Літаратура і рынак Змаганне за правільную назву

Literatur und Markt: Das Ringen um den richtigen Titel“;
Literatur und Markt: Das Ringen um den richtigen Titel“; | Foto (Ausschnitt): © Frankfurter Buchmesse

Назвы кніг – тонкая матэрыя, іх вызначаюць не толькі аўтары, але і выдавецтвы. Свабода творчасці і чаканні гандлю часта знаходзяцца ў супярэчлівых адносінах.

Кожны журналіст-фрылансер ведае гэта: ён уклаў усяго сябе ў назву артыкула, доўга разважаў над ёй, а пасля публікацыі заўважыў, што рэдакцыя проста змяніла яе. Для рэдакцыі гэта звычайная справа, часта існуюць важкія прычыны, каб змяніць загаловак. А часам – не.
 
У выпадку з пісьменнікамі існуе падобная праблема. Аднак тут гаворка ідзе пра большае – пра тое, што ў найгоршым выпадку твор усяго жыцця з пункту гледжання аўтара навечна будзе мець няправільную назву. У бальшыні выпадкаў аўтары толькі прапануюць назвы, а выдавецтвы вызначаюць іх.
 
Чароўнае слова – рынкавая збытнасць, таму ў выдавецтве мае права сказаць сваё слова не толькі лектарат, але і аддзел збыту. Часта справа даходзіць да спрэчак. Так, напрыклад, прадстаўнік выдавецтва «Зуркамп» Зігфрыд Унзэльд пісаў у 1966 годзе аўтару Томасу Бернхарду пра тое, што ён незадаволены  запланаванай ім назвай рамана «Verstörung» («Разгубленасць»), а яшчэ больш незадаволены яго нязгодай з прапановамі новай назвы. «Ніколі не папракайце выдавецтва калі кніга не карыстаецца поспехам, якога заслугоўвае яе тэкст. Гэта выдатны тэкст (...), але вельмі шкада, што кніга мае назву, якая будзе адпужваць пакупнікоў».
 
Аўтар застаўся ўпартым, не гатовым да кампрамісу; кніжка выйшла пад назвай «Verstörung», што не парадавала выдаўца, які яшчэ раз напісаў у 1968 годзе: «Нам было цалкам зразумела, што падобная назва будзе спачатку адкінутая кнігарнямі, а потым і людзьмі – а гэта 90 працэнтаў пакупнікоў кніг – якія купляюць кнігі, каб падараваць».

«Асляпленне» і «Праклён» не адпужваюць

Падаецца малаверагодным, што ва ўмовах сённяшняга кніжнага рынку ў выпадку такіх рознагалоссяў пераможа пазіцыя аўтара. Што тычыцца белетрыстыкі, то здаецца, што павялічваецца колькасць павярхоўных, часта нічога не гаворачых назваў; часам яны нават смешна гучаць. Адмысловай праблемай з’яўляюцца назвы, перакладзеныя на нямецкую мову: напрыклад, «The Year of the Rat» («Год пацука») – назва рамана Клэр Фёрніс, які выйшаў у 2014 годзе. Верагодна, выдаўцы палічылі, што нямецкія чытачы не ведаюць назвы  жывёлаў кітайскага календара, таму па-нямецку кніга называецца «Das Jahr, nachdem die Welt stehenblieb» («Год, калі спыніўся свет»).
 
Калі паглядзець на іншы сегмент – дэтэктывы, то назва рамана Томаса Бернхарда «Verstörung» сёння падаецца прынамсі вельмі авангарднай. Трылогія Стыга Ларсанса «Міленіюм», якая складаецца з частак «Verblendung» («Асляпленне», 2005), «Verdammnis» («Праклён», 2006) і «Vergebung» («Дараванне», 2007), таксама не адпудзіла тых, хто купляе кнігі, каб падараваць, але хутчэй заахвоціла: ва ўсім свеце было прададзена больш за 60 мільёнаў асобнікаў.
 
