Нямецкае адзінства
Баўхаус – агульнанямецкае культавае месца

У ГДР прытулак мадэрну доўгі час знаходзіўся ў апале. Сёння Баўхаус – адзін з маякоў культуры аб’яднанай Германіі.
 

Гэта было найпаспяховейшае адкрыццё 20-га стагоддзя, найвялікшае з таго, што ішло на экспарт, брэнд, які існаваў даўжэй за іншыя: Баўхаус у Дэсау, які быў заснаваны ў Ваймары. Ніводны са створаных у Германіі дызайнаў не дасягнуў падобнага прарыву на міжнароднай арэне. Ніводны не паяднаны з мадэрнасцю так дасканала і непарушна. Прыводзіць аргументы супраць Баўхаусу азначае нават і сёння адмаўляцца ад «прагрэсу» – нягледзячы на тое, што архітэктурная школа ў Дэсау існавала толькі восем гадоў і ўжо ў 1933 г. была зачынена.
 
Паміж закрыццём у Дэсау і адкрыццём «Навукова-культурнага цэнтру» ў тым самым месце ўрадам ГДР у 1976 г. былі дзесяцігоддзі няміласці з боку грамадства – спачатку з боку нацыянал-сацыялістаў, якія змагаліся з Баўхаусам ужо да 1933 г., і – што на захадзе Германіі менш вядома – з боку камуністаў. Непрыняццё Баўхауса сягае сваімі каранямі ў часы заснавання ГДР. Баўхаус і сацыялізм не сумяшчальныя – так накіроўваў на новую лінію дэлегацыю архітэктараў і партыйных ідэолагаў высокага ўзроўню з ГДР, запрошаную ў Маскву ў 1950 г.,  Аркадзій Мардвінаў, прэзідэнт Архітэктурнай акадэміі СССР. Таму задачай было «ўключыць у шэрагі фронту сапраўднай сацыялістычнай культуры людзей тыпу Баўхауса».

Рэабілітацыя другога гатунку

І толькі за тры гады да аб’яднання Германіі ў 1990 г. забарона была скасавана. У той час ГДР ініцыявала фармальнае адкрыццё Баўхауса, які цяпер выступаў пад назвай «Цэнтр дызайну». Зразумела, заўважыўшы, што заснавальнік Баўхауса Вальтэр Гропіус адышоў ад сапраўднага сацыялістычнага разумення. Сваю сацыяльна дэтэрмінаваную архітэктурную канцэпцыю ён развіваў «у два бакі» – у пралетарскі (сацыялістычны) і таксама ў грамадзянскі (капіталістычны), – лічыць навуковец-архітэктар Хрысціян Шэдліх з Ваймару. Гэта была рэабілітацыя другога гатунку.
 
Аднак пасля ўзяднання яшчэ чатыры гады пытанне пра тое, як быць далей з Баўхаусам, заставалася адкрытым. І толькі 9 лютага 1994 г. справа дайшла да заснавання «Фонду Баўхаус Дэсау». З гэтага моманту ансамбль будынкаў разам са сваімі інстытутамі належыць да важнейшых месцаў культуры і культурных «маякоў» Германіі агульнадзяржаўнага ўзроўню.
 
Гэта было пасвячэнне ў рыцары, да якога гістарычны Баўхаус ніколі не імкнуўся. Яго самаўсведамленнем і законам жыцця быў бунт. Захапленне гэтай мастацкай школай ніколі б не дасягнула беспрэцэдэнтнага ў сусветнай гісторыі пашырэння, калі б ад яе не зыходзіла абяцанне звяржэння ўсіх жыццёвых умоў, змяненне сэнсу ўсіх каштоўнасцей, прыхільнасцей і мэтаў.
 
Трэба ўнесці яснасць аб тым, што напачатку гэтай гераічнай, бязмежнай і дзёрзкай думкі стаяла ўяўленне аб мастацкім творы як аб цэлым – за яго выступаў таксама і кампазітар Рыхард Вагнер. Сюды дадалася і рамантычная ідэя паляпшэння свету праз супольнасць мастакоў, якая акрыліла піянераў стылю мадэрн, сабраных вакол аўстрыйца Ёзэфа Марыя Олбрыха. Імкнуліся да рамесніцтва, да сярэднявечных майстэрняў, што стваралі саборы, да гільдый, ухвалялі тэхнікі дыхання, працы над целам і свядомага харчавання, ад якіх чакалі «ўнутранага ачышчэння» цела.

Прамыя, вострыя нібы нажы лініі

Яшчэ перад Дэсау, у першыя гады Баўхауса 1919-1925, гэта падвойная атака на існуючыя ўмовы не ўдалася. Тое, што падавалася англічаніну Франку Уітфарду ў яго вялікай манаграфіі 1992 г., прысвечанай Баўхаусу, як «вельмі прынцыповая ў сённяшняй Германіі рэч», развалілася ў двубоі паміж містыкам Ёханэсам Ітэнам і шэфам Баўхаусу Вальтэрам Гропіусам: «З аднаго боку – уварванне ўсходняй культуры, культ Індыі, вяртанне да прыроды руху пералётных птушак ды ішага, пасяленне, вегетарыянства, талстоўшчына, рэакцыя на вайну, з іншага – амерыканізм, прагрэс, цуд тэхнікі і вынаходстваў, вялікі горад…»
 
Гропіус перамог, і разам з ім імпратаваны з Нідэрландаў культ прамых, вострых нібы нажы ліній. Развіталіся з дэкараваным фасадам, колерам, франтонам, калонай, эркерам, цокалем, гзымсам. Адмовіліся ад традыцыйнага горада як «арганізма». Прапагандаваліся горад, прыдатны для аўтамабіляў, горад як машына, адмаўленне ад вуліц-калідораў і забудовы краёў кварталаў, развядзенне функцый, будаванне з гатовых дэталяў і элементаў. Новым быў «фардызм», дапасаванне да вытворчых працэсаў, да рытму фабрык, хуткасці руху тавараў. Але захоўваць спадчыну і перадаваць яе грамадскасці (як пазначана ў грамаце аб заснаванні Фонду Баўхаус) бацька Баўхаўса Гропіус не хацеў.
 
Калі сёння Баўхаўс з’яўляецца агульнанямецкай каштоўнасцю і культавым месцам, то гэта адбылося толькі дзякуючы таму, што ён выдыхнуў свой рэвалюцыйны дух і цяпер служыць хутчэй захаванню традыцый, а не стварае перспектыву фундаментальна новых рэчаў. Прагрэс, які пачаў адсюль сваё пераможнае шэсце па свеце, адпачывае ў святле музейнасці.
 

Баўхаус у Дэсау сёння:

Сёння таксама можна прайсціся па слядах «баўхаусаўцаў» у Дэсаў. Экскурсіі праводзяць наведвальнікаў праз спраектаваны Вальтэрам Гропіусам былы будынак школы, а таксама праз «Новыя дамы майстроў». Жылыя дамы Гропіуса і яго паплечнікаў былі рэканструяваны і адчыніліся ў 2014 г. Акрамя таго, на поўдні Дэсаў можна ўбачыць пабудаванае ў канцы 1920-х гг. на замову горада «паселішча Цёртэн».