Франк Шэтцынг Пісьменнік жывога шоў

Раман Франка Шэтцынга Breaking News адразу ж трапіў на прершыя месцы ў спісах бестселераў.
Раман Франка Шэтцынга Breaking News адразу ж трапіў на прершыя месцы ў спісах бестселераў. | Foto (Ausschnitt): © Paul Schmitz/kiwi

Ён паядноўвае веданне фактаў з экшанам, забаўляльны і сур’ёзны складнікі як ніякі іншы нямецкі аўтар. Франк Шэтцынг – поп-зорка нямецкай літаратуры.

Франк Шэтцынг ніколі не лезе ў кішэню за дасціпным адказам. У серыі часопіса «Зюддойчэ цайтунг магацін» «Не кажыце цяпер нічога» ў 2014 г. яму задалі пытанне, ці цяпер, праз пяць гадоў, ён ізноў наважыўся б працаваць мадэллю, рэкламуючы ніжнюю бялізну. Франк Шэтцынг, які дарэчы нарадзіўся ў 1957 г., задорна глядзіць у аб’ектыў камеры, кладзе руку на дзягу сваіх штаноў – бо яму трэба адказаць толькі з дапамогай мімікі альбо жэстаў – паказваючы гэтым, што гатовы расшпіліць яе. Дакладна так, як у 2009 г., калі ён здымаўся ў рэкламе фірмы, якая вырабляе ніжнюю бялізну, і прыцягнуў да сябе ўвагу. Але вось ён менавіта такі, Франк Шэтцынг, які ў справе маркетынгу ўласнай асобы зрабіў тое, на што іншыя прадстаўнікі яго гільдыі ніколі так і не наважыліся.
 

Няма ніводнага раману памерам менш за 1000 старонак

Спецыяліст-камуніказнавец Франк Шэтцынг спачатку доўгі час працаваў у сферы рэкламы. Аднак, па яго словах, ён заўсёды пісаў, нават тады, калі быў малым хлопчыкам. Яму было трыццаць з нечым гадоў, калі ён пачаў сур’ёзна пісаць кнігі. Яго першыя раманы добра прадаваліся, але з-за таго, што былі прысвечаны рэгіянальнай тэматыцы, перш за ўсё ў яго на радзіме – у наваколлі Кёльну. Усё змянілася ў 2004 г., калі выйшаў першы з яго вялікіх раманаў «Стая» (Der Schwarm) – трылер з экалагічным прысмакам, дзеянне якога адбываецца ў моры і пад вадой. З той пары Шэтцынг не піша кнігі, аб’ём якіх меншы за 1000 старонак. «Я пачынаў працу ў сферы рэкламы, а там заўсёды трэба было быць лаканічным. Таму гэта, відаць, анты-рэакцыя на гэты факт», – жартуе ён, каб адразу пасля гэтага сур’ёзна заявіць, што цікаўнасць амаль як у археолагаў прымушае яго ажыццяўляць усё больш дакладны адбор матэрыялу. Чытачам падабаецца яго крапатлівая праца. Бо Шэтцынг умела паядноўвае веданне шматлікіх навуковых фактаў з вялікай колькасцю экшана і напружання. Дзеянне ў яго творах павінна развівацца імкліва.
 
Вынікі продажу яго кніг паказваюць, што гэта канцэпцыя працуе. Акрамя таго, пачаць кар’еру аўтара навуковых трылераў яму дапамог выпадак – і, зразумела, жудкі. Калі ў канцы 2005 г. у Інданэзіі бушавала цунамі, большасць людзей сутыкнулася з новым для сябе прыродным фенаменам. Аднак Шэтцынг быў у курсе справы, бо як раз гэту з’яву – цунамі – ён апісаў у «Стаі». Чытачы кніг Шэтцынга таксама былі інфармаваныя, і так добра, што адной сямейнай пары, якая як раз выпадкова знаходзілася на месцы, дзе павінен быў адбыцца гэты жах, кніга выратавала жыццё. «Мужчына расказаў мне, што меў з сабой на пляжы маю кнігу і адразу змог зразумець дзіўныя знакі мора», – апавядаў пазней Шэтцынг. І вось раптам Шэтцынг становіцца суразмоўцам, які карыстаецца папулярнасцю, СМІ задаюць яму як эксперту пытанні, якія не звязаныя са зместам яго раманаў. Гэта доўжылася да выхаду яго апошняга рамана «Надзвычайныя навіны» (Breaking News), які з’явіўся ў 2014 г. Гэта кніга, якая апавядае пра Ізраіль і блізкаўсходні канфлікт, адразу заняла першае месца ў спісах нямецкіх бестселераў.

