таго, гэта праблема тычыцца больш юнакоў, чым дзяўчат. Аднак патрэбу ў тым, каб зліквідаваць адставанне ў галіне валодання пісьмовай мовай, мае не толькі падрастаючае пакаленне – нават у такой заможнай краіне з высокім узроўнем адукацыі насельніцтва як Германія. Паводле вынікаў даследавання OECD, якое было праведзенае ў 2013 г., кожны шосты дарослы ў Германіі чытае на ўзроўні дзесяцігадовага дзіцяці.

Знайсці прыклады паспяховай дзейнасці

Сетка ELINET не мае на мэце здабыццё дадатковых статыстычных дадзеных. «Мы хутчэй імкнемся аб’яднаць дадзеныя, раскіданыя па шматлікіх даследаваннях, якія праводзіліся па ўсёй Еўропе, у кароткіх і зразумелых справаздачах аб стане спраў у еўрапейскіх краінах», – тлумачыць Гарбэ. Пры гэтым у цэнтры ўвагі знаходзіцца пытанне: «Што робіцца ў гэтых краінах, каб змяніць незадавальняючае становішча?» Сетка павінна аб’яднаць перспектыўныя мадэлі развіцця кампетэнцый у галіне чытання і пісьма для ўсіх узроставых груп і прапанаваць выкарыстоўваць іх. «Каб гэта адбылося, неабходна спачатку распрацаваць агульныя крытэрыі, якія мы называем прыкладамі паспяховай дзейнасці. Гэта вялікі кавалак працы», – кажа каардынатарка. З гэтай мэтай праектная каманда – ёй кіруе брытанская арганізацыя Booktrust – збірае перспектыўныя мадэлі са сферы фандрайзінгу. Іншая каманда – ёй кіруе нідэрландскі фонд «Чытанне і пісьмо», які знаходзіцца ў Гаазе – збірае прыклады паспяховай дзейнасці па фармаванні грамадзкай думкі. «Як нам арганізаваць кампаніі альбо як найлепей звярнуцца да арганізацый і асобаў, якія зацікаўленыя ў ажыццяўленні палітыкі ў галіне пашырэння пісьменнасці?» – менавіта так гучалі асноўныя пытанні. Па словах Гарбэ, галоўная задача сеткі ELINET – стварыць агульнаеўрапейскую інтэрнэт-платформу. Мяркуецца, што на платформе будуць сабраныя вынікі працы, а партнёры змогуць прадставіць свае нацыянальныя праекты.

Развіццё пачынаецца ў сям'і

Даследаванне ўзроўню пісьменнасці, праведзенае ў 2012 г., рэкамендуе стварыць асяроддзе, насычанае пісьмовай мовай – яно выступіць у якасці сродку для ліквідацыі нізкага ўзроўню навыкаў чытання і пісьма – а таксама ўзмацніць ступень удзелу і інтэграванасці ва ўсіх грамадскіх сферах. У дадзеным выпадку ўдзельнікі сеткі ELINET могуць скарыстацца досведам, назапашаным раней. Так, напрыклад, Крысцінэ Гарбэ паспяхова каардынавала ажыццяўленне праграмы Teaching Struggling Adolescent Readers – яе ўдзельнікі з Румыніі, Венгрыі, Эстоніі, Фінляндыі і Швейцарыі сёння таксама далучыліся да сеткі. «З гэтай мэтай мы наведалі 30 школ у адзінаццаці краінах, якія распрацавалі добрыя праграмы дапамогі слабым чытачам у сярэдняй школе. – Пры гэтым эксперт у галіне чытання перакананая, што развіццё павінна пачынацца ўжо ў бацькоўскім доме. – Паспяховае набыццё кампетэнцый валодання пісьмовай мовай пачынаецца ў сям’і».
 
Так у Германіі ў межах праекта Lesestart Фонд «Чытанне» ажыццяўляе супрацоўніцтва з дзіцячымі лекарамі – тыя праводзяць гутаркі з бацькамі падчас правядзення абавязковых медычных аглядаў і забяспечваюць іх ілюстраванымі кніжкамі і кіраўніцтвамі па развіцці маўлення і чытання ў раннім узросце.

Праграма, якая мае будучыню

«Дзякуючы сетцы ELINET мы даведаліся, што падобныя праграмы існуюць таксама і ў Італіі, і ў Харватыі, – кажа Гарбэ. – Трэба шукаць падобнага па ўсёй Еўропе, каб мы маглі распрацаваць абгрунтаваныя рэкамендацыі, якія маюць найлепшую перспектыву ў сферы дашкольнай адукацыі». Увогуле нават сама каардынатарка праекта не верыць, што амбітныя мэты, якія ставіць сетка ELINET, могуць быць дасягнутыя за два гады. Адбываюцца кансультацыі з чальцамі Еўрапейскай Камісіі наконт перспектыў, якія могуць адкрыцца пасля сканчэння тэрміну праекта. «ELINET – гэта праграма, якую можна ажыццяўляць на працягу як мінімум цэлай дэкады», – сёння Гарбэ перакананая ў гэтым.