Рэгуляванне ў сферы СМІ Забяспечыць разнастайнасць меркаванняў

Абмежаваная ўлада СМІ
Абмежаваная ўлада СМІ | Foto: sharplaninac, fotolia.com

У Германіі існуе публічна-прававое і прыватнае тэлерадыёвяшчанне. Аўдыторыя прыватных тэлеканалаў складае каля 50 працэнтаў, аўдыторыя публічна-прававых (ARD, ZDF, трэціх і адмысловых каналаў – Arte, Phoenix і 3sat) -  каля 45. Рэшта з пяці працэнтаў – гэта замежныя і мясцовыя каналы. Шмат плюралізму. І ўсё-ткі: як быў створаны падобны медыйны ландшафт? Размова з камуніказнаўцам Вольфгангам Зойфертам.

Спадар Зойферт, канстытуцыя Германіі гарантуе свабоду прэсы, радыё- і тэлежурналістыкі, а таксама кіно. Чаму, нягледзячы на гэта, існуе рэгуляванне ў галіне медый?

Гэта звязана з небяспекай з’яўлення манаполіі на фармаванне грамадскай думкі. Любая прыватная кампанія, таксама і буйныя канцэрны, могуць мець у Германіі столькі тэлеканалаў, колькі захочуць. Аднак існуе абмежаванне колькасці гледачоў. Ніводзін з каналаў не павінен мець аўдыторыю, большую за 30 працэнтаў усіх гледачоў. Ужо пры дасягненні паказніка ў 25 працэнтаў ажыццяўляецца кантроль за тым, каб – калі кампанія валодае іншымі медыямі (газетамі і часопісамі, радыёстанцыямі) – не была перакрочана крытычная для плюралізму меркаванняў мяжа.

Хто ажыццяўляе кантроль?

Гэта робіць Камісія кантроля за канцэнтрацыяй у галіне медый (KEK). Яе задача – забяспечваць разнастайнасць меркаванняў. Яна ажыццяўляе кантроль за тым, каб праз атрыманне ліцэнзій на тэлевяшчанне альбо ў выніку змены ўласнікаў тэлеканалаў пэўная кампанія не атрымала дамінуючую пазіцыю ў сферы фармавання грамадскай думкі. Яна таксама наглядае за т. зв. групамі тэлеканалаў, якія паўстаюць у выніку зліцця кампаній.

Выглядае, што нешта падобнае да медыя-канцэрна Сільвіё Берлусконі, які аб’яднаны ў холдынгавай фірме Фінінвест, у Германіі не можа існаваць?

Гэта цалкам выключана. KEK не дапусціла б існавання кампаніі, якая б валодала такой вялікай доляй рынку. Акрамя таго, актыўным палітычным дзеячам у Германіі забараняецца валодаць медыяканцэрнамі. Гэта супярэчыць прапісанаму ў канстытуцыі прынцыпу, згодна якому тэлерадыёвяшчанне павінна быць незалежным ад дзяржавы.

Які склад мае KEK?

У яе склад уваходзяць па шэсць прадстаўнікоў ад медыя-устаноў кожнай з федэральных зямель Германіі і па шэсць экспертаў – усе яны юрысты высокага рангу.

Такім чынам, гэта не ўрадавая камісія?

Не. У Германіі законы аб СМІ – гэта законы федэральных земляў. Кожная федэральная зямля мае як уласную медыя-установу, так і ўласны закон аб СМІ. З-за таго, што некаторыя федэральныя землі аб’ядналіся з іншымі, існуе не 16, а 14 медыя-устаноў. Яны выдаюць прыватным камапаніям ліцэнзіі на вяшчанне. Такія публічна-прававыя каналы, як  ZDF і ARD маюць свае ўласныя назіральныя рады, пры гэтым прадстаўнікі ўрадаў федэральных зямель могуць займаць у іх не больш, чым траціну месцаў.

Ці не азначае гэта зашмат бюракратыі?

Канстытуцыйны суд ФРГ прапісаў у т. зв. «Пастанаўленні аб тэлевізійным вяшчанні» 1961 г., што назіранне за медыямі належыць да сферы кампетэнцый федэральных земляў. Дзяржаве і ў дадзеным выпадку ўрадам федэральных зямель не дазваляецца наўпрост уплываць на тэлерадыёвяшчанне і змест тэлепраграм. Парламенты федэральных зямель накіроўваюць у медыя-установы сваіх прадстаўнікоў, часта там таксама прадстаўлены і розныя сацыяльныя групы: такія, як прафсаюзы, цэрквы альбо іншыя грамадскія арганізацыі.

