Новыя будынкі бібліятэк Зыходны пункт для развіцця гарадоў

Гарадская бібліятэка Штутгарта
Гарадская бібліятэка Штутгарта | © Eduard Oertle - Fotolia.com

Уражваючыя будынкі бібліятэк ажыўляюць гарадскія кварталы ва ўсім свеце. У многіх гарадах яны паспяхова выкарыстоўваюцца як зыходны пункт для развіцця раёнаў гарадоў, якія здаваліся бесперспектыўнымі.

Цягам апошніх гадоў шэраг метраполій і невялікіх гарадоў займеў візітныя карткі ў абліччы новых будынкаў бібліятэк.  Сярод іх можна ўзгадаць Ванкувер, Сіэтл, Мехіка, Сан-Паўла і Токіа, а таксама Вену, Амстэрдам, Штутгарт і Бірмінгем. Публічныя бібліятэкі – гэта адбылося менавіта ў дыгітальную эпоху – ператварыліся ва ўстановы, якія ўплываюць на працэс забудовы гарадоў.

Адкрытая прастора, якая дзейнічае нібыта магніт

У новых, незвычайных у архітэктурным плане будынках знаходзяцца памяшканні, куды лёгка трапіць, дзе прыемна знаходзіцца. Разам з сучаснымі некамерцыйнымі прапановамі бібліятэк яны маюць вялікую прыцягальную сілу для грамадзян рознага ўзросту, якія належаць да розных слаёў грамадства. Адным з апошніх прыкладаў можа быць новая бібліятэка Бірмінгема. Маючы карысную плошчу памерам у 31.000 кв. м., яна з’яўляецца самай вялікай публічнай бібліятэкай Еўропы. Велічны будынак быў узведзены зусім непадалёк ад ранейшага месцазнаходжання бібліятэкі. Нягледзячы на гэта з моманту адкрыцця бібліятэкі ў верасні 2013 г. сюды прыходзіць у два разы большая колькасць людзей у параўнанні з той, што была раней. Замест ранейшых 4.000 штодня ў «Палац народа» прыходзяць 10.000 грамадзян.

Зыходны пункт для развіцця гарадоў

«Бібліятэкі з’яўляюцца сёння найважнейшымі грамадскімі будынкамі – такое значэнне мелі раней цэрквы», – мяркуе Франсін Хубен. У адрозненне ад іншых устаноў культуры і адукацыі бібліятэкі сапраўды выступаюць у якасці рухавіка у справе забудовы ўнутрыгарадской прасторы. Яны выступаюць у ролі зыходнага пункту для праектавання чагосьці новага. Амаль адначасова ў многіх гарадах – гэта часткова планавалася, часткова не – бібліятэкі былі першымі і адзінымі будынкамі ў раёнах, якія неабходна было перапланаваць. Гэта можна сказаць на адрас новага будынка Публічнай бібліятэкі Амстэрдама, якая знаходзіцца ў раёне Остэрдок – невялікім квартале непадалёк ад вакзала, які раней выкарыстоўваўся ў якасці перавалачнага пункта для тавараў. Пасля адкрыцця ў ліпені 2007 г. будынка бібліятэкі, спраектаванага нідэрландскім архітэктарам-планавальнікам гарадской забудовы Йо Кёненам, квартал вельмі хутка ператварыўся ў ажыўленае месца.

Публічныя бібліятэкі прыцягваюць матываваных людзей, людзей, якія хочуць штосьці даведацца, чамусьці навучыцца, абменьвацца думкамі з іншымі і развівацца. Яны робяць квартал ажыўленым месцам на працягу цэлага дня – ад ранку да вечара, а ў большасці краін – ва ўсе сем дзён тыдню. Бібліятэкі выступаюць у раёнах горада ў якасці кропкі прыцягнення, маса наведвальнікаў выклікае з’яўленне кропак грамадскага харчавання і гандлёвых аб’ектаў.

Рухавік для павышэння прэстыжу гарадскіх кварталаў

Бібіятэка можа выступаць у якасці магніту ў неабжытых раёнах – на карысць гэтага сведчыць прыклад Штутгарта. Новая гарадская бібліятэка на Майлендэр Плац знаходзіцца на былой тэрыторыі вакзала, запланаванае далейшае развіццё якога было прыпынена ў сувязі з пратэстамі грамадскасці. Падчас свайго адкрыцця ў 2011 г. спраектаваная паўднёвакарэйскім архітэктарам Эунам Янгам Йі бібліятэка знаходзілася амаль адна пасярод вялікай будоўлі. Аднак нягледзячы на гэта, чытачы ўсё-ткі прыходзілі.

Бібліятэкі таксама выкарыстоўваюцца з мэтай павышэння прэстыжу праблемных раёнаў гарадоў. Напрыклад, у Зальцбургу было вырашана размясціць новы будынак гарадской бібіятэкі не ў цэнтры, а ў праблемным у сацыяльным плане раёне горада, на былой тэрыторыі стадыёна. У выніку выйграў не толькі раён горада – у бібліятэцы з’явіліся новыя чытачы. У бразільскім Сан-Паўла Бібліятэка Сан-Паўла была пабудаваная на тэрыторыі, якая мяжуе з кварталам, дзе жыве бедната. Там, дзе раней была турма, паўстаў адукацыйны кампус: мноства школ і бібліятэка знаходзяцца побач на тэрыторыі парка. Бібіятэка свядома прапануе паслугі на свежым паветры, ствараючы тым самым сувязі з наваколлем, якое з’яўляецца праблемным у сацыяльным плане.

Буйныя праекты бліжэйшых гадоў

Тым часам расце колькасць гарадоў, якія мэтанакіравана выкарыстоўваюць моцныя імпульсы, што зыходзяць ад бібліятэк, падчас планавання гарадской забудовы. У бліжэйшыя гады ў цэнтры ўвагі будуць знаходзіцца буйныя праекты пабудовы бібліятэк у скандынаўскіх краінах. У канцы 2014 г. у Орхусу павінен адкрыцца Urban Media Space, спраектаваны дацкімі архітэктарамі Шмідтам, Хамерам і Ласенам. Таксама і ў гэтым выпадку бібліятэка, што мае імя Dokk 1, павінна стацца ключавым праектам, які дасць штуршок забудове цалкам неасвоенай і аддзеленай ад горада тэрыторыі – былой гавані і прамысловых буданкаў. У Нарвегіі і Фінляндыі буйныя бібліятэкі, якія пакуль праектуюцца, таксама будуць знаходзіцца бліжэй да вады – аднак яны не выступаюць у ролі ключавых праектаў. Хутчэй яны будуць цэнтральнымі пунктамі кластэраў культуры. У 2017 г. у новы прыгожы будынак, які будзе размяшчацца ў Б’ёрвіку – маладым раёне Осла ля гавані, павінна перабрацца «Дайхманске бібліятэк» – найвялікшая бібліятэка Нарвегіі. Крыху пазней у раёне ля затокі Цёлёнлахці павінна адкрыцца новая Цэнтральная бібліятэка Хельсінкі.