Планшэты на занятках нямецкай мовай як замежнай Дыгітальная вучэбная аўдыторыя

З дапамогай планшэтаў навучэнцы могуць разам працаваць над рэалізацыяй уласных мультымедыйных праектаў.
З дапамогай планшэтаў навучэнцы могуць разам працаваць над рэалізацыяй уласных мультымедыйных праектаў. | © Igor Mojzes/Fotolia.com

Дадзеныя даследаванняў сведчаць аб тым, што карыстанне планшэтамі на занятках нямецкай мовай як замежнай пазітыўна ўздзейнічае як на матывацыю навучэнцаў, так і на супольную праектную працу. У выпадку аўдзіравання і маўлення тут маецца вялікі патэнцыял – пры ўмове, што планшэты будуць правільна выкарыстоўвацца.

Зручнасць, дадаткі, мікрафоны і ўбудаваныя камеры – усё большая колькасць школ і іншых адукацыйных устаноў пачынаюць разумець тэхнічныя перавагі, якія маюць некаторыя планшэты ў параўнанні з традыцыйнымі камп’ютарамі. Піянерам у Германіі з’яўляецца Школа імя імператрыцы Аўгусты (Kaiserin-Augusta-Schule – KAS) – гімназія ў Кёльне, дзе пачынаючы з 2011 г. настаўнік спеваў і тэалогіі Андрэ Й. Шпранг паспяхова выкарыстоўвае на занятках планшэты. У межах праекта «Мабільнае навучанне з дапамогай планшэтаў» (Mobiles Lernen mit Tablet-Computern) у Ніжняй Саксоніі тэставае выкарыстанне планшэтаў на занятках з наступным яго аналізам будзе праходзіць да канца навучальнага 2014/2015 года ў 24 школах.

У зімовым семестры 2012/2013 гг. у межах пілотнага праекта «Група, якая працуе з планшэтамі» (Tablet-Klasse) планшэты ўпершыню былі задзейнічаны на занятках нямецкай мовай як замежнай у Інстытуце імя Гётэ – у яго філіялах у Дубліне, Лондане і Амстердаме. Гэтыя інстытуты атрымалі па дзесяць гаджэтаў – камплекты для цэлай групы. Фаза пілатавання суправаджалася навуковымі даследаваннямі. Вынікі былі цалкам станоўчымі, таму сёння планшэты набывае ўсё большая колькасць Інстытутаў імя Гётэ.

Стаць больш актыўным і мабільным

Перавагі планшэтаў для супольнай працы і ўласнай актыўнасці навучэнцаў на занятках нямецкай мовай як замежнай навідавоку: так, напрыклад, падчас праектнай працы з планшэтамі яны могуць разам ствараць уласныя мультымедыйныя прадукты, якія потым можна будзе прадставіць групе і абсудзіць. Акрамя таго, змяняецца і роля выкладчыка: ён ператвараецца ў «коўча», які суправаджае праект, ажыцяўляе зваротную сувязь, мадэруе хаду размоў на занятках і адначасова заахвочвае да руплівай працы (Шпранг 2013:11). З дапамогай QR-кодаў можна зрабіць лёгкадаступнымі матэрыялы з сеціва. У гэтым выпадку навучэнцам не трэба ажыццяўляць пошук і ўводзіць складаныя URL-адрасы. Акрамя таго, выкарыстанне планшэтаў спрыяе павышэнню ўзроўню мабільнасці ў вучэбнай аўдыторыі і па-за яе межамі. Навучэнцы могуць выкарыстоўваць гаджэты і па-за межамі вучэбнай аўдыторыі: напрыклад, для ажыццяўлення такіх праектаў, як фотарэпартажы.

Лепей праслухоўваць

EiНа занятках нямецкай мовай як замежнай планшэты маюць важнае значэнне перадусім для навучання маўленню і аўдзіраванню: з іх дапамогай можна праслухоўваць аўдыёфайлы адпаведнага ўзроўню альбо праглядаць кароткія фільмы з сеціва, дапасоўваючы рытм працы да ўласных патрэбаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца перахаднікі, якія забяспечваюць магчымасць адначасовага  падключэння двух слухавак, а, значыць, і працу двух навучэнцаў. Тыя могуць разам вырашаць колькі разоў праслухоўваць пэўны фрагмент запісу альбо, магчыма,  які-небудзь асабліва цяжкі ўрывак.