Ці могуць медыя-установы федэральных зямель уплываць на змест праграм?

Не, гэта не дазволена нікому. Не дапускаецца аказваць уплыў на прыватныя кампаніі. Падчас атрымання ліцэнзіі медыя-установы федэральных земляў могуць адно вызначаць, колькі працэнтаў праграмы павінны складаць інфармацыйныя праграмы, а ў выпадку радыё – аўдыётэксты. Аднак медыя-установы федэральных зямель могуць не працягнуць тэрмін дзеяння ліцэнзіі, калі канал альбо радыёстанцыя парушаць пастановы аб абароне дзяцей і моладзі альбо асноўныя правы іншых асобаў.

І ніхто не зможа паскардзіцца?

Не зусім так. У законах федэральных зямель аб СМІ і палажэннях аб тэлерадыёвяшчанні прапісана, што кожны, хто быў узгаданы ў медыях і быў паказаны пры гэтым у негатыўным святле, можа патрабаваць, каб гэтыя факты былі абвергнуты. Ён таксама можа падаць зыск у грамадзянскі суд і запатрабаваць кампенсацыі. Права на абвяржэнне можа быць пацверджанае праз грамадзянскі суд.

За прыватнымі тэле- і радыёкампаніямі стаіць прыватны капітал. Якую ролю ў гэтых кампаніях адыгрываюць назіральныя рады?

Для іх важныя справы бізнэсу. Суўладальнікі хочуць атрымліваць прыбытак. Пакуль ёсць прыбытак ад рэкламы, яны не ўмешваюцца ў справы стварэння праграм. Давайце разгледзім выпадак з двума найбуйнейшымі прыватнымі каналамі: Pro Sieben/Sat1 і групай RTL. Pro Sieben/Sat1 – гэта канал, які каціруецца на біржы, у які інвеставалі амерыканскія фінансавыя кампаніі. Група RTL у асноўным належыць канцэрну «Бертэльсман», якім кіруе фонд і сям’я Монаў. Рынак тэлевізійнай рэкламы ў Германіі падзелены паміж гэтымі дзвума медыя-групамі.

Як інтэрнэт змяняе медыя-ландшафт?

З дапамогай інтэрнэту любы чалавек, любая фірма лёгка можа стаць медыя-кампаніяй. Той, хто прысутны выключна ў інтэрнэце, сёння не падпадае пад дзеянне адмысловых нарматыўных актаў, якія рэгулююць дзейнасць медый. Зірніце на Амазон ды іншыя парталы, якія прапануюць відэа ў рэжыме анлайн. Яны фактычна падлягаюць рэгуляванню звычайнымі законамі аб вядзенні эканамічнай дзейнасці. Медыя-установы федэральных зямель, якія ўласна і павінны іх кантраляваць, цягнуцца ззаду. Рабіць гэта надзвычай цяжка, асабліва тады, калі медыя-кампанія знаходзіцца за мяжой. Сёння ўсе збольшага робяць стаўку на добраахвотны самакантроль.
 

Kommunikationswissenschaftler Prof. Dr. Wolfgang Seufert Kommunikationswissenschaftler Prof. Dr. Wolfgang Seufert | © Wolfgang Seufert З 2003 г. Вольфганг Зойферт з’яўляецца выкладчыкам камуніказнаўства (галоўныя аспекты: эканоміка і арганізацыя медый) ва Універсітэце імя Фрыдрыха Шылера ў Ене. У супрацы з выкладчыкам інфармацыйнай і медыйнай эканоміі з Вышэйшай школы прыкладных навук у Гамбургу Харды Гундлахам ён напісаў кнігу Medienregulierung in Deutschland («Рэгуляванне сферы медый у Германіі» – 2012 г.).
 
Staatsferne des Rundfunks
Das öffentlich-rechtliche Rundfunksystem wurde nach dem Zweiten Weltkrieg in Deutschland nach britischem Vorbild eingerichtet. Die föderale Struktur und die grundgesetzlich festgeschriebene Staatsferne beruhen auf den Erfahrungen aus der Zeit des Nationalsozialismus. Dort wurde der Rundfunk den Propaganda-Zwecken des Staates untergeordnet.