Бібліятэкі, архівы, музеі Выклікі ў справе захавання электроннай спадчыны

Computerdaten
Computerdaten | Foto (Ausschnitt): © lucadp - Fotolia.com

Бібліятэкам, архівам і музеям неабходна захоўваць вялікую колькасць і шырокі дыяпазон лічбавых аб’ектаў на працягу доўгіх тэрмінаў. Гэта з’яўляецца для дадзеных устаноў вялізарным выклікам.

У адрозненне ад класічнага спосабу захавання фізічных аб’ектаў мэтай архівіравання лічбавых аб’ектаў з’яўляецца захаванне не носьбіта інфармацыі, а лічбавай інфармацыі і магчымасцей яе інтэрпрэтацыі. Галоўная праблема палягае ў тым, што доступ да электроннай інфармацыі можна атрымаць толькі з дапамогай адпаведных апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, якія аднак стала і хутка змяняюцца.

Выклікі ў галіне тэхнікі

Доўгатэрміновае электроннае архівіраванне азначае, што бібліятэкам, архівам і музеям неабходна быць у стане кожнага разу наноў ствараць умовы, якія неабходныя для карыстання іх электроннымі фондамі. Здольнасць захоўваць электронную інфармацыю, якая складаецца з нулёў і адзінак – плыню бітаў – гэта толькі базавая функцыя. Акрамя таго, неабходна захаваць магчымасць інтэрпрэтацыі дадзеных. Пры гэтым існуюць дзве стратэгіі: па-першае, лічбавыя аб’екты можна дапасаваць да існуючай тэхнікі. У гэтым выпадку дадзеныя пераводзяцца ў новыя фарматы. Па-другое, у сучасных сістэмах ствараецца магчымасць працы паводле старых тэхнічных параметраў – гэта забяспечвае ўмовы, неабходныя для карыстання нязменнымі дадзенымі. Абодва метады шмат каштуюць і могуць быць памылковымі.

Праблема выбару

У ідэальным выпадку неабходна, каб бібліятэкі, архівы і музеі захоўвалі тую лічбавую інфармацыю, якая патрэбная сёння альбо спатрэбіцца ў будучыні. Аднак як сёння вызначыць тое, што будзе выклікаць інтарэс у будучыні? Хаця гэта – старая праблема, аднак у дыгітальным свеце яна паўстае з новай вастрынёй. У адрозненне ад рэальнага свету памылкі з цяжкасцю паддаюцца выпраўленню ў будучыні. Інфармацыя, якую не заархівіравалі неўзабаве пасьля яе з’яўлення, часта ўжо згубілася незваротна – да таго моманту, калі ў будучыні прышлі да высновы, што яе варта было б захаваць. Электронны адпаведнік адвольнага запаснога фонду не з’явіца ніколі.
 
Падобна да працы ў рэальным свеце, бібліятэкі, архівы і музеі робяць выбар і ў віртуальным, зыходзячы з уласных задач і магчымасцяў. Але што, уласна кажучы, з’яўляецца нашай электроннай культурнай, навуковай і адміністратыўнай спадчынай і як яе можна захаваць? Улічваючы хуткую змену формаў і неверагодна вялікі аб’ём інфармацыі, а таксама іх хуткаплыннасць важным падаецца грамадскае абмеркаванне гэтага пытання. Дзейнасць класічных бібліятэк, архіваў і музеяў дагэтуль ахоплівае толькі частку цэлага.

Кошты, фінансаванне і падрыхтоўка кадраў

Адзін з галоўных выклікаў – забяспечыць усебаковае і грунтоўнае фінансаванне. Дзіўна, але дагэтуль шмат устаноў атрымліваюць фінансавыя сродкі на ажыццяўленне доўгатэрміновага архівіравання з крыніц, прызначаных на фінансаванне абмежаваных у часе праектаў. Шчыльна звязаным з тэмай доўгатэрміновага фінансавання з’яўляецца пытанне аб тым, ці існуюць кадры для выканання новых задач, якія можна задзейнічаць і пасля сканчэння тэрмінаў рэалізацыі праектаў.

Актары і структуры

Да гэтуль шматлікія бібліятэкі, архівы і музеі вычэрпывалі свае магчымасці выканання ўжо існуючых задач у віртуальнай сферы. Перш за ўсё перагружаныя невялікія арганізацыі. З-за павольнага развіцця дзяржаўных устаноў ролю такіх прыватных ініцыятыў, як, напрыклад, Internet Archiv яшчэ нельга дакладна ацаніць. Важна і тое, што паспяховае фінансаванне доўгатэрміновага архівіравання можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі ўдасца далучыць да дзейнасці па захаванню лічбавай інфармацыі яе стваральнікаў.
 
Паколькі падобныя праблемы паўстаюць перад многімі арганізацыямі, важнай з’яўляецца сумесная праца па выпрацоўцы паспяховых вырашэнняў праблем. У Германіі супрацоўніцтва ажыццяўляецца праз нямецкую сетку кампетэнцый у галіне доўгатэрміновага архівіравання «Нестар» (Nestor). Галіновыя публікацыі і мерапрыемствы даюць магчымасць абмену думкамі паміж калегамі, на аснове якога ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі кадраў,  а таксама выпрацоўка стандартаў і кантроль за імі.

Недасканалая заканадаўчая база

Абсяг дзейнасці бібліятэк, архіваў і музеяў абмяжоўваецца існуючымі законамі аб аўтарскім праве. Так, часам неабходна рабіць копіі і апрацоўваць матэрыял, каб атрымаць інфармацыю. Гэтыя дзеянні закранаюць сферу аўтарскага права, таму на іх ажыццяўленне трэба атрымаць дазвол праваўладальніка. Урэгуляванне шляхам змены заканадаўства прынесла б палёгку ў гэтай справе. Аднак патрабаванні бібліятэк, архіваў і музеяў застаюцца марнымі ўжо шмат гадоў. Тым самым сённяшняе заканадаўства стаецца прычынай з’яўлення ў бібліятэк, архіваў і музеяў дыгітальнай амнезіі, а таксама таго, што доўгатэрміновае архівіраванне будзе адбывацца з парушэннямі.

Шырокае грамадскае абмеркаванне праблем захавання культурнай спадчыны

Вялікая колькасць нямецкіх бібліятэк, архіваў і музеяў паставіла сабе мэту выконваць важную для грамадства задачу захавання культурнай, навуковай і адміністратыўнай спадчыны ў віртуальным свеце. Пры гэтым фундатары не разглядаюць яе ў якасці законнай асноўнай задачы бібліятэк, архіваў і музеяў. Больш таго, не існуе агульнапрынятай нацыянальнай стратэгіі ў галіне доўгатэрміновага архівіравання. Сённяшняя заканадаўчая база таксама ўскладняе бібліятэкам, архівам і музеям выкананне задач у дыгітальнай галіне.
 
Самі бібліятэкі, архівы і музеі не ў стане забяспечыць стварэнне новых рамкавых умоў для захавання электроннай культурнай спадчыны. Неабходна, каб адбылося шырокае грамадскае абмеркаванне гэтай праблемы.
 
Дадзеная публікацыя – апрацаваны рэдакцыяй артыкул: Tobias Beinert/Armin Straube: Aktuelle Herausforderungen der digitalen Langzeitarchivierung. // Paul Klimpel und Jürgen Keiper (Hrsg.): Was bleibt? Nachhaltigkeit der Kultur in der digitalen Welt. Berlin 2013.