Вандруючыя калекцыі Бібліятэчныя фонды выпраўляюцца ў падарожжа

Bild: Umlauf der Bestände
Foto (Ausschnitt): © connel_design - Fotolia.com

Фонды носьбітаў інфармацыі вольна падарожнічаюць па філіялах бібліятэчных сістэм, кіраваныя паводле звычак чытачоў браць у карыстанне кніжкі. Бібліятэчная сістэма «Бюхерхален Гамбург» набывае першы досвед працы з вандруючымі фондамі ў Германіі.

Выкарыстоўваць вандруючыя фонды носьбітаў інфармацыі варта перш за ўсё ў бібліятэчных сістэмах, якія маюць шмат філіялаў у вялікіх гарадах. Частка фондаў больш не прыпісана да пэўнага філіялу, але належыць да ўсёй сістэмы. У адпаведнасці з актыўнасцю чытачоў носьбіты інфармацыі аўтаматычна накіроўваюцца ў філіялы, дзе на іх існуе найвялікшы попыт. У Злучаных Штатах публічныя бібліятэкі ўжо даўно працуюць з т. зв. Floating Collections (вандруючымі фондамі). Бібліятэчная сістэма «Бюхерхален Гамбург» сталася першай у Германіі, якая набывае досвед працы з імі.
 
У 2008 годзе дырэктар цэнтральнай бібліятэкі сістэмы «Бюхерхален Гамбург» Петра Маер-Элерс брала ўдзел у праграме «Librarian in Residence» ў Нью-Йорку. Там яна азнаёмілася з праектам Бруклінскай бібліятэкі «Floating Rotation». Чытачы маглі здаваць кнігі, якія яны ўзялі ў карыстанне раней, у любым з 60 філіялаў. Носьбіты інфармацыі больш не адсылаліся туды, адкуль паходзілі, але заставаліся ў той бібліятэцы, куды іх здалі. Носьбіты інфармацыі, якія былі ўзятыя ў карыстанне па міжбібліятэчным абанеменце, таксама не адсылаліся назад. Па некаторым часе на аснове чытацкіх прыхільнасцяў мясцовага насельніцтва былі сфармаваны фонды адпаведнага філіяла. Такім чынам бібліятэкі атрымалі інфармацыю аб важных узорах паводзінаў карыстальнікаў. Яны змаглі загадзя даведацца аб зменах і міграцыйных рухах у межах Брукліна і зрэагаваць на іх. Дзякуючы абароту фондаў яны маглі выйграць за кошт скарачэння аб’ёму працы і займелі больш часу для чытачоў. Знізіліся выдаткі на транспартыроўку ў межах сеткі філіялаў.

Тэставая фаза ў Гамбургу 

Прынцып вандруючых фондаў спадабаўся Петры Маер-Элерс і яна прывезла гэтую ідэю ў Гамбург. Увосень 2014 года яна была ўвасоблена: «Бюхерхален Гамбург» запусцілі ў абарот у межах 32 сваіх філіялаў два розных сегменты фондаў носьбітаў інфармацыі на рускай і англійскай мовах. Мэтай праекту было наступнае: высветліць, як размяркуюцца гэтыя фонды ў працэсе іх выдачы.
 
Ратацыя носьбітаў інфармацыі на рускай мове павінна была лепш вызначыць месца знаходжання рускамоўнага кам’юніці ў Гамбургу і выйсці на яго. Калі закончылася фаза вандравання, стала зразумела, што фонды на рускай мове лепш за ўсё карыстаюцца попытам у дзесяці бібліятэках. Гэтыя філіялы атрымалі дадатковыя носьбіты інфармацыі ў межах актуалізацыі фондаў.
 
Неабходна, каб англійскія раманы дайшлі да носьбітаў англійскай мовы і да тых чытачоў, якія чытаюць па-англійску. Вандруючыя фонды павінны былі забяспечыць прапанову літаратуры на англійскай мове на ўсёй тэрыторыі абслугоўвання. Па словах супрацоўніцы «Бюхерхален Хамбург» Фраўке Унцід, гэта выпрабаванне таксама прайшло паспяхова: паказнікі кнігавыдачы былі выдатнымі, фонды добра размяркоўваліся ў межах сістэмы ў адпаведнасці з тым, як чытачы бралі ў карыстанне і замаўлялі носьбіты інфармацыі; не патрабавалася дадатковае кіраванне. Паводле пажаданняў чытачоў у склад фондаў былі ўключаны кнігі высокай літаратурнай якасці.
 
Пасля таго, як прайшла тэставая фаза з выдачай белетрыстыкі на англійскай і рускай мовах, у падарожжа па «Бюхерхален Гамбург» былі адпраўлены мастацкія фільмы на DVD-дысках. Фонды дзіцячай літаратуры і дэтэктываў таксама добра надаюцца да выкарыстання ў якасці вандруючых. Калі ў выпадку абароту носьбітаў інфармацыі на замежных мовах у фокусе ўвагі знаходзіцца сервіс для пэўных груп чытачоў, то вандраванне папулярных найменняў павінна перш за ўсё даць штуршок фондам – на падставе таго, як чытачы бяруць у карыстанне носьбіты інфармацыі.

Значэнне для бібліятэк 

Сістэма «Бюхерхален Гамбург» дагэтуль з’яўляецца у Германіі першапраходнікам. Аднак ідэя атрымала рэзананс: такія публічныя бібліятэчныя сістэмы, як Венскія бібліятэкі, якая мае 39 філіялаў, і Гарадскія бібліятэкі Дрэздэна з 23 філіяламі ўжо цікавіліся ў гамбуржцаў тэмай вандруючых фондаў. Бо перавагі вандруючых фондаў для бібліятэк і чытачоў відавочныя. Досвед, здабыты ў ЗША і ў Гамбургу, паказвае, што ратацыя павышае абарот носьбітаў інфармацыі і дазваляе скараціць лагістычныя і фінансавыя выдаткі. Дзякуючы абароту фонды філіялаў часткова абнаўляюцца самі сабой, яны робяцца больш разнастайнымі і праз гэта прапануюць больш разнастайнасці чытачам. Аднак інтэнсіўнае кіраванне фармаваннем фондаў праз чытачоў нясе з сабой і нечаканасці. Раней фармаванне фондаў бібліятэк у Гамбургу было задачай філіялаў. Сёння яна часткова ўскладзеная на чытачоў. Чытачы вырашаюць, якія носьбіты інфармацыі будуць стаяць на паліцах у філіялах бібліятэк. Такім чынам бібліятэкары губляюць абсалютную ўладу над уласнымі фондамі.  Акрамя таго, бібліятэкары ў ЗША непакояцца, што стане цяжэй кансультаваць чытачоў, бо з-за таго, што фонды стала мяняюцца, будзе цяжка трымаць іх у полі зроку.
 
З іншага боку, дзякуючы вандруючым фондам бібліятэкары наноў знаёмяцца з патрэбамі сваіх чытачоў. Раптам у фондах з’яўляюцца новыя носьбіты інфармацыі. Тое, што раней можна было высветліць толькі дзякуючы складаным апытанням, сёння можна ўбачыць кожны дзень: якія сегменты фондаў разбудоўваюцца дзякуючы чытацкім густам мясцовага насельніцтва, без удзелу бібліятэчнага персаналу? І яшчэ: Што на самой справе любяць чытаць чытачы?