Літаратурныя фестывалі ў Германіі Конь скача з тэкста

Literaturfestivals

Цэлы год у малых і вялікіх гарадах, на зялёных лугавінах і ў цёмных клубах адбываюцца шматлікія літаратурныя фестывалі. Адкуль узяўся гэты трэнд?

Літаратура – адзіны від мастацтва, які традыцыйна існуе ў прыватнай сферы, чытанне лічыцца відам дзейнасці, які адбываеца на самоце. Аднак кніга паступова пакідае гэтую індывідуальную прастору. У канцы 1970-х гадоў з’яўляюцца фестывалі, на якіх свае тэксты чытаюць шматлікія аўтары – напрыклад, літаратурныя дні ў Клагенфурце, якія з 1977 г. адбываюцца штогод. Падчас іх правядзення ўвазе грамадскасці прадстаўляецца і дэманструецца па тэлебачанні не толькі выступ аўтара, але і дзейнасць журы, якое вызначае лаўрэата прэстыжнай прэміі імя Інгеборг Бахман. Пачынаючы з 1968 г. у Дармштаце адбываецца фестываль Literarischer März, на якім з 1979 г. маладым паэтам уручаецца прэмія Ляонса і Лены (Leonce-und-Lena-Preis). У цэнтры ўвагі заснаванага ў 1980 г. паэтычнага фестываля ў Эрлангене знаходзяцца доўгія чытанні ў другой палове дня, якія адбываюцца ў садзе палаца. У 1990-х гадах з’яўляецца ўсё больш літаратурных фестываляў: мегаполісы Берлін, Кёльн і Мюнхен маюць свае фестывалі, якія з’яўляюцца значнымі падзеямі для гэтых гарадоў.

З віртуальнага ў рэальнае жыццё

Такое развіццё падзей здзіўляе. Падаецца, нібы замацавалася меркаванне, што з-за віртуалізацыі нашай жыццёвай прасторы «сапраўднае» жыццё ўсё больш адыходзіць на задні план, што з прычыны карыстання Фэйсбукам ды К «сапраўдныя» міжчалавечыя адносіны ўсё больш рэдкія. Аднак на самой справе ўсё як раз наадварот. Паўстае новае жаданне мець рэальныя сустрэчы і ўражанні, якімі можна падзяліцца з іншымі людзьмі, якія можна ўспамінаць разам з імі. Разам з віртуалізацыяй жыццёвай прасторы ўзрастае патрэба пакінуць уласнае жытло і выправіцца на пошукі незвычайных падзей. Літаратуру ўсё часцей прапануюць публіцы ў якасці «падзеі».

Ля «дрэў паэзіі», на канапах і сярод лугавых красак

Тыповым прыкладам падобнага развіцця падзей з’яўляецца літаратурны фестываль Prosanova, які ў 2011 г. у трэці раз быў аганізаваны выпускнікамі ВНУ ў Хільдэсхайме (Ніжняя Саксонія), дзе навучаюць творчым прафесіям. Падчас яго правядзення чытанне павінна стацца самастойнай формай мастацтва, прастора павінна ўплываць на тэкст, а тэкст – на прастору. Калі падчас чытання раптам з’явіцца вершніца на кані і праскача праз дзверы залы, то тэкст ператворыцца ў рэальнасць. Такім чынам канцэпцыя чытанняў бясстрашна наблізіцца да жанру перформансу, а умовы, у якіх адбываецца імпрэза, ператворацца ў адкрыты для публікі ўтульны пакой, каб зрабіць магчымай сустрэчу аўтараў, слухачоў ды крытыкаў. Так праходзяць сустрэчы пад poetree – дрэвам-скульптурай, на якім вісяць надрукаваныя на пішучай машынцы вершы, а удзельнікі сядзяць на канапах і крэслах сярод лугавых красак непадалёк ад былых казармаў Бундесвера. Чым незвычайней, тым лепш ды катэгарычней. Аднак існуе таксама і смеласць абмяжоўваць усё да істотнага, калі падчас чытання ў прыцемках вуха мае магчымасць слухаць тэкст, не трацячы ўвагу на іншае.

Чытанні на вышыні ў 2000 метраў

Пошукі новых фарматаў прэзентацыі літаратуры пачаліся не з маладых літаратараў у Хільдэсхайме, а ў Лойкербадзе. Міжнародны фестываль, які адбываеца на швейцарскім курорце, пачынаючы з 1996 г. абраў новы шлях: чытанні адбываюцца на тле Альпаў, у барах гатэляў ды ў такіх незвычайных месцах, як рымска-ірландская лазня. Пакуль аўтар чытае ўголас, знаходзячыся ў ванне, публіка паволі плавае, слухаючы яго. Штогадовым апагеем з’яўляюцца паўночныя літаратурныя чытанні на Гэміпасе, на вышыні 2.350 м па-над узроўнем мора. Так літаратура заваёўвае апошнія альпійскія вышыні.

Падыходзячы фестываль на любы густ

Не толькі ў правінцыі, але і ў вялікіх гарадах існуе культура чытання, якая пашыраецца. Так фестываль lit.COLOGNE, пачынаючы з 2001 г., прапануе ўвазе публікі ў Кёльне забаўляльную праграму з удзелам зорак кабарэ, музыкантаў і аўтараў розных жанраў: зоркі камедыйнага жанру і лаўрэаты Нямецкай літаратурнай прэміі выступаюць для розных катэгорый публікі. З 2001 г. у Берліне праходзіць Берлінскі міжнародны літаратурны фестываль. Крыху больш за тыдзень штодня адбываюцца шматлікія чытанні аўтараў з усяго свету. У Брэмене ўвага надаецца паэзіі ў межах праекта Poetry on the Road, на літаратурны фестываль у Майнцы запрашаюцца перадусім маладыя невядомыя аўтары. Гэты трэнд, аказаць супраціў якому не можа не адзін горад, паклікаў да жыцця Leipzig liest – вялікі літаратурны фестываль, які праходзіць паралельна з Лейпцыгскім кніжным кірмашом і на якім у 2011 г. за некалькі дзён адбылося больш за 2000 літаратурных чытанняў.

Тэкст на ўспамін

Простыя «літаратурныя чытанні са шклянкай вады» паціху сталіся фарматам, які рэдка сустрэнеш нават на буйных літаратурных фестывалях. Акцёры чытаюць тэксты са сцэны пад музыкальнае суправаджэнне, мэтай подыумных імпрэз з’яўляецца больш глыбокае разуменне твораў публікай. Застаецца толькі дачакацца, якія з новых фарматаў, што выпрабоўваюцца на фестывалі Prosanova ці яшчэ дзе-небудзь, урэшце праб’юцца ў літаратурнае жыццё. Галоўная роля заўсёды належыць тэксту. Аднак усё-ткі лепей слухаць тэксты пад «дрэвам паэзіі» альбо пад гукі электроннай музыкі, бо такім чынам у памяці застаюцца незабыўныя ўспаміны.