Нямецкі кніжны гандаль Галіна, якая перажывае змены

Нямецкі кніжны гандаль: паміж паслядоўным развіццём і прарывам.
Нямецкі кніжны гандаль: паміж паслядоўным развіццём і прарывам. | © Hugendubel

Змены, выкліканыя дыгіталізацыяй, нясуць у сабе шмат шанцаў – але, як вядома, дзе шмат святла, там шмат і ценяў. Нямецкі кніжны гандаль стала перажывае ўзлёты і падзенні.

Паводле аналізу рынку Інстытута дэмаскопіі ў Аленсбаху, немцы па-ранейшаму любяць чытаць. У 2013 г. 67 працэнтаў апытаных жанчын і 53 працэнты апытаных мужчын набывалі кнігі. Тэндэнцыі ў галіне электронных кніг таксама заслугоўваюць увагі, але застаюцца пакуль што нязначнымі: у 2014 г. 5,3 працэнта немцаў чыталі кнігі з дапамогай рыдэраў, у 2013 г. гэты паказнік складаў 3,3, а ў 2012 – толькі 2,6 працэнта.
 
Насуперак шматабяцальнай статыстыцы ў пачатку 2014 г. выдавецкая група «Вельтбільд» (Weltbild) з Аўгсбургу атрымала дрэнныя весткі: ёй трэба было заявіць аб банкруцтве. Многія прадстаўнікі дадзенай галіны ўспрынялі калапс гэтага волата, абарот якога ў 2012 г. складаў 1,59 мільярдаў еўра, як пагрозу. Яны апасаліся эфекта даміно, бо многія невялікія выдавецтвы і пастаўшчыкі знаходзіліся ў простай залежнасці ад «Вельтбільда». У вялікай небяспецы знаходзілася група «Хугендубель» (Hugendubel), якая ўваходзіла ў склад сумеснага прадпрыемства з «Вельтбільдам». Аднак дзякуючы ўмеласці агента, які займаўся справай банкруцтва, і гатоўнасці бакоў да кампрамісу да горшага не дайшло. У канцы лета 2014 г. інвестыцыйная кампанія з Дзюсельдорфу «Дроге груп» (Droege Group) уключыла «Вельтбільд» у свой склад у якасці мажарытарнага чальца.  Сумеснае прадпрыемства з «Хугендубель» было ліквідавана, крамы зачыненыя. У выніку паглынання парталу Bücher.de прадпрыемства мэтанакіравана інвестуе ў анлайнавы бізнес. Гадавы абарот парталу  Bücher.de складаў у 2012 г. 51 мільён еўра.

Нарэшце пачалі працаваць без страт

У 2013 г. кніжны рынак зноў пачаў працаваць без страт пасля двух гадоў працы ў мінус, абарот кнігарняў і выдавецтваў у сферы гандлю кнігамі і галіновымі часопісамі склаў агулам 9,536 мільярдаў еўра. У 2012 г. гэты паказнік складаў 9,520 мільярдаў еўра. Аднак падзеі абнадзейваючага 2013 г. не ператварыліся ў трывалы трэнд, у першай палове 2014 г. абарот нямецкага кніжнага гандлю зазнаў незвычайныя хістанні. Такія сезонныя эфекты, як, напрыклад, позні Вялікдзень, былі прычынай многіх з іх. Атмасферу няўпэўненасці стварала і закрыццё гандлёвых аб’ектаў: калі ў 2000 г. існавала 4.874 кнігарань-чальцоў Біржавога аб’яднання нямецкага кніжнага гандлю, то ў 2013 іх засталося толькі 3.378. Пры дакладным разглядзе гэтыя лічбы не падаюцца трывожным сігналам, бо падлічаны не кожны філіял гандлёвых сетак. За гэты час абарот рознічнага гандлю панізіўся на 8 працэнтаў да 4,7 мільярдаў еўра, а абарот інтэрнэт-гандлю, наадварот, павысіўся на 208 працэнтаў да 1,56 мільярдаў еўра.

Сітуацыя, калі стала адбываюцца перамены

У 2013 г. абарот стацыянарных кнігарань склаў 4,639 мільярдаў еўра – на 0,9 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Найлепшы паказнік абароту меў такі від тавара, як белетрыстыка: 23 працэнты ад агульнага прыбытку. Далей ішлі, маючы велічыню паказніка ў 11 працэнтаў, кнігі для дзяцей і моладзі, падручнікі для школ і навучальная літаратура, а таксама такія тавары, як кампакт-дыскі і гульні. Агульная колькасць выдадзеных у Германіі кніжак таксама расце. У 2013 г. выйшлі ў свет 96.600 найменняў кніг, гэта на 2,7 працэнта больш у параўнанні з 2012 г.
 
