Дыгітальная тоеснасць Рэвалюцыя асобы?

Avatare
Avatare | Foto (Ausschnitt): © rtguest, fotolia.com

Інтэрнэт адкрывае магчымасці стварэння дыгітальнай тоеснасці – і адначасова ў роўнай ступені шанцы і рызыкі. У Германіі крытыкі папярэджваюць аб небяспецы адмаўлення ад прыватнай сферы.

Увесну 2014 года Федэральнае ўпраўленне палітычнай адукацыі запрашала на канферэнцыю, прысвечаную тэме дыгітальнай тоеснасці. У Берліне сустрэліся прадстаўнікі нямецкай і міжнароднай інтэрнэт-культуры, каб абсудзіць наступныя пытанні: якія дадзеныя аб якой-небудзь асобе можна знайсці ў сеціве, як ацаніць іх? У якой ступені гэтыя дадзеныя адлюстроўваюць рэальнае «я»? Што азначае для асобы магчымасць віртуальнай самаінсцэніроўкі? 
 
Нягледзячы на тое, што абсуждаўся шэраг пазіцый, у нямецкіх медыях у першую чаргу была нададзеная ўвага дакладу камуніказнаўцы Мірыям Мекель, якая з’яўляецца выкладчыкам карпаратыўнай камунікацыі ва Універсітэце Сент-Галена. Для Мекель тоеснасць у сеціве – гэта скажоная выява, бо часта яе разумеюць як тавар. У сваім дакладзе прафесарка паказвае, як адбываецца рэгулярная актуалізацыя «я» для таго, каб выстаяць у спаборніцтве лепшых ідэй. У сеціве больш няма месца для зменлівых тоеснасцяў, чалавечай слабасці, індывідуальнасці і ўпартасці.

Тоеснасць становіцца працэсападобнай 

Калі класічнае вызначэнне тоеснасці адбываецца поводле такіх вонкавых прыкмет, як імя, дата нараджэння, месца пражывання, подпіс, такіх нязменных біяметрычных параметраў, як колер вачэй і адбіткі пальцаў, то тоеснасць у сеціве больш дынамічная, працэсападобная. Яна паўстае найперш з дыгітальных слядоў, якія мы пакідаем: слядоў камунікацыі, указанняў месцазнаходжання, звестак аб спажыванні. Яна таксама паўстае са спосабу, паводле якога мы інсцэніруем сябе. «У дадыгітальныя часы тоеснасць перш за ўсё была рэччу, якая адбывалася ў прыватнай сферы. У публічнай сферы я граю пэўную ролю, у прыватнай  я жыву жыццём свайго сапраўднага «я». І менавіта гэтае «я» сёння робіцца публічным», – кажа сацыёлаг Сара Мёнкеберг з Універсітэту ў Касэлі. 
 
«Мы маем справу з новымі магчымасцямі фармавання тоеснасці, – кажа Мёнкеберг. –Працэс зваротнай сувязі, які мы назіраем у сацыяльных сетках, напрыклад, лайкі, пастаўленыя сэлфі ў Інстаграме, могуць дапамагчы ў справе пабудовы і захавання ўласнай тоеснасці. Такім чынам, цалкам магчыма пратэставаць праекты тоеснасці і дапасаваць іх».

Магчымасці самаінсцэніроўкі

У сваім эсэ «Selfies, #me: Glimpses of Authenticity» («Selfies, #ich: Augenblicke der Authentizität» – «Сэлфі, #я: моманты аўтэнтычнасці») аўстралійскі навуковец Карэн Эн Донархі піша пра тое, што, напрыклад, для падлеткаў імпульс, які змушае да пазіравання перад уяўнай публікай, належыць да натуральнага працэса фармавання тоеснасці. У гэтым сэнсе сэлфі з’яўляецца ідэальным сродкам для эксперыментавання з уласным «я». Ці спраўды мы з нашай дыгітальнай тоеснасцю зусім не такія свабодныя і падпарадкаваныя ціску інсцэніроўкі, як сцвярджаюць крытыкі. «Я думаю, што гэта перш за ўсё пытанне кампетэнцый, – кажа інтэрнэт-сацыёлаг Штэфан Хумер. – Тэза, паводле якой дыгіталізацыя моцна стамляе нас  і абмяжоўвае прастору для дзеяння, у бальшыні выпадкаў танная адгаворка». Той, хто сапраўды займаецца пытаннямі шанцаў і рызыкі дыгіталізацыі, можа таксама займацца памысным менеджментам тоеснасці.