Літаратурныя чытанні як сцэнічнае шоў 

Шэтцынга часта параўноўваюць з англа-саксонскімі аўтарамі бестселераў Майклам Крычтанам, Томам Клэнсі, Джонам Грысхэмам альбо Дэнам Браўнам. Але ў адным пункце ён пакінуў іх далёка за сабой: яны ніколі не прадстаўлялі свае творы на сцэне, а Шэтцынг прадстаўляў. Пасля выхаду ў 2009 г. свайго раману «Ліміт» (Limit) ён пачаў эксперыментаваць з жанрам аўтарскіх чытанняў. Урэшце, кніжка вядзе ў сусвет – выдатны праект, з якога можна зрабіць буйную забаву ў выглядзе мультымедыйных чытанняў. З вялікімі панарамнымі відамі неба, вялкай колькасцю музыкі, якую ён стварыў сам, з элементамі камеды, якія перамяжоўваюцца з кароткачасовымі дакладамі. Акрамя таго, на гэту тэму былі зняты невялікія навукова-папулярныя фільмы. Уласна кажучы, з самой кнігі ён прачытаў тры ўрыўкі. Дзякуючы мультымедыйнай пастаноўцы Шэтцынгу ўдалося прыцягнуць на свае «чытанні» да 2000 чалавек. Праз гэта ў літаратурным асяродку ў яго з’явіліся не толькі сябры. Гаворка ішла пра спрашчэнне і культуру тэатральнага прадстаўлення, пра канец эпохі кнігі. Пра тое, што дзякуючы шоў кніжку купіла вялікая колькасць яго наведвальнікаў, часта проста не ўзгадвалі. Сёння Шэтцынга нават хваляць за тое, што ён узнавіў лекцыю як форму мастацтва.

Прадуманы перформанс паводле кнігі «Надзвычайныя навіны»

Шэтцынг даўно навучыўся спакойна рэагаваць на крытыку. Ён не звяртае ўвагі на абвінавачванні, згодна з якімі яго герояў цяжка адрозніваць адно ад аднаго, а іх псіхалагічная структура з’яўляецца банальнай. У падобным выпадку ён адказвае наступным чынам: «Калі б банальныя рэчы былі дрэннымі, то Хэмінгуэй быў бы аўтарам танных кніжонак». Ён супрацьстаіць скепсісу, змешваючы забаўляльны складнік з сур’ёзна-прэтэнцыёзным, і спасылаецца на сваю арыентацыю на англа-саксонскую культуру, якая не ведае гэтага падзелу. Ва ўсіх інтэрв’ю Шэтцынг робіць уражанне шчырага, ветлівага, абавязковага чалавека, ён красамоўны, ніколі не з’яўляецца заносчывым. І ён пераконвае, што з’яўляецца перформерам, які ўсё добра прадумвае. Калі ў 2014 г. ён выправіўся ў турнэ са сваім прысвечаным Блізкаму Ўсходу раманам «Надзвычайныя навіны», ён больш не прапаноўваў відэашэраг, а толькі фатаграфіі, выступ ізраільскай спявачкі, уласныя аўдыёзапісы, зробленыя ў мясцовасцях, дзе адбываецца ізраільска-палестынскі канфлікт. Увага была нададзеная вуснаму слову, якое было запакаванае ў асаблівую гукавую абалонку. «Што тычыцца гэтай тэмы, то ёй не пасавала б шмат інсцэніроўкі. Я хацеў, каб гледачам здавалася, што яны знаходзяцца ў Ізраілі. Гэта можна параўнаць з радыёпастаноўкай, якая транслюецца ўжывую».
 
Калісьці Франк Шэтцынг хацеў стаць поп-зоркай. Дагэтуль ён называе музыку сваім найвялікшым захапленнем, а гітару – сваім улюбёным інструментам. І вось ён стаў поп-зоркай літаратуры. Немцам трэба яшчэ прызвычаіцца да гэтага.
 
Відэаролік аб турнэ Франка Шэтцынга Breaking News Live Tour