Дыгіталізацыя і камплектаванне фондаў у бібліятэках Віртуальнае ў рэальным

Віртуальнае ў рэальным
Віртуальнае ў рэальным | © Paulista - Fotolia.com

Лічбавыя медыя-сродкі набываюць ў фондах бібліятэк усё большае значэнне. Адначасова з гэтым віртуалізацыя прапановы, якая стабільна пасоўваецца наперад, патрабуе новых формаў прэзентацыі і рэкламы.

Навуковыя і публічныя бібліятэкі Германіі стала пашыраюць колькасць найменняў электронных кніг, газет ды іншых лічбавых медыя-сродкаў. У той час, калі адбываецца пашырэнне карыстання мабільным інтэрнэтам, чытачы ўсё часцей чакаюць, што ім будуць прапанаваныя паслугі ў рэжыме анлайн. Аднак пакуль нельга казаць пра знікненне фондаў бібліятэк на папяровых носьбітах. «Сёння мы маем ў нашай праграме каля 9.000 электронных выданняў, у той час, калі агульны фонд налічвае 1,3 мільёна найменняў, – распавядае Інка Есэн, дырэктар адной з бібліятэк Штутгарта, і дадае: А колькасць выдачы на дом электронных кніг яшчэ большая».

Аднак выклік часта палягае ў тым, каб не толькі прадставіць параўнальна дарагія электронныя выданні ў віртуальнай форме ў каталогу альбо ў інтэрнэце, але і зрабіць іх бачнымі ў памяшканнях бібліятэкі.

Пустое месца на паліцы

У 2013 г. Жанін Таўбер атрымала прэмію за дасягненні ў галіне інавацый спецыялізаванага бібліятэчнага часопіса b. i. T. Online за сваю магістарскую працу Absentia in Präsentia? Zur Präsentation und Vermittlung digitaler Medien im physischen Raum («Адсутнае прысутна? Да пытання прэзентацыі і рэкламы лічбавых выданняў у рэальнай прасторы»). Яна называе некалькі стратэгій: «Прынцып арыентацыі на чытача прадугледжвае, што пустое месца на паліцы будзе занятае». Гэта можна зрабіць, усталяваўшы такія рэальныя аб’екты, як экраны альбо размясціўшы постэры з QR-кодам, які вядзе да выдання, якое шукаюць. «Нам не трэба рэкламаваць электронны абанемент Onleihe шляхам размяшчэння матэрыялаў на паліцах, бо яго ўжо добра ведаюць», – дзеліцца досведам Інка Есэн. Разам з тым яна падкрэслівае, што важна пабудаваць мост паміж рэальным і віртуальным светам. У Гарадской бібліятэцы Штутгарта чытачы знаходзяць на паліцах, прысвечаных пэўным тэмам, ноўтбукі з вэб-адрасамі неабходных базаў дадзеных і сайтаў і такім чынам могуць ажыццяўляць пошук. Па словах дырэктаркі бібліятэкі, у рубрыцы «Музыка» можна, напрыклад, знайсці спасылку на Naxos Music Library, якая змяшчае мільёны алічбованых кампакт-дыскаў з класічнай і джазавай музыкай.

Ад простых экранаў да экранаў 3D

Побач з падобнымі прагматычнымі формамі працы бібліятэкі выпрабоўваюць маркетынгавыя стратэгіі. У адпаведнасці з імі прэзентацыя асобных выданняў адыгрывае меншую ролю, галоўнае – стварыць незвычайны інтэр’ер. «Гэта зоны чытання з электроннымі кнігамі, якія выступаюць у якасці брамы для пераходу з рэальнага ў віртуальны свет», – кажа Таўбер. Усё часцей выкарыстоўваюцца т. зв. прыстасаванні вываду лічбавых сігналаў – свайго роду лічбавыя шыльды – «у прынцыпе гэта электронныя плакаты, то бок сістэмы, якія прэзентуюць лічбавыя тэксты, відэакліпы, музыку; дзякуючы гэтаму іх можна выкарыстоўваць для рэкламы некаторых прапаноў», – тлумачыць Таўбер. Дыяпазон магчымасцяў прадстаўлены тут простымі лічбавымі экранамі, больш складанымі тачскрынамі, з дапамогай якіх можна ажыццяўляць пошук у фондах бібліятэкі, і экранамі 3D, на якіх чытачы могуць разглядаць алічбованыя аб’екты, паварочваючы іх дотыкам пальцаў. Усё гэта ўжо існуе ў Баварскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Мюнхене.

