ЦБЭН «Нам неабходна тлумачыць, што мы маем прапанаваць»

Рэкламная акцыя ЦБЭН
Рэкламная акцыя ЦБЭН | © ЦБЭН

Нямецкая цэнтральная бібліятэка эканамічных навук (ЦБЭН), Інфармацыйны цэнтр імя Лейбніца «Эканоміка», сядзібы якога знаходзяцца ў Кілі і Гамбургу – гэта найбуйнейшая спецыялізаваная бібліятэка Германіі. Пачынаючы з 2013 г., яна рэкламуе свае прапановы ў рэжыме анлайн, праводзячы інаватыўную кампанію. Размова з кіраўніком аддзела маркетынгу і грамадскіх сувязей Дорын Зігфрыд.

Спадарыня Зігфрыд, для чаго ЦБЭН патрэбна іміджавая кампанія?

Мы стала аналізуем, ці ўспрымае нас наша патэнцыйная мэтавая група ў сферы эканамічных навук як важную для яе ўстанову. Гэта неабходня для таго, каб высветліць, ці трэба нам карэкціраваць наш імідж, праводзячы працу з грамадскасцю. Калі ў 2013 г. праводзілася даследаванне нашага іміджу, выявілася, што ЦБЭН прыпісваюць такія якасці, як кампетэнтнасць і надзейнасць. Аднак мы зразумелі, што ЦБЭН успрымаецца перш за ўсё як бібліятэка з фондамі на матэрыяльных носьбітах. Многія не ведалі нашых прапаноў у рэжыме анлайн. Гэта праблема, аб якой гавораць і іншыя бібліятэкі, напрыклад, падчас кангрэса бібліятэкараў. Для нас гэта была імпульсам, каб сказаць: нам неабходна лепш тлумачыць, што мы маем прапанаваць.

Што канкрэтна Вы робіце?

Кіраўнік аддзела маркетынгу і грамадскіх сувязей д-р Дорын Зігфрыд, ЦБЭН Кіраўнік аддзела маркетынгу і грамадскіх сувязей д-р Дорын Зігфрыд, ЦБЭН | © ЦБЭН Улетку 2013 г. я распрацавала канцэпцыю, якая ахоплівае перыяд у чатыры гады (да 2017 г.). Запланаваны чатыры розныя фазы, якія крок за крокам павінны звярнуць увагу людзей на моцныя бакі ЦБЭН. Спачатку гаворка ішла аб тым, каб распавесці пра нашу асноўную дзейнасць: мы бясплатна прапануем літаратуру для ўсіх, таксама і ў сеціве. Напрыклад, для нашых чытачоў вельмі важна мець магчымасць хутка і беспраблемна спампоўваць файлы ў фармаце PDF. Праз ЦБЭН яны маюць бясплатны доступ да тэкстаў з больш чым 800 галіновых часопісаў.

Бачыць, разумець, знаходзіць

Слоган кампаніі гучыць як «Больш бачыць. Больш разумець. Усё знаходзіць». Вы шукалі для сябе партнёраў з ліку рэкламных агенцтваў?

Не, мы правялі мазгавы штурм з удзелам чальцоў нашай каманды піяршчыкаў. Так паўстала ідэя сюжэтаў для плакатаў, якія абыгрывалі рэаліі са сферы эканамічных навук, якія прысутнічаюць у штодзённым жыцці. Напрыклад: «Вы таксама бачыце паўсюль крывыя прапановы і попыту?» плюс карцінка двух сабачых павадкоў, якія перакрыжоўваюцца. Альбо: «Вы таксама бачыце паўсюль жыццёвы цыкл прадукта?» – яго сімвалізуе стая птушак у палёце, якая мае выгляд парабалы. У дадатак мы прыдумалі для кампаніі слоган «Больш бачыць. Больш разумець. Усё знаходзіць». Для здымкі мы, натуральна, запрасілі прафесійнага фатографа.

Якія іншыя захады мае на мэце першая фаза?

