Размова з Увэ Кругерам Небяспечная блізкасць журналістаў да ўлады

Камуніказнаўца з Лейпцыгу Увэ Кругер
Камуніказнаўца з Лейпцыгу Увэ Кругер | Foto (Ausschnitt): © Uwe Krüger

Наколькі незалежныя і аб’ектыўныя нямецкія журналісты? Камуніказнаўца з Лейпцыгу Увэ Кругер даследаваў сувязі вядучых рэдактараў з палітычнымі і эканамічнымі элітамі і заўважыў, што між імі існуе небяспечная блізкасць.

Спадар Кругер, людзі хочуць, каб журналісты былі нейтральнымі і аб’ектыўнымі. Наколькі Германія блізкая да гэтага ідэала?

Вельмі цяжка даць адназначны адказ. Патрабаванні да журналістаў надзвычай высокія і многія нямецкія журналісты сапраўды імкнуцца як мага сумленна і аб’ектыўна адлюстроўваць часта вельмі непразрыстыя навіны. Нягледзячы на гэта ў нас ёсць праблемы.
 
Якія?
 
Многія вядучыя СМІ Германіі настолькі шчыльна звязаны з палітычнымі і эканамічнымі элітамі, што недастаткова дакладна высвятляюць існасць праблем і базавыя паняцці, а таксама інтарэсы, якія стаяць за імі. СМІ можа быць аб’ектыўным і нейтральным у малым і ўсё адно знаходзіцца бліжэй да дыскурсу пэўных эліт, а не насельніцтва.
 
Чым Вы можаце падмацаваць гэту тэзу?
 
Шмат гадоў я даследаваў персанальныя дадзеныя ўсіх вядучых рэдактараў уплывовых СМІ Германіі: якія хто з кім меў кантакты, у межах якіх арганізацый: з’яўляючыся іх чальцом, чальцом праўлення, чальцом кансультацыйнай рады, чальцом прэзідыюма? Вось што высветлілася: па-першае, кожны трэці з’яўляўся чальцом як мінімум адной арганізацыі, звязанай з элітамі; па-другое – і гэта падалося мне вельмі дзіўным – вядучыя журналісты са сферы знешняй палітыкі інтэнсіўна ўдзельнічалі ў дзейнасці арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы НАТА, Еўрапейскага Саюза і ўрада ФРГ.
 
Якія арганізацыі Вы маеце на ўвазе?
 
Напрыклад, Нямецкае атлантычнае таварыства – арганізацыю, якая яўна лабіруе інтарэсы НАТА. Альбо Трохбаковую камісію – сакрэтны форум палітычных, эканамічных ды інш. эліт з Паўночнай Амерыкі, Заходняй Еўропы і азіяцка-ціхаакеанскага рэгіёну. Тут ідуць перамовы паміж прадстаўнікамі эканомікі і палітыкі заходняга свету, грамадскасць пры гэтым застаецца ўбаку. Прысутныя журналісты абавязуюцца захоўваць маўчанне – нягледзячы на тое, што яны, уласна кажучы, павінны быць адвакатамі грамадскасці.
 
Ці гэта ўвогуле дапушчальна?
 
У Германіі сапраўды пакуль няма нормы, якая забараняла б быць чальцом падобнай апякунскай рады альбо камісіі. У адрозненні ад, напрыклад, Амерыкі. Так, «Нью-Ёрк Таймз» мае этычны кодекс, у адпаведнасці з якім журналісты могуць браць удзел толькі ў дзейнасці такіх арганізацый, якія займаюцца падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі журналістаў, а не палітыкай і эканомікай.

Многія давяраюць т. зв. вядучым медыям

Як уплывае на аб’ектыўнасць журналістаў блізкасць да эліт?
 
Яна пакутуе ад гэтага. Возмем, напрыклад, паведамленне аб падзеях ва Украіне. Калі быць шчырым, то ў выпадку многіх буйных СМІ мы маем справу з ухілам у бок саюзнай палітыкі, ЕС і НАТА. У геапалітычнай спрэчцы за Украіну Расія разглядаецца вельмі крытычна, а захад – не. У выніку з’яўляецца загружаная каштоўнасцямі карцінка «дабро супраць зла», хаця бліжэй да ісціны была б больш цвярозая карцінка «інтарэсы супраць інтарэсаў». 
 
Аднак існуюць і іншыя СМІ, якія глядзяць з гэтай перспэктывы. І грамадзяне могуць атрымаць вычарпальную інфармацыю, ці не так?
 
