Сацыяльнае чытанне і бібліятэкі Чытаць кнігі з дапамогай браўзера

Online über Bücher diskutieren.
Online über Bücher diskutieren. | Foto (Ausschnitt): © Ammentorp - Fotolia.com

Дыгіталізацыя, якая імкліва пашыраецца, аказвае ўплыў на паводзіны чытачоў. У сеціве адбываецца адраджэнне гурткоў чытачоў мінулых дзён у форме сацыяльнага чытання. Дадзены трэнд мае наступствы і для бібліятэк.

З гістарычнага пункту гледжання сацыяльнае чытанне зусім не новае. «Ціхае рэцытаванне было цалкам невядомае да 400 н. э. Яшчэ філосаф Аўгустын дзівіўся з сучасніка, які чытаў пра сябе», – піша у тыднёвіку «Дзі цайт» журналістка Астрыд Хербольд, якая займаецца пытаннямі навукі. Менавіта ў 18 і 19 стагоддзях абмен думкамі паміж аматарамі кніг, якія аб’ядноўваліся ў гурткі чытачоў і абмяркоўвалі літаратурныя творы, дасягнуў свайго росквіту. Трэнд, які зноў вяртаецца ў якасці сацыяльнага чытання ў змененых варунках дыгітальнай эпохі і які кідае шэраг новых выклікаў выдавецтвам, навуковым і публічным бібліятэкам.

Электронны абмен інфамацыяй 

Супрацоўнік Інстытута кнігазнаўства ў Майнцы Дамінік Пляймлінг вызначае сацыяльнае чытанне як «інтэнсіўны і працяглы абмен думкамі аб тэкстах, які ажыццяўляецца ў рэжыме анлайн». Чытачы аб’ядноўваюцца ў межах кам’юніці, прысвечаных пэўным тэмам, пішуць аб сваім чытацкім досведзе, дзеляцца каментарамі і цытатамі. Лідэрам гэтага сегменту сацыяльнага чытання з’яўляецца амерыканская платформа Goodreads.com, якая налічвае дваццаць мільёнаў карыстальнікаў. Падобным чынам пабудаваны нямецкі форум Lovelybooks – ён паядноўвае міжсобку каля 80.000 аматараў кніжак, якія абменьваюцца рэкамендацыямі па чытанні кніг.
 
Т. зв. сацыяльнае чытанне 2.0 выходзіць за межы электроннай мадэлі чытацкага гуртка. Яно дае магчымасць весці дыялог ў кнізе, адначасова чытаць і каментаваць. «Калі кніга электронная, то чаму б не зрабіць так, каб ёй можна было дзяліцца?» – менавіта так гучаў дэвіз берлінскай старт-ап фірмы «Рыдміл». Створаны ў пачатку 2014 г. інтэрнэт-сервіс прапанаваў інтэрактыўны інтэрфейс для прыстасаванняў для чытання электронных кніг у якасці дадатку. Маркіроўка асобных частак тэкста была бачная для ўсіх карыстальнікаў платформы, яе можна было ўключаць і выключаць, каментаваць і публікаваць у такіх сацыяльных сетках як Фэйсбук і Твітар.

Эвалюцыя паводзінаў чытачоў 

Дырэктар Бібліятэкі Універсітэта ў Рэгенсбургу і шэф-рэдактар галіновага часопіса B. i. T.-online д-р Рафаэль Баль лічыць, што ў сферы навуковых бібліятэк сёння адбываецца паралельная эвалюцыя: «Паводзіны чытачоў змяняе не толькі лічбавы кантэнт, самі чытачы хочуць атрымліваць інфармацыю, у межах якой можна было б хутка і якасна ажыццяўляць пошук». Менавіта ў гэтым выпадку друкаваная кніга прайграе. Па словах Баля, у галіне прыродазнаўчых навук сёння выкарыстоўваюцца пераважна электронныя публікацыі, у межах якіх можна ажыццяўляць дакладны ў плане мэтаў, мовы і метадаў пошук.
 
Паводле статыстычных дадзеных з бібліятэчнай галіны, ужо ў 2012 г. навуковыя бібліятэкі Германіі выдаткавалі 41 працэнт свайго бюджэту на набыццё электронных выданняў. Публічныя бібліятэкі таксама нарошчваюць масу. «Сёння амаль 1.000 публічных бібліятэк Германіі прапануе чытачам браць у карыстанне электронныя выданні на абмежаваны тэрмін», – паведаміла ў кастрычніку 2013 г. газета «Бёрзенблат дес дойчэн хандэльс».

Шматфункцыянальныя кнігі ў сферы навукі

З навуковага пункту гледжання Рафаэль Баль можа ўзяць ад трэнду электроннага чытання толькі станоўчае: «Калі электронныя кнігі, якія змяшчаюць мультымедыйны кантэнт і спасылкі, могуць прапанваць больш, чым простую PDF-версію друкаванага выдання, то яны з’яўляюцца сапраўднымі шматфункцыянальнымі кнігамі». Што тычыцца навуковых бібліятэк, то гаворка тут ідзе хутчэй не аб сацыяльным, а аб навуковым чытанні. «Магчымасці інтэрактыўнага абмену аднак выраўніваюцца, хаця інфармацыйны абмен ажыццяўляецца не паводле прынцыпу чата», – кажа Сюзана Гёткер, якая з’яўляецца кіраўніком аддзела «Інтэграваная апрацоўка выданняў» у Бібліятэцы Універсітэта ў Дзюсельдорфе. Пры гэтым яна спасылаецца на сістэму праграмнага забеспячэння для працы ў сеціве «Мендэлі», якая, з’яўляецца сацыяльнай сеткай для навукоўцаў, і ўсебакова забяспечвае камунікацыю і кааперацыю паміж калегамі-спецыялістамі. У межах асабістага акаўнту карыстальнік, напрыклад, атрымлівае інфармацыю аб новых публікацыях альбо каментарах. Па словах Гёткер, мы несумнеўна маем справу з «працоўнай платформай будучыні».

Публічная бібліятэка ў віртуальнай прасторы 

Сёння перад публічнымі бібліятэкамі паўстаў шэраг значных выклікаў. «Сацыяльнае чытанне цяжка арганізваць на аснове іх сённяшніх структур», – тлумачыць Том Бекер – выкладчык Інстытута інфармазнаўства Вышэйшай тэхнічнай школы Кёльна, чалец Праўлення прафесійнага саюза «Інфармацыя і бібліятэка» (Berufsverband Information Bibliothek – BIB). Прычынай гэтага з’яўляюцца абмежаванні, якія дзейнічаюць у дачыненні да фондаў электронных кніг – на мясцовым узроўні і ў выніку рэгулявання ліцэнзіямі – яны не даюць магчымасці інфармацыйнага абмену з чытачамі ў іншых гарадах. Магчымым вырашэннем праблемы можа быць перавод чытацкіх клубаў, якія маюць сталыя групы карыстальнікаў, у віртуальны свет. На думку Бекера, у межах платформаў супрацоўніцтва публічныя бібліятэкі могуць адыгрываць ролю ўстаноў, якія навучаюць кампетэнцыям і ствараюць «культурную лучнасць у віртуальнай прасторы». «Гэта робіць іх цікавымі для людзей, якія нарадзіліся ў лічбавым грамадстве».