Новы менеджмент тоеснасці 

Менеджмент тоеснасці азначае для Хумер перш за ўсё прыняццё новых роляў, з якімі людзі сустракаюцца ў сеціве. «Дыгітальная тоеснасць даўно стала часткай нашай тоеснасці. Яна больш не з’яўляецца рэччу, ад якой можна альбо трэба бараніцца. Аднак мы павінны навучыцца ёй – так сама, як мы ўнутрана перажываем спосабы паводзінаў у рэальным свеце». Якой бы складанай не была гэта задача, у людзей няма іншай магчымасці, як толькі ўзяцца за яе вырашэнне. «Дыгіталізацыя – гэта рэвалюцыя, рэвалюцыя таксама і для нашай асобы».
 
«Але ці не вядзе ўрэшце нязмушаная змена анлайн-тоеснасцяў да таго, каб усведаміць уласную афлайн-тоеснасць у якасці яшчэ адной магчымасці ў арсенале праектаў уласнага «я»? Уласна кажучы, мы ўжо даўно знаходзімся ў працэсе змены станаў», – напісаў у маі 2015 года ў эсэ ў «Франкфуртэр Альгемайнэ Цайтунг» культуролаг Клаўс Тэвеляйт. Новыя, дыгітальныя тоеснасці толькі працягнуць гэты трэнд. Уяўленне пра сапраўднае стабільнае «я» наадварот з’яўляецца вынаходкай сучаснага рамана з канца XIX ст. з яго канструкцыяй буржуазнага «я», якое ў сваю чаргу было прыкладам для псіхааналітычнага «я» Зігмунда Фройда.

Наколькі свабодныя мы ў сеціве? 

Незалежна ад таго, ці мы разглядаем дыгітальную тоеснасць як змушанае выяўленне альбо крэатыўную зменлівасць, застаецца пытанне: наколькі ўвогуле магчыма свабодна ствараць уласнае «я» ў інтэрнэце? «Спосаб паводле якога мы прэзентуем сябе ў сеціве можа па-ранейшаму быць нашай прэрагатывай. Але што тычыцца нашай арыентаванай на дзеянне тоеснасці – спосаба, паводле якога мы дачыняемся з навакольным светам – то тут мы, уласна кажучы, маем усё менш прасторы для дзеяння. Таму што гэта ўсё больш дакументуецца», – г. зн. пакідае дыгітальныя сляды, кажа сацыёлаг Мёнкеберг.
 
Нямецкі журналіст і блогер Эна Парк прыводзіць аргументы з іншай перспектывы. Нягледзячы на ўсе рызыкі ён перш за ўсё бачыць шанцы дыгіталізацыі ў справе новага гнуткага разумення тоеснасці. Чатыры гады Парк носіць так званы медыцынскі кахлеарны імплантат, які дазваляе яму чуць гукі. Без гэтага прыстасавання ён быў бы амаль нямы, у выніку захворвання на адзёр ён страціў магчымасць чуць у 17 гадоў. Ён кажа: «Урэшце толькі дыгіталізацыя паказвае нам, што наша тоеснасць супярэчлівая, што ўсе мы адхіляемся ад якіх-небудзь нормаў. Менавіта гэта з’яўляецца перадумовай для таго, каб знайсці шлях да талерантнага грамадства, у якім мы зможам адкрыта і без гульні ў хованкі быць самімі сабой у прыватнай сферы».