Дадаткі ў бібліятэках Кніжны свет у смартфоне

App Oriental Books
App Oriental Books | © Bayerische Staatsbibliothek

Мабільныя дадаткі бібліятэк не толькі прадастаўляюць доступ да фондаў. Працяглы час існуюць праграмы, магчымасці якіх не абмяжоўваюцца звычайнай прэзентацыяй.

Бібліятэка змяшчаецца ў кішэні. З дапамогай мабльнага тэлефона альбо планшэта карыстальнікі могуць браць у карыстанне кнігі з любой кропкі ў свеце, знаёміцца з гістарычнымі картамі Баварыі ў электроннай форме альбо ажыццяўляць пошук у архіве газет часоў Першай сусветнай вайны. Тыя, хто працуе ў галіне адукацыі, адкрываюць для сябе новыя магчымасці мабільных дадаткаў. Існуюць самыя розныя прапановы, а тэхнічны прагрэс у гэтай галіне ўражвае.

Каталогі, скарбы і віртуальная рэальнасць

«Існуюць тры віды дадаткаў, – тлумачыць Юля Бергман. Будучы трэнеркай інфармацыйнай кампетэнцыі, яна праводзіць для бібліятэк кансультацыі па пытаннях стратэгій дзеяння ў віртуальным свеце. – Па-першае, дадаткі для працы з каталогамі, з дапамогай якіх можна атрымліваць доступ да электронных каталогаў, па-другое, дадаткі для працы са скарбамі – з іх дапамогай бібліятэкі прадастаўляюць доступ да спецыяльных фондаў свайго архіву – напрыклад, да каштоўных рукапісаў, і, урэшце, дадаткі дапоўненай рэчаіснасці, якія зводзяць разам інфармацыю з рэальнага свету і лічбавыя дадзеныя. Так, напрыклад, на выяве з экрана мабільнага тэлефона высвечваецца дадатковы слой дадзеных.
 
Па словах Бергман, у тэхнічным плане неабходна адрозніваць вэб-дадаткі ад уласна дадаткаў. Апошнія можна запампаваць на мабільнае прыстасаванне, яны не патрабуюць злучэння з інтэрнэтам і выкарыстоўваюць функцыі смартфона альбо планшэта: гэта компас, GPS, камера і мікрафон. Амаль што ўсе бібліятэчныя дадаткі прыдатныя для выкарыстання ў аперацыйных сістэмах лідараў рынку - Apple (iOS) і Google (Android).
 
Самымі нескладанымі з’яўляюцца дадаткі для працы з каталогамі: «Часта гэта проста старонкі для мабільных тэлефонаў, дапасаваныя да чытання на канцавых прыстасаваннях», – кажа Бергман. У цэлым задавальняюча распрацаванымі пастаўшчыкамі паслуг для бібліятэк стандартнымі сістэмамі карыстаюцца як навуковыя, так і публічныя бібліятэкі. Адпаведна і дадаткі выглядаюць гамагенна. На думку Бергман, толькі некаторыя з іх можна параўнаць з дадаткам для працы з каталогамі, які прапануе, напрыклад, Нью-Ёркская публічная бібліятэка – ён мае ўзорны характар ва ўсіх адносінах. Дадатак NYPL Mobile мае сканар штрых-кодаў, з дапамогай якога можна праверыць, ці знаходзіцца якая-небудзь кніжка з кнігарні ў фондах бібліятэкі. Акрамя таго, ён дазваляе браць у карыстанне кантэнт у электроннай форме, дасылае паведамленні аб тым, калі трэба здаць выданне, а таксама дазваляе працаваць з акаўнтам чытача.

