Публічна-прававое тэлерадыёвяшчанне Паміж прыцягальнасцю і задачай

ZDF у Майнцы
ZDF у Майнцы | Фота: Tobo777, CC BY-SA 3.0

Публічна-прававое тэлерадыёвяшчанне ў Германіі паступова адаптуецца да зменаў, выкліканых дыгіталізацыяй. Ці справіцца адміністратыўны апарат кампаній з сітуацыяй, калі трэба разрывацца паміж якаснай праграмай і заканадаўчымі прадпісаннямі?

Тое, што публічна-прававое тэлерадыёвяшчанне чакаюць вялікія, а, магчыма, і непрыемныя змены было зразумела ўжо ў 2013 г. па маршчынах на ілбе ў былога дыктара Тома Бурава, які чытаў навіны дня. Вядомы сваім ветліва-паблажлівым стылем мадэрацыі журналіст як раз заняў пасаду інтэнданта ў кампаніі «Вестдойчэр Рундфунк» (Westdeutscher Rundfunk - WDR). Каб з 2016 г. не дапусціць з’яўлення ў бюджэце дзюркі ў памеры 100 мільёнаў еўра, яму давялося абвясціць, што адбудуцца буйныя скарачэнні персаналу. Плануецца, што да 2020 г. у WDR будзе зліквідавана кожнае дзясятае працоўнае месца.

Грамадства ўспрымае публічна-прававыя каналы як занадта вялікія

Для крытыкаў мадэлі фінансавання публічна-прававога тэлерадыёвяшчання скарачэнне працоўных месцаў было добрай спажывай. Здавалася, што ў будучыні ў публічна-прававога тэлерадыёвяшчання не застанецца ніводнага шанцу: тэле-, радыё- і лічбавыя каналы ARD і ZDF выглядалі занадта вялікімі, занадта павольнымі, іх структура – занадта старамоднай. Акрамя таго, ARD закідалі тое, што яно крадзе ў нямецкіх выдаўцоў газет, якія ўваходзяць у склад Федэральнага саюзу выдаўцоў газет (BDZV), чытачоў, прапануючы праз дадатак для прагляду падзей дня кантэнт, падобны да кантэнту прэсы. Гэта можна было прачытаць у матэрыялах аб юрыдычнай спрэчцы паміж абодвума бакамі, выкліканай знікненнем канкурэнцыі з-за з’яўлення дадатку. Асноўны пасыл быў адназначным: публічна-прававы канал атрымлівае зашмат грошай і выкарыстоўвае сваю рынкавую моц яшчэ і для таго, каб выціскаць канкурэнтаў.

Публічна-прававыя каналы на правільным шляху

Дык ці мае будучыню публічна-прававое тэлерадыёвяшчанне ў дыгітальную эпоху? Прафесар Вышэйшай школы медый і камунікацыі ў Гамбургу “Макрамедыя” Штэфан Вайхерт, які працуе там з 2008 г., перакананы ў гэтым. «Публічна-прававое вяшчанне павінна выконваць сваю задачу і ў дыгітальную эпоху – улічваючы аўдыторыю, якая стала падзяляецца на групы ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі», – кажа ён.
 
У адпаведнасці з праграмнымі прынцыпамі, якія вызначаюцца законамі федэральных земляў аб тэлерадыёвяшчанні, тэле- і радыёпраграмы павінны ў роўнай ступені інфармаваць, адукоўваць і выконваць забаўляльную функцыю. Важнымі аспектамі з’яўляюцца свабода прэсы і абарона ад умяшальніцтва з боку дзяржавы. Радыёстанцыі і тэлеканалы павінны ўзважана паведамляць аб падзеях і, акрамя таго, ставіцца з павагай да чалавечай годнасці і бараніць яе. Больш таго, праграмы павінны адпавядаць ісціне.
 
