E-Learning у публічных бібліятэках Узяць на дом адукацыю ў рэжыме анлайн

E-Learning
E-Learning | Foto (Ausschnitt): © viperagp - Fotolia.com

Дыгіталізацыя нясе з сабой шэраг выклікаў для публічных бібліятэк. У адказ на змены патрэбаў тых, хто шукае інфармацыю, яны стварылі шэраг прапаноў у галіне E-Learning.

Публічныя бібліятэкі ўжо даўно ўспрымаюць не як месцы выдачы носьбітаў інфармацыі, а хутчэй як месцы навучання. Адначасова ў выніку развіцця тэхнікі пошукі інфармацыі цяпер адбываюцца ў інтэрнэце. «Як нам, сучасным пастаўшчыкам паслуг у сферы адукацыі, адрэагаваць на гэта? Як стварыць навучальную прастору ў рэжыме анлайн?» – менавіта так гучалі пытанні, якія задаваў сабе Свен Інстынске. Будучы кіраўніком аддзела «Партал і электронны сервіс» бібліятэчнай сістэмы «Бюхерхален Гамбург», разам са сваімі калегамі ён імкнуўся стварыць «мадэль, якая б дазволіла карыстальнікам браць удзел у курсах незалежна ад месца свайго знаходжання і часу». У 2009 г. «Бюхерх ален Гамбург» – якая таксама ўдзельнічала ў пілотным праекце па выдачы электронных кніг – сталася першаадкрывальніцай: выйшла ў анлайн са сваёй E-Learning-платформай.

Мадэлі выдачы для прапаноў E-Learning

«Падчас рэалізацыі праекта вельмі цяжка было адшукаць фірму-распрацоўшчыка неабходнага праграмнага забеспячэння», – распавядае Інстынске. Большасць фірмаў спецыялізавалася на распрацоўцы E-Learning-праграм для арганізацый – яны былі прызначаныя для нутранога карыстання, а досведу выканання замоў для ўстаноў, якія працуюць з грамадскасцю, яшчэ бракавала. Але ўрэшце знайшоўся распрацоўшчык, які пажадаў здабыць новы досвед, выконваючы замову публічных бібліятэк.
 
Сёння праграма «Бюхерхален Гамбург» складае больш за сотню інтэрактыўных анлайн-курсаў –  т. зв. Web Based Tranings (WBTs). Большая частка кантэнту паходзіць з такіх галін, як электронная апрацоўка дадзеных, мова, эканоміка прадпрыемства. Ёсць курсы па вывучэнні праграм Microsoft-Office. «Мы з радасцю павялічылі б пералік нашых прапаноў, але атрымліваем ліцэнзіі толькі ад тых пастаўшчыкоў паслуг, якія абралі пэўную мадэль выдачы», – кажа Інстынске. З падобнымі праблемамі, звязанымі з аўтарскімі правамі, публічныя бібліятэкі часта сутыкаюцца, калі гаворка ідзе пра выдачу электронных кніг.
 
З сакавіка 2013 г. існуе прастора E-Learning, прызначаная для дзяцей – платформа Scoyo. На ёй можна выконваць практыкаванні і праходзіць тэсты па асноўных прадметах, якія вывучаюцца ў 1-7 класах – пры гэтым існуе магчымасць свабодна абіраць тып школы, клас і навучальныя праграмы розных федэральных зямель.

Навучанне ў рэжыме анлайн стала трэндам

Той, хто хоча скарыстацца дадзенымі паслугамі, павінен проста зайсці ў т. зв. электронную бібліятэку, якая знаходзіцца на вэб-старонцы «Бюхерхален Гамбург», і ўвесці там нумар сваёй карткі чытача. Існуе магчымасць адначасовага запісу на не больш чым дзесяць курсаў, на сканчэнне якіх даецца 90 дзён, пры гэтым можна рабіць перапынкі так часта, як заўгодна. Водгукі ад карыстальнікаў дагэтуль былі толькі станоўчыя. Дадзенай платформай карыстаюцца пяць іншых публічных бібліятэк Германіі. «Вучыцца ў рэжыме анлайн – гэта, відавочна, трэнд», – перакананы Інстынске.
 
Карысць з гэтай прапановы для публічных бібліятэк ён бачыць у тым, што прадастаўляецца доступ да іх фондаў. Акрамя таго, E-Learning дае магчымасць выйсці на новыя мэтавыя групы –асобаў, якія інтэнсіўна карыстаюцца сецівам, але яшчэ не належаць да кола чытачоў бібліятэкі.

Зрабіць прапанову бачнай

Аднак існуюць перашкоды, якія трэба пераадолець. Прапановы яшчэ добра не дапасаваныя да карыстання на такіх прыстасаваннях, як смартфоны і планшэты. «З дапамогай дадатку добра адлюстроўваюцца практыкаванні на замацаванне слоўнікавага запасу, а інструкцыя па стварэнні Power-Point-прэзентацый – не, - кажа Інстынске. – Неабходна працягваць весці працу па распрацоўцы адаптыўнага вэб-дызайну для мабільнага інтэрнэту». Аднак гэта патрабуе шмат часу і выдаткаў.

Яшчэ адна задача – папулярызаваць прапановы праз такія курсы для бібліятэкараў як «Уводзіны ў E-Learning». Нягледзячы на тое, што «Бюхерхален Гамбург», якая мае 160.000 актыўных карыстальнікаў, з’яўляецца лідэрам сярод пастаўшчыкоў адукацыйных паслуг Гамбургу, барацьба ўстаноў культуры за ўвагу кліентаў вельмі моцная менавіта ў вялікіх гарадах. Інстынске лічыць, што «недастаткова зрабіць толькі добры маркетынг платформы». «Трэба яшчэ мэтанакіравана рэкламаваць яе змест і даносіць яго да карыстальнікаў», – кажа ён. Прастора, якая добра надаецца да маркетынгавай працы – гэта, між іншым, сацыяльныя сеткі.

Blended Learning

Інстынске лічыць, што ў будучыні ў бібліятэках могуць быць рэалізаваныя канцэпцыі Blended Learning – камбінацыі з E-Learning і заняткаў, якія патрабуюць асабістай прысутнасці. Гэту мадэль ужо паспяхова выпрабавалі ў Бібліятэцы Нордэрштэта. Па-першае, наведвальнікі курсаў самастойна працуюць на камп’ютары, па-другое, група рэгулярна сустракаецца з выкладчыкам у бібліятэцы, дзе абгаворвае пытанні і разам паўторна прапрацоўвае асобныя раздзелы. У якасці арганізацый-партнёраў пры гэтым могуць выступаць мясцовыя народныя ўніверсітэты.
 
Інстынске разглядае публічныя бібліятэкі ў якасці ідэальнага месца, якое можа паяднаць дыгітальнае і рэальнае навучанне: «У нас ёсць памяшканні для сустрэч і мы можам прапанаваць паслугі ў рэжыме анлайн – найлепшае з абодвух сусветаў».