Часопісы для жанчын «Па-ранейшаму стыгматызаваныя»

Чытачка
Чытачка | Foto (Ausschnitt): © Antonioguillem - Fotolia.com

Часопіс «Брыгіта» дасягнуў пенсійнага ўзросту: яму споўнілася 60 гадоў. У мінулыя гады часопісы для жанчын, падобныя да яго, крочылі разам з часам – за эмансіпацыяй. Па словах д-ра Катрын Фрыдэрыке Мюлер, навуковага супрацоўніка праекта Das mediatisierte Zuhause, які ажыццяўляецца ва Універсітэце ў Мюнстэры, грамадства і сёння не ўспрымае іх усур’ёз.

Спадарыня Мюлер, што ўяўляюць сабой сённяшнія часопісы для жанчын і як яны адлюстроўваюць жыццё грамадства?

Спачатку неабходна вызначыцца, пра якія падкатэгорыі часопісаў для жанчын ідзе гаворка. Няварта параўноўваць такія класічныя часопісы для жанчын, як «Брыгіта», «Фюр зі» альбо «Фройндын» з такімі выданнямі вясёлкавай прэсы, як «Бунтэ», «Гала» альбо такімі фемінісцкімі часопісамі, як «Эма». Аднак часопісы для жанчын у шырокім сенсе слова належаць да нешматлікіх медый, якія звяртаюцца да тэматыкі, звязанай з жыццём жанчын, якой не знайсці ў іншых СМІ. Зразумела, што пры гэтым гаворка ідзе ў форме клішэ – пра тое, што ўяўляе сабой жаноцкасць, што ўваходзіць у азначэнне жанчыны. Бо часопісы для жанчын заўсёды кіруюцца ўяўленнем, што ў цэнтры ўвагі заўсёды знаходзіцца пол. Таму яны звяртаюцца да такіх тэмаў, як прыгажосць, касметыка, гатаванне – карацей, да традыцыйных жаночых тэмаў.

Ці цікавяць яшчэ сучасных жанчын падобныя спецыфічныя тэмы?

Вядома. Усё заўсёды залежыць ад таго, як яны падаюцца журналістамі. У межах працы над сваёй дысертацыяй я запытала ў 19 чытачак «Брыгіты», чаму яны чытаюць гэты часопіс. Гэтыя жанчыны свядома абіраюць «Брыгіту», бо лічаць, што яна ёсць больш якаснай, эмансіпіраванай і патрабавальнай, чым іншыя часопісы для жанчын. Але адначасова яны хочуць адчуваць сябе жанчынамі і знаёміцца з тэмамі, прысвечанымі жаночай гендэрнай ролі ў традыцыйнай форме альбо са штодзённым досведам жанчын – чаго часта не знойдзеш у іншых СМІ.

Жаночыя часопісы чытаць не прынята

Чаму жанчыны часта не прызнаюцца, што чытаюць жаночыя часопісы?

Катрын Фрыдэрыке Мюлер Катрын Фрыдэрыке Мюлер | © Катрын Фрыдэрыке Мюлер Гэта звычайны фенамен, які навука называе «сацыяльнай пажаданасцю». У адпаведнасці з ім людзі неахвотна прызнаюцца ў рэчах, пра якія вядома, што яны не будуць добра ўспрынятыя іншымі. Акрамя таго, часопісы для жанчын – гэта СМІ, якія з’яўляюцца стыгматызаванымі. У Германіі сітуацыя з імі горшая, чым у іншых краінах. Усё, што звязана з забавамі, ёсць тут у пэўнай ступені заганным. Да таго ж сюды дадаецца і звязаны з полам кампанент. Гэта азначае, што часопісы для жанчын лічаць не вельмі паважнымі, неабавязковымі – чымсці, што не варта ўспрымаць усур’ёз. Чытачкі ведаюць пра гэта і таму неахвотна прызнаюцца ў тым, што чытаюць іх.
 
Існуе стэрэатып, згодна з якім інтарэсы жанчын у галіне медый з’яўляюцца неістотнымі. Гэта можна ўбачыць, калі параўнаць іх з інтарэсам да спорту – класічнай мужчынскай тэматыкай. Спорт карыстаецца прызнаннем з боку грамадства, стаўленне да яго як да сферы дзейнасці журналістаў зусім іншае. Ніколі не вядуцца дыскусіі пра тое, ці глядзець, напрыклад, чэмпіянат свету па футболе, сыходзіць з гэтай прычыны раней з працы альбо змяняць час правядзення якіх-небудзь мерапрыемстваў. У выпадку звязаных з полам тэм, якія цікавяць у першую чаргу жанчын, гэта было б цалкам немагчыма. Усё, што лічыцца важным мужчынамі, па-ранейшаму разглядаецца ў грамадстве як больш важнае.

У маі 2014 года «Брыгіце» споўнілася 60 гадоў. Чым адрозніваецца «маці жаночых часопісаў» ад іншых выданняў?

У «Брыгіты» іншыя патрабаванні, іншая канцэпцыя падачы палітычных тэм, крытыкі грамадства і інтэрв’ю з асобамі сучаснасці. Ужо ў 1970-я гады «Брыгіта» мела зусім іншы імідж, бо выступала ў той час за правы жанчын: напрыклад, яна адназначна была супраць параграфа 218, выказвалася за тое, каб жанчыны займаліся прафесійнай дзейнасцю, за сумяшчэнне сям’і і працы.

Фемінізм – спрэчная тэма

Ці падабаўся ў тыя часы чытачкам «Брыгіты» фемінісцкі часопіс «Эма»?

Маё даследаванне сведчыць аб тым, што ў тыя часы жанчыны часта чыталі абодва часопісы. Але потым надышоў момант, калі спатрэбілася прыняць рашэнне. «Эма» была занадта радыкальнай для чытачак «Брыгіты». Яны лічылі, што «Эма» недакладна адлюстроўвае іх адносіны з мужчынамі.
 
Чаму «Брыгіта» зноў пакнула фемінісцкі экскурс?
 
Бо часопісы для жанчын у першую чаргу зацікаўлены ў тым, каб выйсці на як мага шырокія колы грамадства. Гэта асабліва тычыцца «Брыгіты», якая арыентуецца на шматлікі сярэдні клас. Таму са старонак выдання зноў былі прыбраны спецыфічныя палітычныя і фемінісцкія тэмы.
 
Які жаночы вобраз адлюстроўваюць часопісы для жанчын?
 
Разгледзеўшы часопісы для жанчын, можна ўбачыць, што ўважаецца сёння за common sense, што мэтавая група лічыць нармальным, ідэальным альбо ўдалым жыццёвым праектам жанчыны.
 
Як будуць развівацца жаночыя часопісы ў будучыні, беручы пад увагу новыя медыя-сродкі і празмерную колькасць кантэнту, якая паўстае дзякуючы інтэрнэту?
 
Думаю, што класічныя медыі – часопісы ды інш. – заўсёды будуць мець шанцы. У некаторых сітуацыях яны больш функцыянальныя: часопіс менш уразлівы за планшэт, яго ўсюды можна ўзяць з сабой. Ён стварае пачуццё ўтульнасці. Чытачкі любяць мець штосьці ў руках. Гэта звязана з рэлаксацыяй, дазволіць сабе часопіс – усё роўна што ўзнагародзіць сябе. Але інтэрнэт, вядома, з’яўляецца канкурэнтам – менавіта ў выпадку з маладзейшымі чытачкамі – бо вялікая колькасць кантэнту прапануецца бясплатна.