Так, можна казаць аб тым, што тэндэнцыйныя паведамленні змягчаюцца дзякуючы вялікай колькасці СМІ. Пытанне палягае ў тым, якая карысць з гэтага асобным грамадзянам? Хто мае час і медыйную кампетэнцыю, каб кожны дзень знаёміцца з усім спектрам меркаванняў? Многія давяраюць т. зв. вядучым СМІ і зыходзяць з таго, што тыя прадастаўляюць самую аб’ектыўную інфармацыю. Таму плюралізм меркаванняў у межах асобнага СМІ вельмі важны.
 
Можна казаць аб тым, што для журналістаў проста неабходна атрымаць доступ да элітаў. Ці не з’яўляецца пэўная блізкасць да элітаў цаной, якую трэба заплаціць за эксклюзіўную падрабязную інфармацыю?
 
Згодзен, гэта дылема. Таму, хто хоча адлюстроўваць дыскурс элітаў, патрэбны доступ і так бы мовіць пэўная духоўная блізкасць да ўлады. Аднак больш цікавым з’яўляецца пытанне: ці сапраўды так пільна патрэбна інфармацыя з паверхаў, дзе сядзіць кіраўніцтва? Можа быць хутчэй патрэбны крыніцы ў структуры дзяржадміністрацыі ды іншых арганізацый, напрыклад, рэферэнты, якія менш кіруюцца інтарэсамі, але затое больш кампетэнтныя за сваіх шэфаў? У амерыканскіх журналістаў ёсць показка: «The higher you go, the less you know» (Чым вышэй вы падымаецеся, тым менш ведаеце). Як мага падрабязна адлюстроўваць дыскурс элітаў важна, але таксама важна канструктыўна падысці да яго.
 
Ці можаце Вы прывесці які-небудзь прыклад?
 
У многіх каментарах і перадавых артыкулах буйных газет я знаходзіў тэзы, паводле якіх фінансавы крызіс, патокі міграцыі альбо пандэміі маюць важнае значэнне для палітыкі ў сферы забеспячэння бяспекі. У прынцыпе, гэта лабіраванне пашыранага паняцця аб бяспецы, якое з’яўляецца вынікам кансенсусу паміж нашымі элітамі і ўваходзіць у парадак дня ўраду ФРГ, ЕС і НАТА. Тое схіляе да прымянення вайсковай логікі да невайсковых тэм. На маю думку, журналістам карысна было б не адлюстроўваць гэту ідэю і нават не рэкламаваць яе, але падыйсці да яе крытычна.

Такое пачуццё, што сфера палітыкі і медыі гучаць ва ўнісон

Як Вы ацэньваеце актуальную крытыку СМІ такіх дэмакратычных груповак, як Pegida?
 
Мы маем справу са згубай даверу, да якой вядучыя СМІ павінны паставіцца вельмі сур’ёзна. Нават калі такія лозунгі як «хлуслівая прэса» значна перабольшаны, усё роўна існуе адчуванне, што сфера палітыкі і СМІ гучаць ва ўнісон і гэта невыпадкова. Праца і адбор матэрыялу многіх рэдакцый арганізаваны так, нібыта яны павінны ісці як цень за дыскурсам эліты. Уласна кажучы, патрабуецца больш сродкаў і свабоды, каб ажыццяўляць пошукі, арыентаваныя на вынік, каб не паслухмяна дзейнічаць паводле планаў цэнтраў улады, але часцей дэманстраваць уласныя меркаванні.
 
Ці не была б вырашэннем праблемы наяўнасць большага плюралізму ў межах асобных СМІ?
 
Гэта быў бы слушны крок, так. Думаю, што чытачы толькі выйгралі б, калі б пазаштатныя нетыповыя аўтары часта выражалі альтэрнатыўныя меркаванні і крытыку. Каб рэдактар рубрыкі, які шмат гадоў бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях бяспекі, наведаў таксама і Мюнхенскую мірную канферэнцыю альбо паўдзельнічаўшы ў Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, наведаў бы і Сусветны форум па сацыяльных пытаннях.
 
Увэ Кругер, «Уплыў эліты на вядучыя медыі і журналістаў-зорак – крытычны аналіз сувязей» (Der Einfluss von Elite auf Leitmedien und Alpha-Journalisten – eine kritische Netzwerkanalyse), выдавецтва «Херберт фон Халем ферлаг» (Herbert von Halem-Verlag)