Спачатку мы надрукавалі плакаты, флаеры, паштоўкі, закладкі і наклейкі. Яны былі дасланы нашым кліентам з усёй Германіі: навукоўцам-эканамістам, бібліятэкам, асацыяцыям спецыялістаў і навукова-даследчым інстытутам. Мы таксама знялі відэакліп. Разам з супрацоўнікамі аднаго агенцтва я напісала яго сцэнар. Ідэя была наступнай: кліп павінен быць эмацыйным, а не занадта сур’ёзным. З дапамогай кліпа мы хацелі сказаць, што ЦБЭН дапамагае людзям працаваць эфектыўна, хутка і паспяхова. Нават калі ўмовы працы вельмі складаныя. Менавіта таму ў кліпе можна ўбачыць стомленага бацьку, які з двума малымі дзяцьмі на каленях сядзіць перад камп’ютарам. Мы паведамілі пра кліп і праз нашу інфармацыйную рассылку, і ў сацыяльных сетках.

Open access, open data

Як яшчэ, не беручы пад увагу гэту кампанію, вы выкарыстоўваеце інтэрнэт?

Важную ролю ад самага пачатку адыгрываў наш сайт www.alles-finden-zbw.eu, на якім можна знайсці ўсю інфармацыю ў сістэматызаванай форме. Гэта медыя-сродак, які мы можам стала актуалізоўваць. На сайце мы таксама паслядоўна публікавалі водгукі. Гэта азначала, што вядомыя асобы з галіны эканамічных навук распавядалі пра тое, за што яны цэняць ЦБЭН.

Як выглядае працяг кампаніі?

Апошні элемент першай фазы – гэта т. зв. роўд-шоў. У яго межах прадугледжваецца наведаць дзесяць ВНУ Германіі, дзе вывучаюць эканамічныя навукі. У кожным горадзе ў нас будзе стэнд, мы будзем правадзіць там семінары і сустрэчы ў мясцовых бібліятэках. Усё будзе адбывацца пад дэвізам «Мы спраўляемся са сваёй асноўнай задачай». Затым адбудзецца азнаямленне з тэмамі першай фазы. Сярод іх такія тэмы, як «Вольны доступ» і «Дадзеныя даследаванняў у вольным доступе».

Пераход ад валодання інфармацыяй да доступу да яе

Што з’яўляецца мэтай другой фазы?

Неабходна, каб чытачы пазнаёміліся з нашымі кампетэнцыямі ў справе кіравання дадзенымі даследаванняў. Таму мы бяром удзел у шэрагу сумесных праектаў. Мы можам кансультаваць па істотных пытаннях. Напрыклад: Якая прававая сітуацыя існуе? Якія чаканні маюць фундатары, т. зв. трэці бок? Як атрымаць доступ да дазеных даследаванняў? Камунікатыўная мэта другой фазы: магчымасці навуковай ўстановы-менеджара інфармацыі ў 2015 г. палягаюць не толькі ў прадастаўленні доступу да файлаў у фармаце PDF. У звязку з гэтым мы плануем зняць відэафільм, каб прадставіць супрацоўнікаў нашай установы. Мы хочам, каб кампанія мела ўласны твар, яна павінна быць аўтэнтычнай.

Гэта гучыць добра, але: ці не выглядае будучыня бібліятэк песімістычна, калі нават такая ўстанова, як ЦБЭН можа выйсці на сваіх чытачоў толькі ў выніку правядзення мудрагелістай кампаніі?

У выніку дыгіталізацыі бібліятэчная галіна знаходзіцца ў стане сталых зменаў, змяняюцца і спосабы працы навукоўцаў. Мы перажываем змену парадыгмы: адыходзім ад валодання інфармацыяй да доступу да інфармацыі. Фактам з’яўляецца тое, што гэты працэс будзе ісці яшчэ вельмі доўга. Мы можам уплываць на яго, можам паказаць у гэты пераходны перыяд, якое значэнне маюць бібліятэкі. Праз некалькі гадоў нам, магчыма, больш не спатрэбіцца грунтоўна тлумачыць нашы паслугі, трэба будзе проста прыцягваць увагу да актуальных сервісаў.