Прынцып MOOC у Германіі Рэвалюцыя альбо павышэнне кваліфікацыі?

Схема курсаў MOOC
Схема курсаў MOOC | Фота (Ausschnitt): © normanposselt.com

У той час, калі бум анлайнавых курсаў у ЗША падыходзіць да свайго заканчэння, у Германіі па-ранейшаму ўскладаюць вялікія надзеі на прынцып MOOC.

Скарот MOOC азначае Massive Open Online Course (буйнамаштабныя агульнадаступныя анлайнавыя курсы). Назва гэтых курсаў сталася сінонімам рэвалюцыі ў галіне адукацыі пасля таго, як на агульнадаступныя анлайнавыя курсы Себасцьяна Трунса Introduction to Artificial Intelligence  (Уводзіны ў штучны інтэлект) ва Універсітэце Стэнфарда запісалася 160.000 удзельнікаў.

Себасціан Трун, выкладчык інфарматыкі ва Універсітэце ў Стэнфардзе, ЗША. Себасціан Трун, выкладчык інфарматыкі ва Універсітэце ў Стэнфардзе, ЗША. | Фота: Flickr (CC) World Economic Forum Гісторыя курсаў MOOC пачалася з таго, што адзін вядомы прафесар аднаго з вядучых універсітэтаў прапанаваў сваю лекцыю ў рэжыме анлайн – бясплатна і без абмежаванняў доступу. У выніку 23.000 яе удзельнікаў здалі выніковы іспыт і затым пачаўся бум. Гэта адбылося ў 2011 г. Неўзабаве пасля гэтага «Нью-Йорк таймз» назвала 2012 г. «Годам MOOC», а шмат універсітэтаў пачалі ствараць уласныя MOOC-платформы –  Udacity, EdX і Coursera.

Тысячы ўдзельнікаў курсаў, якія навучаюцца ў рэжыме анлайн на курсах xMOOCs

У курсах MOOC можа браць удзел неабмежаваная колькасць людзей. «Буйнамаштабным» лічыцца курс, у якім бяруць удзел каля 150 чалавек, рэкорд належыць Труну – 160.000 удзельнікаў. Курсы MOOC «адкрытыя», г. зн. даступныя для ўсіх і бясплатныя. Кожны жадаючы можа зарэгістравацца ў рэжыме анлайн і ўдзельнічаць у іх. Кожны курс, як правіла, складаецца з лекцый, якія прапануюцца ў форме відэафільмаў. Тое, ці зразумелі ўдзельнікі тлумачэнні выкладчыка, правяраецца з дапамогай пытанняў з некалькімі варыянтамі адказу альбо віктарыны. Той, у каго ёсць пытанні, можа высветліць іх на форуме, запытаўшыся ў іншых ўдзельнікаў курса. Падобныя курсы, пасля сканчэння якіх здаецца выніковы іспыт, таксама называюцца курсамі xMOOC. Яны разлічаныя на як мага большую колькасць удзельнікаў і праводзяцца так, як франтальныя заняткі – толькі ў рэжыме анлайн і з большай колькасцю навучэнцаў у параўнанні з той, якую можа змясціць лекцыйная зала.

У Германіі курсы xMOOC, на якіх вывучаюцца тэмы з галіны інфармацыйных тэхналогій, прапануе, напр., Інстытут імя Хасо Платнера – гэта адбываецца на платформе Openhpi, а берлінская фірма Iversity прапануе сёння 27 розных MOOC-курсаў, прысвечаных такім тэмам, як вылічэнне імавернасці, міжнародны аграрны менеджмент альбо палітычныя філасофія.

Шмат удзельнікаў не сканчаюць курсы

Аднак сканчаюць курсы MOOC толькі ад 3 да 9 працэнтаў іх удзельнікаў. Многія проста цікаўныя, яны спыняюць удзел у курсах ужо праз два тыдні. «Працэнт тых, хто спыніў удзел у курсах MOOC, высокі нават сярод тых, хто спрабаваў здаць тэсты, але не вытрымаў іх», – кажа даследчык пытанняў адукацыі з Гамбургу Рольф Шульмайстар. – «Гэтым асобам не дапамагаюць туторы, выкладчыкі альбо арганізатары, іх проста пакідаюць у адзіноце», – у словах Шульмайстара чутны крытычныя ноткі. Аднак, магчыма, гэта цана, якую трэба плаціць за адкрытую адукацыю. Выдаўшы сябе за студэнта, Шульмайстар скончыў тры курсы MOOC і застаўся незадаволены. «Сучаснае навучанне выглядае іначай, – кажа Шульмайстар. – Нам недастаткова адной трансляцыі ведаў. Патрэбныя крытычныя галасы, а на курсах xMOOC іх не знойдзеш».

Даследчык пытанняў адукацыі праф. Рольф Шульмайстар Даследчык пытанняў адукацыі праф. Рольф Шульмайстар | Фота: gemeinfrei durch Rolf Schulmeister Спачатку лічылася, што з дапамогай курсаў MOOC можна выйсці ў першую чаргу на людзей, якія ў іншых выпадках не мелі б доступу да адукацыі. Аднак гэтае чаканне не спраўдзілася: «Большасць удзельнікаў курсаў ужо атрымалі адукацыю і разглядаюць курсы MOOC як магчымасць павысіць кваліфікацыю, – кажа Анэ Цілозен з Інстытута навучальных медый імя Лейбніца ў Цюбінгене. У мінулым годзе яна брала ўдзел у арганізацыі курса  cMOOC COER13 праз адкрытыя адукацыйныя рэсурсы (open educational resources). «С» перад скаротам MOOC азначае connectivism (канектывізм, сеткавае навучанне) і ўказвае на прынцып сеткі: удзельнікі курсаў самі вырашаюць, чым будуць займаца на іх, навучаюцца ў шчыльным кантакце з іншымі, дадаюць запісы ў блогах альбо пішуць каментары.

Людзі вучацца і шукаюць разам

Даніэла Пшэйда Даніэла Пшэйда | © Kathrin Juszczak У межах супольнага праекта Тэхнічнага Універсітэту ў Дрэздэне і Кемніцы ды Універсітэта ў Зігене тры навучэнцы і чатыры туторы арганізавалі праграму па тэме «Навучаць і навучацца з дапамогай сацыяльных сетак», працавалі з яе ўдзельнікамі, узяўшы на сябе цалкам новую ролю. «Ператвараешся ў спадарожніка ў навучальным працэсе і аніматара», – кажа навуковы супрацоўнік медыя-цэнтра Тэхнічнага Універсітэту ў Дрэздэне Даніэла Пшэйда. Гаворка ідзе пра перадачу ведаў праз навучальныя сеткі. «Веды ўжо больш не знаходзяцца ў галаве – яны размяшчаюцца ў сетках. Людзі вучацца і шукаюць разам».

Арганізатары курсаў MOOC у ЗША ўжо думаюць аб тым, як зарабіць на іх грошы. Бізнэс-мадэлі самыя розныя: гэта плата за працу з удзельнікамі курсаў, зборы за атрыманне сертыфікату аб іх сканчэнні, а таксама продаж дадзеных навучэнцаў зацікаўленым фірмам альбо патэнцыйным працадаўцам. Гаворка аб вольным доступе да бясплатных адукацыйных паслуг вядзецца даволі рэдка.