Падчас рэалізацыі праекта Інстытута імя Гётэ «Група, якая працуе з планшэтамі» выявілася, што навучэнцы больш свядома ўспрымалі сваю нямецкую мову і вымаўленне, бо выпраўлялі іх у форме гульні ў працэсе запісу і яго праслухоўвання. Акрамя таго, навучэнцам было лягчэй распавядаць аб сваіх навыках валодання мовай. Што тычыцца аўдзіравання, то аналіз вынікаў даследавання засведчыў, што дзякуючы выкарыстанню планшэтаў поспех навучання быў большы, чым у выпадку класічных «аналагавых» заняткаў.

Андрэ Й. Шпранг з кёльнскай Школы імя імператрыцы Аўгусты таксама звяртае ўвагу на тое, што «у працэсе вывучэння сучасных замежных моў […] можна паспяхова выкарыстоўваць мабільныя дадаткі , каб з іх дапамогай практыкавацца ў маўленні: запісваць, аналізаваць і паляпшаць яго, а таксама дзяліцца ім» (2013:12).

І дыгітальная, і аналагавая формы навучання

Аднак меркаванне, згодна з якім належыць выкарыстоўваць планшэты на занятках па ўсіх прадметах у якасці незаменнага медыя-сродку, з’яўляецца няправільным. Перш за ўсё навучэнцам (і выкладчыкам) стварае праблемы адсутнасць клавіатуры. Таму напрыклад у ЗША існуе тэндэнцыя выкарыстання т. зв. хромбукаў (chromebooks) – наяўнасць у іх клавіатуры робіць простым пісьмо і пошук, і ў адрозненне ад ноўтбукаў з іх дапамогай можна нашмат хутчэй спампоўваць навучальныя праграмы з «воблака» (пар. Мэрфі 2014).
 
Каб як мага эфектыўней выкарыстоўваць планшэты на занятках нямецкай мовай, неабходна задзейнічаць іх паводле канцэпцыі «гібрыднага навучання» разам з традыцыйнымі метадамі.  Таму «падчас прыняцця рашэння наконт выкарыстання на занятках мабільных прыстасаванняў гаворка ідзе хутчэй пра выкарыстанне абедзвюх магчымасцей, а не выключна адной з іх» (Майрбергер 2013:5). Падобнае паспяхова ажыццяўляецца ў межах праграмы Trinity Collage iPad Program у Аўстраліі: планшэты выкарыстоўваюць тут зусім не як замену камп’ютарам, але выразна ў якасці інструменту для аптымізацыі традыцыйных заняткаў (пар. Аўфенангер 2013:54f.).
 
У межах пілотнага праекта Інстытута імя Гётэ «Група, якая працуе з планшэтамі» ўвага таксама звярталася і на тое, каб паяднаць працу з планшэтамі з працай з падручнікам і іншымі складнікамі заняткаў. У навучэнцаў і выкладчыкаў не павінна было стварацца ўражанне, што ім неабходна пераскокваць ад адной формы навучання да другой – ад «дыгітальнай» да «аналагавай». Так, напрыклад, аўдыёфайлы з падручніка былі скапіраваны на планшэты для таго, каб падчас выканання практыкаванняў па аўдзіраванню, якія змяшчаліся ў падручніку, можна было б скарыстацца ўжо ўзгаданым патэнцыялам гаджэтаў.

Поспех навучання вызначае паспяховая праца выкладчыкаў

Каб паспяхова выкарыстоўваць планшэты на занятках нямецкай мовай як замежнай неабходна праводзіць семінары для выкладчыкаў, дзе іх навучалі б карыстацца гаджэтамі. Досвед, набыты ў межах праекта «Група, якая працуе з планшэтамі», паказаў, што нават тыя выкладчыкі, якія не вельмі добра валодалі тэхнікай, з дапамогай інтуіцыі лёгка асвойвалі карыстанне планшэтам. «Я вельмі хутка заўважыў, што выкарыстанне айпаду дае мне большую свабоду на занятках, – кажа пра свой досвед Франк Вітыг, настаўнік нямецкай мовы як замежнай Інстытута імя Гётэ ў Дубліне. – Я адчуў палёгку, калі зразумеў, што нават такому пачаткоўцу як я проста працаваць з ім».
 
Невялікая падборка матэрыялаў па тэме выкарыстання планшэтаў на занятках замежнай мовай. Пілотны праект у Інстытутах імя Гётэ ў Амстэрдаме, Дубліне і Лондане.
 

