Папулярызацыя чытання Дыгітальнае апавяданне гісторый у чытальнай зале

Выкарыстанне дыгітальных медый у мэтах папулярызацыі чытання
Выкарыстанне дыгітальных медый у мэтах папулярызацыі чытання | Foto (Ausschnitt): © pressmaster - Fotolia

Бібліятэкі з’яўляюцца месцамі, якія даюць магчымасць для асабістага кансультавання і сустрэчаў. Прапанова дыгітальных паслуг павінна спрыяць развіццю дзяцей і моладзі, якія часта застаюцца па-за межамі дасягальнасці бібліятэк.

Спадарыня Хартман, які ўнёсак у справу папулярызацыі чытання могуць зрабіць бібліятэкі?
 

На маю думку, вельмі значны. Я маю на ўвазе не толькі вольны доступ да друкаваных кніг і вялікую колькасць імпрэз для ўсіх узроставых групаў. Ужо даўно бібліятэкі пазіцыянуюць сябе як месцы, якія адлюстроўваюць увесь дыяпазон медыя-сродкаў, з якімі мы сёння маем справу. Да іх належаць і дыгітальныя медыі, і друкаваныя на паперы тэксты. Менавіта гэта разнастайнасць нясе ў сабе вялікія шанцы выйсці таксама і на тых, хто мае праблемы з класічным медыя-сродкам кнігай.
 
Што канкрэтна гэта азначае?
 

Сёння бібліятэкі карыстаюцца магчымасцю задзейнічаць дыгітальныя медыя-сродкі для сучаснай і інаватыўнай папулярызацыі чытання. З дапамогай мультымедыйных прапаноў можна перадусім вельмі плённа працаваць над развіццём  дзяцей, для якіх дачыненні з кнігай з’яўляюцца выклікам. У межах нашага праекта «Lesen macht stark: Lesen und digitale Medien» («Чытанне робіць моцным: Чытанне і дыгітальныя медыі») мы імкнуліся стварыць канцэпцыю менавіта такіх мерапрыемстваў і ажыццявіць яе на практыцы.
 
Што гэта за праект?


«Lesen macht stark» – гэта частка буйнамаштабнай праграмы Федэральнага міністэрства адукацыі і даследванняў «Kultur macht stark. Bündnisse für Bildung» («Культура робіць моцным. Альянсы для адукацыі»). Дзяржаўныя сродкі ў буйным памеры – 230 мільёнаў еўра на тэрмін працягласцю ў пяць гадоў: з 2013 па 2017 гг. – упершыню выдаткоўваюцца на тое, каб спрыяць арганізацыі пазашкольных культурных мерапрыемстваў на мясцовым узроўні для дзяцей і моладзі, адукацыі якіх надаецца недастаткова ўвагі. З гэтай мэтай арганізацыі і аб’яднанні, якія працуюць на нацыянальным узроўні, распрацавалі ўласныя праекты, у межах якіх могуць паўставаць мясцовыя альянсы, якія налічваюць шмат партнёраў і якія могуць падаваць заяўкі на прадастаўленне фінасавых сродкаў.

Навучанне медыйнай кампетэнцыі

Як выглядае ажыццяўленне вашага праекта на практыцы?
 

Катрын Хартман Катрын Хартман | Foto (Ausschnitt): © dbv, Tristan Vankann Мы паразважалі аб тым, як можна аказаць падтрымку тым дзецям і моладзі, якія не могуць знайсці шлях у бібліятэку самастойна і якіх не закранулі ранейшыя мерапрыемствы па папулярызацыі чытання. З гэтай мэтай мы распрацавалі пяць адмысловых мерапрыемстваў для дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Тут можна ўзгадаць дыгітальнае ілюстраванае чытанне кніг для дзяцей дашкольнага ўзросту: у яго межах дзеці знаёмяцца з т. зв. аўдыё-алоўкамі, з дапамогай якіх яны могуць самастойна адкрываць для сябе ілюстраваныя кніжкі. Калі дакранацца да пэўных месцаў у тэксце, то можна пачуць разгорнутую інфармацыю.
 
А што ёсць для старэйшых дзяцей?
 