Калі гаворка ідзе не пра шведскі дэтэктыў, то ўзгадка смерці ў назве – вельмі далікатная справа. «Мы імкнемся пазбягаць згадак пра хваробы, смерць альбо нешта благое», – кажа Вільгельм Трап, кіраўнік праграмы па выданні белетрыстыкі выдавецтва «Ферлаг Ровольт Берлін». Але можа выйсці іначай – так, як у выпадку з аўтарам Томасам Плецынгерам: назва «Bestattung eines Hundes» («Пахаванне сабакі») на працягу многіх гадоў была працоўнай для яго дэбютнай кнігі 2008 года. Згадка пра смерць, да таго ж пра смерць жывелы ў назве прымушала задумацца. Таму аўтар і яго лектар прыдумалі тузіны альтернатыўных варыянтаў: доўгі спіс з 80 назваў; потым з іх былі адабраны 10: сярод іх такія, як «Langsame Landung» («Павольная пасадка»), «Luas letztes Bier» («Апошні куфаль піва Луа») і «Heimwehtouristen» («Настальгуючыя па радзіме турысты»). На вырашальнай нарадзе кіраўнік аддзела збыту кінуў позірк на спіс і цягам секунды вырашыў: «Зразумела, “Bestattung eines Hundes”. Гэта тое, што будуць купляць людзі».

Некаторыя свядома робяць стаўку на кур’ёзнасць

Ужо даўно ў Германіі прысуджаецца штогадовая прэмія за самую кур’ёзную назву кнігі. Вось жа ў выпадку кнігі Ніны Марыі Марэўскі з назвай «Die Moldau im Schrank» («Малдова ў шафе» – 2011) падаецца, што яна міжволі на яе прэтэндуе, але побач з гэтым існуюць таксама і кнігі, якім адмыслова дадзеныя кур’ёзныя назвы, якія, напрыклад, маюць барочную даўжыню, як раман Антоніі Баўм «Ich wuchs auf einem Schrottplatz auf, wo ich lernte, mich von Radkappen und Stoßstangen zu ernähren» («Я вырасла на звалцы металалому, дзе навучылася харчавацца колавымі дыскамі ды бамперамі» – 2015).
 
Назвы – гэта адмысловы від тэкстаў, яны адчыняюць дзверы ў пакоі, у якія яшчэ не заходзілі, але адчыняюць толькі крыху – гэта добра вядома перадусім  захавальнікам «Бібліятэкі ненапісаных кніг» («Bibliothek der ungeschriebenen Bücher»). У гэтай анталогіі, якая выйшла ў выдавецтве «Піпер Ферлаг» можна даведацца пра гісторыі больш за 70 сучасных аўтараў, пра тое, якой цікавай, але і якой бязрадаснай можа быць барацьба за правільную назву: чаму, напрыклад, раман Марціна Гюліха «Die Paarung der Feuerwanzen» («Спарванне чырвоных клапоў») урэшце выйшаў пад назвай «Die Umarmung» («Абдымкі»); як афера з ахвяраваннямі на дзейнасць ХДС прывяла да таго, што пазначаная ў праспектах выдавецтва дэбютная кніга Анэт Грошнэр «Eingefrorene Guthaben» («Замарожаныя актывы») была перайменаваная ў «Moskauer Eis» («Маскоўскі лёд» –2000) альбо чаму выдатныя прапановы назваў Монікі Рынкс для яе першай кнігі паэзіі «Würfeln mit Cowboys» («Гульня ў косці з каўбоямі»), «Goodbye» («Да пабачэння»), «Heuschrecke» («Конік»), «Elektroholunder» («Электрабузіна») альбо «Regen, dechiffriert» («Дэшыфраваны дождж») прайгралі назве «Verzückte Distanzen» («Зачараваныя дыстанцыі» – 2004). Бібліятэкары і чытачы будуць пэўныя, што за кожнай надрукаванай назвай кнігі хаваецца вялікая колькасць ненадрукаваных і адкінутых.