Лічбы заўважныя, нягледзячы на тое, што сітуацыя цяжкая. Сітуацыя на рынку змянілася ў выніку паскарэння працэсаў, змены звычак у сферы спажывання медый і з’яўлення новых «гульцоў». Гандаль кнігамі знаходзіцца ў сітуацыі, калі адбываюцца сталыя змены і ўсе шукаюць новыя шляхі. Напрыклад, сетка «Талія» (Thalia) – лідар рынку – паменшыла гандлёвыя плошчы сваіх крамаў з 1000 кв. м. да ідэальнай велічыні, якая складае ад 400 да 700 кв. м. Падобную змену стратэгіі можна назіраць і ў іншых буйных дзейнікаў на рынку.
 
Што тычыцца электронных кніг, то і тут галіна дагэтуль добра адаптавалася да пераменаў. Электронныя кнігі сталіся часткай прафесійнага жыцця: яны ўваходзяць у склад асартыменту 77 працэнтаў кнігарань, уключаныя ў выдавецкія праграмы 65 працэнтаў выдавецтваў. Колькасць электронных кніг у агульным абароце вырасла, хаця і не так моцна, як у папярэднія гады. Рынак электронных кніг пакуль што нязначны. Калі ўлічыць усе віды кніг, то выявіцца, што з іх сёння выключна ў электроннай форме ёсць у продажы толькі чатыры працэнты. Прычынай гэтага могуць быць кошты, велічыня якіх толькі трохі меншая за кошты друкаванай прадукцыі. Палітыка прывязкі коштаў у Германіі з’яўляецца прычынай таго, што сітуацыя адрозніваецца ад падобнай у ЗША альбо Вялікабрытаніі, дзе пераможнае шэсце электронных кніг адбылося ў выніку змагання ў галіне коштаў. У выніку перамоваў аб заключэнні дамовы аб вольным гандлі паміж ЗША і Еўрапейскім Саюзам гэта прывілегія была скасаваная – наступствы гэтага пакуль немагчыма прадказаць. Большасць гульцоў на рынку спадзяецца, што ў Францыі і Германіі супраць чыста рынкавага пункту гледжання выступяць паважныя сілы і забяспечаць такой культурнай каштоўнасці, як кніга, асаблівы статус.

Імкненне Амазона да гегемоніі

Перамены, выкліканыя дыгіталізацыяй, нясуць у сабе шмат шанцаў, але кідаюць гандлю кнігамі шэраг выклікаў. Перш за ўсё гэта тычыца анлайн-бізнэсу. Калі гавораць пра амерыканскага гандлёвага гіганта Амазон, толькі малая частка абароту якога складаецца з продажу кніг, маюць на ўвазе гандаль кнігамі ў сеціве. Згодна з дадзенымі Саюза гандляроў кнігамі праз пошту, яго сукупны удзел у інтэрнэт-гандлі кнігамі складае больш за 70 працэнтаў.
 
Гэта лічба дае ўяўленне аб моцы Амазона, якая стала павялічваецца. Напружанне падчас перамоваў паміж Амазонам і выдавецтвамі адпаведна высокае: беручы пад увагу фіксаваныя кошты кніжак у Германіі гуртовыя зніжкі з’яўляюцца фактарам, які ўрэшце вызначае памеры прыбытку. Тое, што буйныя кампаніі, якія робяць замовы ў адпаведнай колькасці, знаходзяцца ў лепшым становішчы, само сабой зразумела. Грамадскасці стала вядома спрэчка паміж групай «Баніер» (Bonnier-Gruppe: выдавецтвы «Піпер» – Piper, «Карлзен» – Carlsen, «Ульштайн» – Ullstein) і гандлёвым гігантам. Пры продажы электронных кніг группы «Баніер», ён атрымліваў каля 30 працэнтаў ад продажавага кошту кнігі, але патрабаваў 50. Каб узмацніць ціск на «Баніер», Амазон затрымліваў пастаўку кніг выдавецкай групы (напрыклад, «Гары Потэра»).
 
Публічны пратэст больш сотні нямецкамоўных аўтараў, сярод якіх была нобелеўскі лаўрэат Эльфрыдэ Ялінэк, стрымаў пыл Амазона. Да таго ж гэта перашкаджала імкненню кампаніі прыцягнуць да сябе вядомых аўтараў. Перад Франкфурцкім кніжным кірмашом 2014 г. стала вядома, што паміж Амазонам і групай «Баніер» было заключанае пагадненне, пры гэтым прэтэнзіі-максімум з боку Амазона не былі прынятыя. Але гэта ніяк не ўплывае на доўгатэрміновыя мэты Амазона. Рашэнне аб змене сілавога баланса ў галіне гандлю кнігамі на карысць Амазона проста адкладзенае.