Новыя бібліятэкі Належаць чытачам, прызначаныя для чытачоў

Bibliotheksnutzer
Bibliotheksnutzer | Foto (Ausschnitt): © CandyBox Images - Fotolia.com

У бібліятэках мы звычайна маем справу з кніжкамі і іншымі выданнямі. Але ў некаторых краінах Еўропы ў цэнтры ўвагі знаходзяцца чытачы з іх інтарэсамі і пажаданнямі.

«Дзеці не любяць хадзіць у бібліятэку, – кажа дзяўчынка, якой на выгляд дзесяць гадоў, – бо гэта нецікава – глядзець на нецікавыя кніжкі». Неабходна, каб можна было б больш рухацца. Можна шмат распавядаць аб тым, як канкрэтна бібліятэкі ўяўляюць сабе гэта. Падчас творчай майстэрні ў бібліятэцы Орхуса ў Даніі дзеці маглі вольна выказваць свае ідэі. З некаторымі ідэямі знаёміць відэафільм, размешчаны на сайце бібліятэкі. Паліцы, па якіх можна лазіць, пакой для скокаў, кантэйнер з мячамі, жывёлы ў садзе і садовыя дрэвы з арэлямі на іх.

Грамадзяне Даніі бяруць удзел у прыняцці рашэнняў

На працягу 15 гадоў адміністрацыя Орхуса распрацоўвае праект новай бібліятэкі, таму яна заклікала насельніцтва падзяліцца сваім досведам і чаканнямі з праекціроўшчыкамі і архітэктарамі. Выказаць свае пажаданні і меркаванні могуць таксама ўстановы адукацыі, таварыствы і арганізацыі, якія будуць карыстацца бібліятэкай. «Усе яны дзеляцца досведам, якога не маюць бібліятэкі», –  кажа менеджар Орхускай бібліятэкі Кнуд Шульц. Аднак ідэі, якія паўсталі падчас правядзення шэрагу творчых майстэрань з дзецьмі, мы выкарысталі ў праекце не са стопрацэнтнай дакладнасцю. «Аб гэтым не было гаворкі, – кажа Шульц. – Яны былі для архітэктараў матэрыялам для роздуму і дапамагалі зразумець свет дзяцей». Стала зразумела, што бібліятэкі павінны прапаноўваць больш, чым толькі кніжныя паліцы. Шульц таксама прытрымліваецца падобнага меркавання.  «Для бібліятэк будучыні важныя не толькі носьбіты інфармацыі, але і людзі», - кажа ён. Носьбіты інфармацыі – гэта толькі адна з многіх магчымасцяў задаволіць патрэбы чытачоў.

Усеагульнае меркаванне з’яўляецца важным 

Ідэі грамадзян у Орхусу збіралі перадусім падчас дыскусій і творчых майстэрань. Пры гэтым задаваліся пытанні пра будынак: Як дабрацца да бібліятэкі? Дзе паставіць ровары? Як трапіць у будынак з метро? Былі запрошаныя ўсе ўзроставыя групы і зацікаўленыя асобы. Асаблівая ўвага была нададзеная інвалідам. «На сустрэчах з імі гаворка ішла пра тое, як дапамагчы прыйсці ў бібліятэку асобам з парушэннямі зроку, тым, хто перасоўваецца з дапамогай інваліднага вазка альбо тым, хто баіцца вялікіх памяшканняў», – тлумачыць Шульц. У цяперашні момант ідзе дыскусія пра выгляд інтэр’ераў. У гэтым працэсе важную ролю перадусім адыгрываюць партнёры. Якой яны ўяўляюць сабе канферэнц-залу? Якія прадметы неабходна мець там? Экраны? Ёмістасці з пітной вадой? Кававарку? Шульц распавядае пра шэраг розных груп, якія займаюцца распрацоўкай розных аспектаў дызайну.

