(Нефармальнае) навучанне ў час дыгітальных перамен Гугл у якасці месца навучання

Навучанне па-ранейшаму асацыюецца з вучэбнымі аўдыторыямі і іспытамі. Пры гэтым падчас пошукаў у сеціве становіцца ясна – Гугл, ЮТуб і Вікіпедыя з’яўляюцца месцамі навучання. Прапановы ў рэжыме анлайн усё часцей ствараюць канкурэнцыю школам. Ці, можа, тыя могуць узяць на ўзбраенне нефармальнае навучанне?

Як вылічыць плошчу трохкутніка? Як навучыцца танцаваць як Беёнсэ? Што прыгатаваць для веганаў? Што, урэшце, азначае слова «веган»? Само сабой зразумела, што адказы на падобныя пытанні шукаюць сёння ў сеціве мільёны маладых людзей і дарослых. Каб даведацца штосьці, яны ідуць на Гугл, ЮТуб альбо Вікіпедыю. Калі падчас размовы ўзнікаюць незразумелыя моманты, суразмоўцы хапаюцца за мабільныя прыстасаванні, каб разам пасунуцца на крок наперад.

Нефармальнае навучанне

Той, хто навучаецца з дапамогай сеціва, часта робіць гэта несвядома. Пры гэтым у пэўным сэнсе нефармальнае навучанне больш «рэальнае», чым, напрыклад, навучанне ў вучэбнай аўдыторыі. Разам з тым крытыкі звяртаюць увагу на адзін важны момант: перад тым, хто навучаецца ў сеціве, стала прысутнічае спакуса пераключыцца на штосьці іншае, адначасова яму цяжка засяродзіца. Гэта вядзе да змененага кіравання ўвагай. У звычайным свеце свядомасць канцэнтруецца на адным раздражняльніку, у той час як іншыя па магчымасці «адключаюцца».  У віртуальным ёй, наадварот, неабходна адначасова апрацоўваць шмат раздражняльнікаў. Выклік палягае ў тым, каб эфектыўна спраўляцца з гэтым. 
 
Аднак варта эфектыўна выкарыстоўваць дыгітальныя інструменты, бо нефармальнае навучанне з дапамогай дыгітальных медый адпавядае шматлікім педагагічным патрабаванням да змястоўнага навучання. Яно з’яўляецца
  • матывуючым, бо навучэнцы хочуць даведацца аб канкрэтнай рэчы дзеля  яе самой менавіта цяпер;
  • актыўным і самакіраваным, бо навучэнцы самі вырашаюць, што вывучаць, вызначаюць спосаб навучання і навучальныя матэрыялы;
  • сітуатыўным, рэлевантным і аўтэнтычным, бо навучэнцы самі могуць вызначаць час, тэмп і месца навучання;
  • карысным, бо навучэнцы самі могуць ацаніць яго.
Гэта таксама тычыцца навучання замежным мовам, у выпадку якога нефармальнае навучанне стала больш разнастайным дзякуючы дыгіталізацыі. Напрыклад, той, хто хоча вывучыць мандарын, можа авалодваць аўдзіраваннем з дапамогай смартфона. Словы і сказы запісаны так, каб было можна слухаць іх і паўтараць. Акрамя таго, існуе цэлы шэраг дадаткаў для авалодання іерогліфамі, якія адпавядаюць патрэбам навучэнцаў.

Канкурэнцыя для школ

Дзякуючы гэтым новым магчымасцям школы з іх навучальнымі матэрыяламі і метадамі навучання губляюць сваю эксклюзіўную ролю месцаў навучання. Пастулат, згодна з якім група людзей павінна знаходзіцца ў той самы час у тым самым месцы для таго, каб навучацца, становіцца непрымальным. Навучальны працэс вызначаецца не прасторай і часам, а інфармацыйнай сеткай.
 
Менавіта таму нефармальнае навучанне павінна адыгрываць усё большую ролю ў саміх школах. Калі заахвоціць навучэнцаў карыстацца дыгітальнымі дывайсамі на занятках, то ў вучэбнай аўдыторыі яны будуць мець поўны рэпертуар для свайго асабістага навучання. Таму задача школы будучыні палягае ў тым, каб суправаджаць моладзь падчас самастойнага навучання, навучыць яе вучыцца свядома, проста, супольна з іншымі. Аднак паўстае пытанне: як гэтага дасягнуць?

Новыя магчымасці для заняткаў

Магчымасцяў шмат. Самае простае – гэта фармуляваць адкрытыя заданні, якія трэба вырашаць нефармальнымі сродкамі:
  • «Правядзі чат з кім-небудзь на той мове, якую ты цяпер вывучаеш»
  • «Чаму смятана, калі яе ўзбіваць, робіцца больш плотнай?»
  • «Чым адрозніваецца пекінская ветлівасць ад берлінскай?»
  • «Што альбо хто дае краінам, якія развіваюцца, больш грошай: праграмы дапамогі краінам, якія развіваюцца, альбо эмігранты з індустрыяльна развітых краін, якія дасылаюць грошы сваякам на радзіму?»
  • «Знайдзіце профілі экспертаў па тэмах, якія мы цяпер вывучаем. Што іх цікавіць? Пра што яны пішуць?»
Тэмай заняткаў робяцца вынікі вырашэння гэтых задач, а таксама выкарыстаныя сродкі і здабыты досвед. Навучэнцы заўважаюць, што іх нефармальнае навучанне адыгрывае важную ролю, што ёсць магчымасці палепшыць яго і выкарыстаць на занятках.

Informelles Lernen für den Unterricht nutzen Informelles Lernen für den Unterricht nutzen | © paylessimages - Fotolia.com Наступны крок мае на ўвазе, што навучэнцы могуць стварыць профілі ў сеціве. Гэта можа адбыцца паступова: на профілі ў Твітары публікуюцца спасылкі па тэме заняткаў, вядзецца старонка ў Фэйсбуку, у вучэбным блогу размяшчаецца дадатковая інфармацыя. Такім чынам навучэнцы знаёмяцца з дадатковымі магчымасцямі. Адначасова яны ўсведамляюць, што навучанне важнае для іх настаўнікаў. Гэта важны фактар, які вызначае поспех у навучанні.

Навучанне ў будучыні

Дзякуючы мабільным дывайсам можна звяртацца да інфармацыі, ведаў экспертаў, вучэбных груп і навучальных метадаў незалежна ад месца знаходжання. Колькасць адпаведных навучальных прапаноў павялічваецца штогод. Школы могуць і павінны карыстацца імі.  Камп’ютары і смартфоны – не пагроза для навучання ў аўдыторыях, а часцей за ўсё палёгка для заняткаў і іх дапаўненне. Так заданні з традыцыйных устаноў адукацыі могуць быць размешчаны ў сеціве. Гэта дае школам магчымасць сканцэнтравацца на іншых задачах: напрыклад, на інтэнсіўных дачыненнях паміж настаўнікамі і навучэнцамі, а таксама паміж самімі навучэнцамі. Прапанаваць розныя формы навучання для розных тыпаў навучэнцаў альбо развіць медыйную кампетэнцыю, якая неабходная для нефармальных навучальных працэсаў.
 

Літаратура

Вампфлер, Піліпэ, «Пакаленне Social Media» (Generation »Social Media«). Гёцінген, 2014 г.