Бібліятэкі робяць стаўку на рэкламныя стратэгіі, якія падкрэсліваюць ролю бібліятэк як месцаў навучання і прадастаўлення адукацыйных паслуг, прапнуючы праграмы навучання праз інтэрнэт ды іншыя кросмедыйныя фарматы. У якасці прыклада Енсэн называе інсталяцыю ў памяшканнях сваёй бібліятэкі, прысвечаную тэме анімацыйных фільмаў і перформансу – у яе можна заходзіць, а таксама экраны ў фае, на якіх па чарзе дэманструюцца ролікі аб сеціўным мастацтве і міні-чытанні – знятыя на відэа літаратурныя чытанні яшчэ невядомых аўтараў.

Удзел чытачоў у прыняцці рашэнняў

Дыгіталізацыя, якая стала рухаецца наперад, стварае новыя магчымасці партыцыпацыі і ў сферы камплектавання фондаў. У навуковых бібліятэках распаўсюджваецца кіраванае чытачамі папаўненне фондаў (Patron Driven Acquisition – PDA) – мадэль, паводле якой чытачы, зрабіўшы запыт у электронным каталогу, ініцыююць заказ кніжкі для бібліятэкі. Аднак публічныя бібліятэкі яшчэ не працуюць з PDA, хаця яны таксама ўлічваюць пажаданні чытачоў. «Так, карыстаючыся бібліятэчнай статыстыкай, можна дакладна вызначыць, якія віды выданняў шукалі часцей, якія – не, – кажа Енсэн, – але калі гаварыць пра электронныя кнігі, то ў іх выпадку мы не можам выконваць усе запыты з-за праблемаў з ліцэнзіямі і аўтарскімі правамі».

Бібліятэка як вытворца

Затое лічбавы профіль бібліятэкі стала пашыраецца і ўключаецца ў склад сетак. Напрыклад, у Штутгарце ў супрацоўніцтве з Кінаакадэміяй у Людвігсбургу быў створаны відэагід «Словы – гэта ўчынкі» (Worte sind Taten). Ён – у выглядзе дадатку – праводзіць праз бібліятэку, паказваючы ў розных месцах міні-фільмы, у якіх дзеячы культуры распавядаюць бадэн-вюртэмбергскія гісторыі – гэта т. зв. фармат дапоўненай рэчаіснасці (Augmented-Reality-Format), у межах якога віртуальныя элементы дапаўняюць і пашыраюць рэальны свет. Дзякуючы супрацоўніцтву са Штутгартскім фестывалем анімацыйных фільмаў была створаная Бібліятэка анлайнавай анімацыі (Online Animation Library). Яна ўяўляе сабой базу дадзеных, у якой можна паглядзець творы, якія атрымалі ўзнагароды фестывалю. «Быць вытворцам і прапаноўваць эксклюзіўны лічбавы кантэнт», – Есэн лічыць гэта перспектыўным шляхам на будучыню. Разам з тым, дырэктарка бібліятэкі падкрэслівае, што «фонды на папяровых носьбітах не губляюць свайго значэння, таксама і для моладзі». Аднак існуе тэндэнцыя да пошуку больш сціслай інфармацыі.

Жанін Таўбер не лічыць, што ў бліжэйшай будчыні фонды бібліятэк цалкам стануць віртуальнымі. У рэшце рэшт сёння толькі невялікая частка новых выданняў мае адпаведнікі ў форме электронных кніг.