У Германіі  досіць рэдкая з’ява 

«У Германіі такі від працы з чытачамі публічных бібліятэк пакуль не існуе», – мяркуе выкладчык Інстытута бібліятэка- і інфармазнаўства Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта Канрад Умлаўф. Але мае месца доўгая традыцыя працы на грамадскіх пачатках, якой трымаюцца грамадзяне. «Часта таксама праходзяць апытанні чытачоў, – кажа ён. – Яны маюць на мэце ацэнку існуючых паслуг. Апытанні ў звязку са стварэннем новых прапаноў праводзяцца даволі рэдка». Пры гэтым ён лічыць важнай менавіта падобную інфармацыю.
 
Новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі горада-федэральнай зямлі Берліна можа стацца першай нямецкай бібліятэкай, да планавання якой могуць быць наўпрост прыцягнутыя чытачы. Аднак пакуль няма пэўнасці наконт таго, ці будзе яна ўвогуле пабудаваная. Нягледзячы на гэта сёння ажыццяўляецца распрацоўка розных канцэпцый працы з чытачамі. «У цяперашні момант мы займаемся распрацоўкай фарматаў для чытачоў па асобных тэмах», – кажа прэсавы сакратар Ана Якабі. Аднак першы інструмент – «блог, прысвечаны новабудоўлі», ужо гатовы. У ім размешчаныя інавацыйныя канцэпцыі іншых бібліятэк, а чытачы могуць браць удзел у дыскусіях. Плануецца, што пазней яны змогуць публікаваць там свае допісы.

Таксама арыентаваная на чытачоў: Бірмінгемская бібліятэка 

Падобна, як і ў Орхусу, насельніцтва брытанскага Бірмінгема прымала ўдзел у распрацоўцы новай бібліятэкі. «У праекце наўпрост ўвасоблена тое, што паведамілі нам грамадзяне», – кажа Сара Роўэл з Бірмінгемскай бібліятэкі, якая адчынілася ў верасні 2013 г. Будынак злучаны з тэатрам, які знаходзіцца па суседзству, ёсць амфітэатр і месца для выстаў, канцэртаў, фільмаў і літаратурных чытанняў. «На прыкладзе нашага будынка бачна, што бібліятэка можа быць дынамічным прывабным цэнтрам грамадскага жыцця, – кажа Роўэл. – Грамадзяне маюць шмат нагодаў, каб наведаць бібліятэку. Такім чынам для іх павялічваюцца магчымасці павысіць адукацыю і рэалізаваць уласны патэнцыял».
 
І ў Бірмінгеме, і ў Орхусу чытачы могуць ініцыяваць набыццё кніг і іншых носьбітаў інфармацыі, якіх ім не хапае ў каталогу. Простай працэдуры – такой, як праз Patron Driven Acquisition (PDA) – мадэлі, з дапамогай якой чытачы распачынаюць працэс заказа электронных кніг для сваёй бібліятэкі, у абедзвюх бібліятэках не існуе. Гэту мадэль выкарыстоўваюць пакуль перш за ўсё навуковыя бібліятэкі.

Бібліятэка як мультыфункцыянальны цэнтр

У новай бібліятэцы Орхуса творчыя майстэрні і культурныя імпрэзы таксама будуць адыгрываць важную ролю. Да таго ж менеджар бібліятэкі Шульц разглядае бібліятэкі як цэнтры інавацый. Плануецца праводзіць у бібліятэцы мерапрыемствы хакерскага руху – культуры «зрабі сам» часоў электроннай эпохі. У яе межах можна майстраваць нешта са старой тэхнікі – напрыклад, выкарыстоўваць стары айпад для стварэння іншых рэчаў. «Гэта надзвычай актуальна, – кажа Шульц і распавядае, што падобныя ідэі ўзнікаюць у працэсе дыялогу не з чытачамі, але хутчэй з партнёрамі – такімі, як прадстаўнікі медый альбо моладзевых арганізацый. – Большасць чытачоў па-ранейшаму бачыць бібліятэку як месца, дзе ёсць кнігі і іншыя носьбіты інфармацыі». Але Шульц лічыць, што ў бібліятэцы побач з тым, што ведаюць і хочуць мець чытачы, павінна таксама быць месца для такіх рэчаў, якіх яны не чакаюць.