Аб праекце

У восеньскім семестры 2012/2013 гг. у межах працы над дысертацыяй Катрын Хан ажыццяўляла пілотны праект па выкарыстанні айпадаў на занятках нямецкай мовай як замежнай у шасці групах узроўню B1.1 у Інстытутах імя Гётэ ў Дубліне, Лондане і Амстэрдаме. Яна таксама была адказная за яго навуковае суправаджэнне – праводзіла моўнае тэсціраванне, назіранне за заняткамі і анкетаванне. Каб выясніць патэнцыял выкарыстання айпадаў на занятках замежнай мовай, а таксама праблемныя моманты, на працягу семестра праходзіла паралельнае назіранне за трыма групамі, дзе выкарыстоўваліся айпады, і за трыма «аналагавымі» групамі. Усе матэрыялы, якія былі задзейнічаны ў межах праекта, былі да гэтага распрацаваны з улікам падручнікаў, якія выкарыстоўваліся на курсах.

 

Літаратура

Aufenanger, Stefan: „Internationale Projekte mit Tablets in Schulen.“ Computer und Unterricht 89/2013, 54-55. (Аўфенангер, Штэфан: «Міжнародныя праекты выкарыстання планшэтаў у школах» // «Камп’ютар унд унтэррыхт» 89/2013, 54-55.)

Greb, Thorsten: „Projekt „Mobiles Lernen mit Tablet-Computern“ startet in den Regelbetrieb“. Magazin Digital Lernen. Das Online-Magazin zu digitalen Medien in Bildungseinrichtungen, 2012. (Грэб, Торстэн: «Распачынаецца працоўная фаза праекта “Мабільнае навучанне з дапамогай планшэтных камп’ютараў”» // «Магацін дыгіталь лернен. Анлайн-часопіс, прысвечаны выкарыстанню дыгітальных медый ва ўстановах адукацыі, 2012 г. )

Ifenthaler, Dirk; Schweinbenz, Volker: “The acceptance of Tablet-PCs in classroom instruction: The teachers’ perspectives.” Computers in Human Behavior 29:3/2013, 525-534. (Іфенталер, Дзірк; Швайнбенц, Фолькер: «Магчымасць выкарыстання планшэтных камп’ютараў на занятках: перспектыва выкладчыка». // «Камп’ютарз ін юмэн біхэйвіар» 29:3/2013, 525-534.)

Ludwig, Luise; Mayrberger, Kerstin; Weidmann, Adrian: „Einsatz personalisierter iPads im Unterricht aus der Perspektive der Schülerinnen und Schüler.“ In: Friedrich, Steffen; Kienle, Andrea; Rohland, Holger (Hrsg.): DeLFI 2011: Die 9. e-Learning Fachtagung Informatik – Poster, Workshops, Kurzbeiträge. TUDpress, 2011, 7-17. (Людвіг, Луіза; Майрбергер, Керсцін; Вайдман, Адрыян: «Выкарыстанне персаналізаваных айпадаў на занятках з перспектывы вучняў». // Фрыдрых, Штэфен; Кінле, Андрэа; Роланд, Хольгер (выдавец): DeLFI 2011: 9-ы Кангрэс па пытаннях e-Learning «Інфарматыка» – постэры, творчыя майстэрні, кароткія артыкулы. «ТУД-прэс», 2011 г., 7-17.)

Mayrberger, Kerstin: „Unterwegs lernen? Mobile Endgeräte im Unterricht.“ Praxis Fremdsprachenunterricht. Basisheft (Themenheft Mobiles Lernen) 1/2013, 5-7. (Майрбергер, Керсцін: «Навучацца ў дарозе? Мабільныя прыстасаванні на занятках». // «Праксіс фрэмдшпрахэнунтэррыхт. Даведнік». – «Тэменхэфт мабілес лернен» – 1/2013, 5-7.)

Murphy, Megan E.: “Are iPads or Chromebooks better for schools?” The Hechinger Report. Independent Education News, 2014. (Мэрфі, Меган Э.: «Што лепш падыходзіць для школ: айпады альбо хромбукі?» // «Зэ Хэчынгер рэпорт. Індэпэндэнт эдукэйшан ньюз», 2014.)

Spang, André: „Lernen 2.0: Mobiles Lehren und Lernen mit iPad und Cloud.“ Praxis Fremdsprachenunterricht. Basisheft (Themenheft Mobiles Lernen) 1/2013, 11-13. (Шпранг, Андрэ: «Навучанне 2.0: Мабільнае навучанне і навучанне з дапамогай айпада і воблака». // «Праксіс фрэмдшпрахэнунтэррыхт. Даведнік». – «Тэменхэфт мабілес лернен» – 1/2013, 11-13.)