Што тычыцца старэйшых, то тут мы кіруемся ў бок развіцця інфармацыйнай і медыйнай кампетэнцый: якія магчымасці паглыбіць прачытанае даюць дыгітальныя медыі? Пад гэтым мы маем на ўвазе не толькі ажыццяўленне эфектыўных пошукаў у сеціве. Неабходна натхніць дзяцей і моладзь, каб яны самстойна праяўлялі свае творчыя здольнасці. Напрыклад, каб яны распавядалі нейкую гісторыю ці прыдумлялі ўласную і выкарыстоўвалі пры гэтым розныя медыя-сродкі: стваралі б яе ў пісьмовай форме альбо ў форме фотагісторыі на планшэце.
 
Якую ролю адыгрываюць пры гэтым сацыяльныя сеткі?
 

Вельмі важную. Нашы мясцовыя альянсы даюць 13-15-гадовым магчымасць пазнаёміцца з пэўнай кніжкай у межах аўтарскага чытання, а потым пагаварыць аб ёй у сеціве на розных пляцоўках сацыяльнага чытання. Тут гаворка таксама ідзе ўрэшце пра тое, каб самім рабіцца больш актыўнымі: не толькі дзяліцца думкамі аб кніжках у пісьмовай форме, але і самастойна ствараць гісторыі ў супрацоўніцтве з іншымі – у прынцыпе займацца дыгітальным апавяданнем гісторый.

Чытанне як сацыяльная дзейнасць

Ці не з’яўляецца гэта перагрузкай для дзяцей, якім цяжка даецца чытанне?
 
Бясспрэчна, гэта пэўны выклік. Але негледзячы на тое, што можна падумаць, мы бачым, што існуе на дзіва вялікае жаданне самастойна чытаць і займацца творчасцю. Гэта проста ідэальна для папулярызацыі чытання. Дзякуючы напісанню ўласных тэкстаў і абмену думкамі аб іх у лепшым выпадку можа з’явіцца захапленне чытаннем. Калі дзеці чытаюць па-за школай, яны заўважаюць, што тут можна адкрыць для сябе многа новага – таго, што адпавядае іх інтарэсам. Акрамя таго, моладзь знаёміцца з чытаннем, якое выступае як сацыяльная дзейнасць. Чытанне не абавязкова павінна быць заняткам самотнікаў, стамляючым сядзеннем у закутку: з дапамогай дыгітальных медый ім можна займацца разам з іншымі, выкарыстоўваючы шмат спосабаў.
 
Сярод педагогаў існуе меркаванне, паводле якога выкарыстанне новых медый з’яўляецца спрэчным. Побач з магчымасцямі развіцця матывацыі многія бачаць небяспеку стамлення ад медый. Якую пазіцыю Вы прадстаўляеце?
 

Думаю, што выкарыстанне дыгітальных медый мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі яно не ператвараецца ў самамэту, але мае сапраўдную карысць. Навучанне такім класічным тэхнікам культуры, як чытанне і пісьмо толькі тады прыносіць карысць ад выкарыстання новых медый, калі тыя служаць паглыбленню чытацкага досведу, а не адцягненню ўвагі і простаму спажыванню дадатковага кантэнту.
 
Напрыклад, калі навучыць дзяцей і моладзь таму, як карыстацца пашукавіком?
 

Так, але не толькі гэтаму. Каштоўнасць бібліятэк як сучасных месцаў для перадачы ведаў палягае таксама ў тым, што тут у адным памяшканні надзвычай гарманічна і эфектыўна сустракаюцца старыя і новыя медыя-сродкі. У дыгітальным грамадстве бібліятэкі з’яўляюцца важнымі некамерцыйнымі пляцоўкамі, якія даюць магчымасць асабістага кансультавання і сустрэчаў. Менавіта ў моцна дыгіталізаваным грамадстве, дзе ў сваім штодзённым жыцці многія дзеці і моладзь усё менш сутыкаюцца з класічнымі кніжкамі, яны прапануюць пляцоўку, на якой для т. зв. дзецей, народжаных ў дыгітальную эру, цалкам натуральна адвесці погляд ад планшэта, падысці да бліжэйшай паліцы і ўзяць кніжку.
 
Катрын Хартман кіруе аддзелам праектаў і праграм Нямецкай бібліятэчнай асацыяцыі, яна з’яўляецца каардынатаркай Сеткі кампетэнцый для бібліятэк і адказвае за кіраўніцтва праектам «Lesen macht stark: Lesen und digitale Medien».