Хакерспейсы ў бібліятэках Творчыя майстэрні XXI стагоддзя

3D-прынтар у Гарадской бібліятэцы Кёльна
3D-прынтар у Гарадской бібліятэцы Кёльна | © City Library fo Cologne

У нямецкіх бібліятэках праходзяць першыя эксперыменты па ўвядзенні адкрытых творчых майстэрань, т. зв. хакерспейсаў. Пазітыўны досвед паказвае, што бібліятэкі і рух «Зрабі сам» добра падыходзяць адзін да аднаго.

Хакерспейсы – гэта адкрытая для ўсіх прастора, дзе людзі творча працуюць з фізічнымі аб’ектамі. Гэта прастора для новых ідэй і праектаў «зрабі сам». Хакерспейс, які таксама называюць FabLab (Fabrication Laboratory - творчая лабараторыя) – гэта, так бы мовіць, падвал для аматараў часоў дыгітальнай эпохі. У якасці інструментаў выступаюць не піла і дошкі альбо нажніцы і тканіна, але лазарныя разакі і 3D-прынтары. Новыя хакерспейсы служаць найперш стварэнню сетак. Людзі больш не майструюць штосьці на самоце, але эксперыментуюць разам з іншымі ў адкрытых для ўсіх лабараторыях з сучаснай тэхнікай, абменьваюцца досведам і знаходзяць аднадумцаў.

Першыя хакерспейсы ў нямецкіх бібліятэках

Рух па стварэнні хакерспейсаў, які з’явіўся ў ЗША ў першыя гады новага тысячагоддзя, сёння дайшоў да нямецкіх бібліятэк. У 2013 г. Гарадская бібліятэка Кёльна першай у Германіі адкрыла хакерспейс. Побач з 3D-прынтарам і сканерам у распараджэнні чытачоў на новым паверсе медый у Цэнтральнай бібліятэцы, размешчанай на Ёзэф-Хаўбрых-Хоф, знаходзяцца таксама айпады, электраклавішы, гітары, а таксама ланчпад, з дапамогай якога ажыццяўляецца кіраванне праграмамі па стварэнні музыкі. Чытачы могуць алічбоўваць тут кружэлкі, запісваць падкасты, пісаць музыку на айпадах і рабіць шмат іншых рэчаў. «З дапамогай хакерспейсаў мы пашыраем ноў-хаў – гэта адбываецца па-за межамі існуючай адукацыйнай сістэмы – і тым самым робім свой унёсак у справу роўнасці шанцаў», – тлумачыць дырэктар Гарадской бібліятэкі Кёльна Ханэлорэ Фогт. У межах хакерспейса кожны можа далучыцца да апошніх дасягненняў тэхнікі.
 
У 2014 г. першай навуковай бібліятэкай, якая пратэставала магчымасці творчай лабараторыі, стала Бібліятэка федэральнай зямлі Саксонія – Бібліятэка Універсітэта ў Дрэздэне (SLUB): гэта была сумесная акцыя бібліятэкі, некалькіх кафедраў Тэхнічнага ўніверсітэта і творчай майстэрні «ФэбЛэб Дрэздэн» – вандроўнай высокатэхналагічнай майстэрні, якая мае 3D-прынтар і лазарны разак.

Развіццё кампетэнцый як ключавое заданне бібліятэк

Чаму ствараць хакерспейсы пакліканыя менавіта бібліятэкі? Ці можна разглядаць майстэрні як лагічны працяг той працы, якую бібліятэкі рабілі раней? Ці, можа, бібліятэкі абралі цалкам іншы кірунак развіцця? Ханэлорэ Фогт бачыць тут хутчэй працяг традыцый, а не змены. «У прынцыпе хакерспейсы – гэта штосьці цалкам новае, калі пакінуць па-за ўвагай гадзіны майстравання ў дзіцячых бібліятэках. Аднак асноўная ідэя мае шмат агульнага з традыцыйнымі задачамі бібліятэкі як месца навучання, месца, дзе адбываецца камунікацыя і далучэнне да новага».
 
Лукас Ём, які забяспечваў працу вандроўнай майстэрні ў Бібліятэцы федэральнай зямлі Саксонія – Бібліятэцы Універсітэта ў Дрэздэне, таксама лічыць, што хакерспейсы – гэта вынік паслядоўнага развіцця. «У бібліятэцы можна знайсці падрабязную інфармацыю па амаль любой тэме. Аднак розныя дысцыпліны маюць розныя патрабаванні. Што тычыцца гуманітарных навук, то дастаткова працаваць з тэкстамі, а вось у выпадку прыродазнаўчых дысцыплін неабходна мець магчымасць працы з рознага роду фізічнымі аб’ектамі».

Галоўныя мэты – стварэнне сетак і павышэнне кваліфікацыі

Першы досвед працы з хакерспейсамі бібліятэкары ацэньваюць у цэлым як цалкам станоўчы. «Прапанова была добра сустрэтая, - кажа Ём, - а на курсы працы з інструментамі, якія прапанавала майстэрня ў Дрэздэне, прыходзіла шмат наведвальнікаў». Акрамя таго, кафедры, якія бралі ўдзел у супрацоўніцтве, арганізавалі і паспяхова правялі ў хакерспейсе летнюю школу, прысвечаную тэме тэхналогій. Натхнёны пазітыўным досведам Ём плануе разам з партнёрамі арганізаваць майстэрню ў Бібліятэцы федэральнай зямлі Саксонія – Бібліятэцы Універсітэта ў Дрэздэне на сталай аснове. Пры гэтым зразумела, што адно набыццё апаратных сродкаў не азначае стварэнне хакерспейса: «Для працы з чытачамі неабходна мець супрацоўнікаў, правесці ўводны курс, які б навучаў тонкасцям абыходжання з новай тэхнікай».
 
Хакерспейс у Кёльне даўно працуе з сеткай чытачоў, якая добра зарэкамендавала сябе. «Бібліятэка толькі перадае веды і прадастаўляе магчымасці, – тлумачыць Ханэлорэ Фогт. – Яна прадастаўляе памяшканні і тэхніку, а людзі дапамагаюць адзін аднаму і дзеляцца ведамі». У цэнтры ўвагі – стварэнне сетак, прадастаўленне інфармацыі і павышэнне кваліфікацыі. «Вялікая колькасць нашых курсаў ствараецца грамадзянамі для грамадзянаў. Пры гэтым канцэпцыя свядома прадугледжвае прастору для творчасці».
 
Важным момантам для Фогт з’яўляецца таксама навучанне, якое ахоплівае розныя пакаленні. У межах кёльнскага хакерспейса навучэнцы школы імя імператрыцы Аўгусты прапануюць такія курсы як «Стварэнне музыкі з дапамогай айпада», «Як стварыць блог?», «Лічбавая апрацоўка» і «Курс па вывучэнні 3D для пачаткоўцаў». «У выніку нашымі прапановамі карыстаюцца не толькі знаўцы тэхнікі, але і ўсе тыя, хто захаваў цікавасць да новага».