«Але нельга вызначаць шляхам квазідэмакратычнага апытання тое, што з’яўляецца праўдзівым і добрым, – кажа Вайхерт. – Тое, што ў інтэрнэце кантэнт можна ацэньваць адным клікам не павінна весці да таго, што гэта будзе крытэрыем добрай праграмы». Ён засцерагае ад Verbuzzfeedisierung – татальнай залежнасці кантэнта ад квот і ад эфекта, дзякуючы якому стаўся вядомым сайт Buzzfeed.com.

Людзі самі вызначаюць, калі і дзе глядзець тэлепраграмы

Праграмы ARD і ZDF па-ранейшаму маюць вялікія квоты, публічна-прававыя каналы па-ранейшаму даступныя масаваму гледачу. Час прагляду тэлеканалаў з кожным годам памяншаецца. Але, па словах Вайхерта, гэта тычыцца толькі праграмнага тэлебачання. «Класічнае лінейнае тэлебачанне – гэта састарэлая тэхналогія, сёння людзі самі вызначаюць, як, калі і што глядзець». Дзякуючы «абавязацельству прытрымлівацца разнастайнасці», якое прапісанае ў праграмных прынцыпах, публічна-прававыя каналы фармуюць палітычную культуру Германіі. Гэта тая кампетэнцыя, якую, на думку Вайхерта, яны павінны ўзяць з сабой у інтэрнэт, «туды, дзе магчымыя змястоўныя дыскусіі з грамадскасцю».
 
Расце прагляд людзьмі праграм, якія паходзяць з розных каналаў. Паводле анлайн-даследавання ARD/ZDF, іх усё часцей праглядаюць перш за ўсё маладыя гледачы, не прывязваючыся да пэўнага часу. ARD і ZDF плануюць адрэагаваць на гэта стварэннем супольнага дыгітальнага канала для моладзі ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў. Спачатку было запланавана стварыць тэлеканал, аднак прэм’ер-міністры федэральных зямель пакрыжавалі планы публічна-прававых устаноў: для паўнацэннага тэлеканала няма бюджэту, канал неабходна перанесці ў інтэрнэт. Тым самым пасля перамоў, якія доўжыліся шмат месяцаў, палітыкі фармальна прымусілі ARD і ZDF да ўвядзення інавацый. Акрамя таго, кампаніі вымушаны закрыць свае цяперашнія лічбавыя каналы Einsfestival, Einsplus і ZDFkultur.
 
«Гатоўнасць да рэформ існуе, – кажа Вайхерт. – Tagesschau.de – гэта адна з найхутчэйшых і лепшых службаў навін Еўропы». Акрамя таго, ZDF Neo адпавядае духу часу і ўсё часцей радуе якаснай праграмай.

Ідэі для перабудовы мыслення

«Так, публічна-прававыя каналы, магчыма, дзейнічаюць у пэўнай ступені марудна з-за свайго буйнога адміністратыўнага апарату, – дапускае Вайхерт. – Аднак гэта не стрымлівае іх ад стварэння рэвалюцыйных прапаноў». У якасці прыклада Вайхерт называе вэб-старонку радыё «Дойчландфунк». «Менавіта так павінна выглядаць радыё ў інтэрнэце». Даследчыку медый не хапае падобнага жадання эксперыментаваць у выпадку з іншымі прапановамі, на яго думку не трэба баяцца рызыкі, якую можна пралічыць: «У сеціве няма нічога вечнага, можна заўсёды абраць іншы шлях, калі штосьці заўважна не працуе».
 
«Няварта баяцца буйных скарачэнняў, – мяркуе Вайхерт. – Трэба запытаць сябе, ці ў будучыні патрэбны кожны разак, кожны аператар, калі іншыя працуюць з відэакамерамі, якія маюць абедзьве функцыі». «Неабходна таксама абсудзіць пытанне ганарараў заслужаных журналістаў-зорак і майстроў слова», – кажа Вайхерт.
 
Дзякуючы інтэрнэту дыскусія аб кантэнце і структурах стала вядомая грамадскасці. «Пасля гадоў працы ў калідорах гэта таксама неабходна, – кажа Вайхерт. – Надышоў час сур’ёзна паставіцца да жаданняў грамадскасці і пры гэтым не забыцца на вызначаную заканадаўствам задачу».