Вядомыя кніжкі ў якасці папулярных дадаткаў

Аплата збораў з дапамогай дадаткаў у Германіі не дазволена, але нямецкія бібліятэкі паспяхова выкарыстоўваюць іншыя магчымасці. Так, напрыклад, Бібліятэка зямлі Саксонія – Бібліятэка Універсітэта ў Дрэздэне таксама прапануе дадатак са сканерам штрых-кодаў. А дадатак EconBiz Нямецкай цэнтральнай бібліятэкі эканамічных навук у Гамбургу і Кілі дае магчымасць не толькі ажыццяўляць пошук, але і весці размову з бібліятэкарам-кансультантам праз чат.
 
Яшчэ ў 2010 г., калі стала зразумела, што мабільныя дадаткі карыстаюцца поспехам, Баварская дзяржаўная бібліятэка (БДБ) распрацавала свой першы дадатак, які называўся Famous Books. Ён змяшчае скарбы з алічбованых фондаў, сярод якіх такія рарытэты, як «Песня пра Нібелунгаў»: за прамінулы час яна была спампавана каля 80.000 разоў. «Для дадатку, прызначанага для сферы культуры, гэта вялікая колькасць», – заўважае намеснік генеральнага дырэктара БДБ Клаўс Цэйнова. А вось падобны дадатак Oriental Books, які, між іншым, змяшчае рэдкія рукапісныя асобнікі Карана, як раз наадварот, не апраўдаў чаканняў. Выснова, якую робіць Цэйнова: «Распрацоўваючы дадатак, неабходна зыходзіць з інтарэсаў чытачоў».
 
Таксама і фонд Пруская культурная спадчына ў Берліне прапануе дадатак «Скарбы культуры» (Kulturschätze). Дадатак змяшчае 24 аб’екты з тлумачэннямі ў форме выяў і аўдыязапісаў, сярод іх – аўтограф «Разбітага келіха» Генрыха фон Кляйста альбо першая нямецкая кніга, прысвечаная шахматам – выдання 1616 г.

Прайсці па слядах караля, выкарыстоўваючы лічбавыя тэхналогіі

Дадаткі дапоўненай рэчаіснасці могуць прапанаваць больш, чым проста якасна зробленыя прэзентацыі. Першапраходнікам у гэтай галіне ў Германіі зноў была Баварская дзяржаўная бібліятэка. Па словах Цэйнова, сталі «напоўніцу выкарыстоўваць інтэрактыўныя магчымасці новых дадаткаў». «Людвіг II – па слядах казачнага караля» (Ludwig II – Auf den Spuren des Märchenkönigs) – гэта дадатак, звязаны з месцам знаходжання – дзякуючы яму ў 140 месцах Баварыі і Еўропы можна атрымаць доступ да інфармацыі, звязанай з каралём – яна высвечваецца ўжывую на экране смартфона. Дадатак «Баварыя на гістарычных картах» (Bayern in historischen Karten) дае магчымасць вызначаць метадам геакадавання сваё месцазнаходжанне на адной з 250 картаў, выдадзеных у 16-19 стагоддзях. А bavarikon3D дэманструе мастацкія скарбы з устаноў культуры Баварыі, дакладней іх трохвымерныя алічбаваныя выявы, якія можна павялічваць, паварочваць і разварочваць.
 
Папулярным быў і дадатак «Сусветны пажар 1914 г.» (Weltbrand 1914) Дзяржаўнай бібліятэкі Універсітэта ў Гамбургу: з яго дапамогай можна прасачыць пачатак і хаду Першай сусветнай вайны, радок за радком чытаючы загалоўкі артыкулаў з нумароў газеты «Гамбургер нахрыхтен» тых часоў. Юля Бергман перакананая, што дадаткі дапоўненай рэчаіснасці «маюць вялікі патэнцыял, якім у будучыні могуць карыстацца бібліятэкі». Нягледзячы на тое, што на выкарыстанні дадаткаў, якія амаль заўсёды распрацоўваюць прадпрыемствы з іншых галінаў, нельга зарабіць грошы, адбываецца значнае паляпшэнне іміджу бібліятэк. «Прапануючы дадаткі, – падкрэслівае Цэйнова, – бібліятэкі выступаюць у ролі сучаснага пастаўшчыка адукацыйных паслуг».