Невялікія бібліятэкі «Якасць памяшкання адыгрывае вырашальную ролю»

Бібліятэка Інстытута імя Гётэ ў Браціславе
Бібліятэка Інстытута імя Гётэ ў Браціславе | © Michal Hustaty

Як выціснуць максімум карысці з невялікіх памяшканняў? Размова з дырэктарам Інстытута імя Гётэ ў Браціславе Янай Біндэр аб перабудове ў бібліятэцы яе інстытута.

Спадарыня Біндэр, як паўстала ідэя перапланіроўкі памяшканняў бібліятэкі Інстытута імя Гётэ ў Браціславе?

Узрост мэблі, якой была абсталявана бібліятэка, складаў 25 гадоў і гэта было заўважна. Памяшканне было няўтульнае, дрэнна ізаляванае, атмасфера ў ім была непрыемная. Але ў выпадку нашай бібліятэкі, плошча якой складае толькі 100 кв. м., якасць памяшкання адыгрывае вырашальную ролю. Нашай мэтай быў таксама выхад на новыя групы чытачоў. А для гэтага неабходна стварыць месца для баўлення часу. Бо бібліятэкі сёння больш не сховішчы кніг, але месцы сустрэч, дзе людзі здабываюць новы досвед навучання і ў найлепшым выпадку знаходзяць нечаканыя прапановы і інфармацыю.

Як Вы ажыццяўлялі перапланіроўку?

Спачатку мы паменшылі нашы фонды: з 17.000 да 9.000 матэрыяльных носьбітаў інфармацыі. Мы спісалі ўсе кнігі, якія не выдаваліся на працягу дзесяці гадоў. Гэта дало нам магчымасць прыбраць некаторыя паліцы, а тыя, якія засталіся – паставіць па перыметры сцен. Так мы стварылі ў сярэдзіне памяшкання свабоднае месца для новых спосабаў карыстання бібліятэкай. Акрамя таго, мы адмовіліся ад выкарыстання аднаго памяшкання як офіса і прыбралі сцены, каб стварыць на ўваходзе ў бібліятэку кавярню. Там ёсць бесправадны інтэрнэт і добрая кава, таму кавярня ператварылася ў месца, якое прыцягвае і тых, хто яшчэ не з’яўляецца нашымі чытачамі.

Ці арыентаваліся Вы на якія-небудзь узоры падчас распрацоўкі канцэпцыі?

Дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Браціславе д-р Яна Біндэр Дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Браціславе д-р Яна Біндэр | © Michal Hustaty Не, мы правялі мазгавы штурм разам са спецыялістамі з Германіі, сярод якіх былі супрацоўнікі архітэктурнага бюро «Станьковіч». Каб ажыццявіць падобную перабудову, трэба мець ноў-хаў. Архітэктары распрацавалі для нас кніжныя паліцы, якія можна круціць, паліцы, якія адкрываюцца як патаемныя дзверы. Так людзі трапляюць у свайго роду салон, на ўсіх сценах якога знаходзяцца кніжкі, а дзённае святло трапляе праз столь. Акрамя таго, мы замовілі новыя сталы, дапасаваныя адмыслова да нашых патрэбаў. Яны абсталяваны разеткамі для ноўтбукаў, а таксама невялікімі коламі, так што адзін чалавек можа хутка састаўляць іх разам без чужой дапамогі, бо ў нас няшмат супрацоўнікаў.

На якіх чытачоў гэта разлічана?

Існуе чатыры асноўныя мэтавыя групы: па-першае, гэта студэнты-германісты, настаўнікі і выкладчыкі, побач з імі – дарослыя, якія вывучаюць нямецкую мову, акрамя таго, дзеці, якія вывучаюць у школе нямецкую як замежную, і да таго ж супрацоўнікі выдавецтваў. Іх неабходна актыўна прыцягваць у бібліятэку, што мы і робім, праводзячы розныя імпрэзы. Цяпер у нас ёсць экран і стацыянарны праектар. У бібліятэцы таксама праходзяць прэсавыя канферэнцыі, а нядаўна ў межах тэатральнага фестывалю тут адбылася прэзентацыя. Калі ёсць жаданне эксперыментаваць, то можна ініцыяваць ланцуговыя рэакцыі ў розных накірунках. Мы выступаем у якасці кантактных асобаў для журналістаў, напрыклад, калі існуе патрэба ў дадатковай інфармацыі аб якой-небудзь нямецкай пастаноўцы, якую прывезлі, каб паказаць тут. Такім чынам невялікая бібліятэка можа нагадаць аб тым, што яна існуе.

Якім чынам бібліятэка выкарыстоўваецца ў якасці месца навучання?

Па-рознаму: па-першае, ёй карыстаюцца школы і дзіцячыя садкі. Мы таксама ладзім семінары павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў нямецкай мовы – для іх мы маем у запасе адпаведную літаратуру пэўнай тэматыкі. Мы заключылі дамовы аб супрацоўніцтве з шэрагам універсітэтаў, напрыклад, з Акадэміяй кіно і тэатра ў Браціславе, якая знаходзіцца непадалёк ад Інстытута імя Гётэ. Студэнты бачаць, што мы маем вялікую колькасць DVD-дыскаў, відэа тэатральных пастановак альбо такія галіновыя часопісы, як «Тэатэр хойтэ» (Theater heute) – гэта ёсць першым крокам, каб зацікавіць іх вывучэннем нямецкай мовы.

Ці прыдумалі Вы штосьці новае ў справе прэзентацыі фондаў?

Да перабудовы такія дыгітальныя прапановы, як фонд электронных кніг былі зусім не заўважныя ў памяшканні бібліятэкі. На маю думку, тут пакуль няма такіх спосабаў вырашэння праблемы, якія былі б ісцінай у апошняй інстанцыі – у QR-коды я не веру. Але ў нас ёсць экраны, з дапамогай якіх адбываецца прэзентацыя фондаў. Акрамя таго, ёсць электронныя кнігі, на якіх запісаны творы нямецкай класікі, айподы, на якіх можна праслухаць актуальныя плэй-лісты з нямецкай поп-музыкай – прапанову на Spotify ад Інстытута імя Гётэ, альбо айпады з усімі дадаткамі для вывучэння нямецкай мовы, якія мы лічым высокаякаснымі. Акрамя таго, мы мэтанакіравана звяртаемся да тых чытачоў, якія валодаюць нямецкай мовай на пачатковым узроўні – напрыклад, праз Graphic Novels.

Якія рэакцыі на перабудову Вы атрымалі?

Тэставая фаза пасля перабудовы, якая доўжылася паўгады, як раз падыходзіць да сканчэння, дагэтуль мы атрымлівалі ў асноўным станоўчыя водгукі. Аднак існуе мяжа паміж пакаленнямі. Дагэтуль бібліятэкай карысталіся ў асноўным пенсіянеры – пакаленне, якое вырасла ў Браціславе, раней Прэсбургу, размаўляючы на нямецкай мове, і якое збольшага хацела б падтрымліваць свае веды нямецкай. Не ўсе яны ў захапленні. А вось рэакцыі моладзі часцей за ўсё станоўчыя. Ім падабаецца перш за ўсё нязмушаная атмасфера, непадобная да атмасферы класічных бібліятэк.