Нямецкая кніжная прэмія 2015 Франк Вітцэль: Чалавек нішаў

Франк Вітцэль
Франк Вітцэль | © Claus Setzer/Börsenverein

Гісторыі Франка Вітцэля незвычайныя і маюць уласнае гучанне. Нядаўна пісьменнік быў узнагароджаны Нямецкай кніжнай прэміяй 2015 года. Вось адзін з яго рэцэптаў поспеху: ён заўсёды заставаўся верным самому сабе.

Гэтага Франк Вітцэль не чакаў. Нямецкі аўтар сядзеў у кастрычніку 2015 года ў Ромэры – ратушы горада Франкфурта-на-Майне. Ён чакаў, калі будзе названы лаўрэат Нямецкай кніжнай прэміі 2015 года і быў упэўнены, што ён яе не атрымае. Але тут называюць ягонае імя. Яшчэ не верачы ў гэта, Франк Вітцэль узняўся з крэсла. Ён не ведаў, куды накіраваць свой погляд і апусціў яго на дол.

Нязвыклая ўвага

Так реагуе чалавек, які зусім не прывык да ўключаных відэакамер і шчоўкаючых фотаапаратаў. «Я ішоў туды цалкам ўпэўнены ў тым, што не атрымаю прэмію. Я быў, так бы мовіць, Вітцэлем, які не мае шанцаў», – распавёў лаўрэат пазней. Франк Вітцэль несумненна з’яўляецца нечаканым пераможцам, тым не менш, ён не навічок літаратурнай сцэны. Урэшце, яму ўжо 60 гадоў, ён апублікаваў шмат раманаў, а таксама вершаў. Той, хто ўважліва сачыў за літаратурнай сцэнай, ведае, што ён дасягнуў значнага прарыву тры гады таму. Тады ён атрымаў у Франкфурце-на-Майне Літаратурную прэмію Роберта Гернхарда – добра датаваную ўзнагароду, якая павінна даць пісьменнікам магчымасць давесці да канца пачатыя праекты. У той час яго ўзнагародзілі за тады яшчэ не скончаную версію твора, які павінен быў забяспечыць яму ў 2015 годзе Нямецкую кніжную прэмію – «Die Erfindung der Roten Armee-Fraktion durch einen manisch-depressiven Teenager im Sommer 1969» («Вынаходніцтва Фракцыі Чырвонай Арміі маніякальна-дэпрэсіўным падлеткам улетку 1969 года»). Гэта здарылася своечасова, бо Франк Вітцэль ужо ўсур’ёз задумваўся пра тое, каб адмовіцца ад рэалізацыі свайго буйнамаштабнага праекта. Ужо тады члены журы заўважылі, што Франк Вітцэль піша, не зважаючы на ўмоўнасці.

Імпульсы з мастацкай і музычнай сферы

Такое можа дазволіць сабе толькі той, хто ўпэнены ва ўласным поспеху, альбо той, каму няма чаго губляць. Вітцэль належыць да другой катэгорыі, бо ён «згадзіўся на жыццё, якое можна назваць беспаспяховым». Франк Вітцэль на працягу 25 гадоў жыве ў Офэнбаху ля Франкфурта-на-Майне – крыху гламурным горадзе.
 
Вітцэль нарадзіўся ў вельмі ціхім месцы, непадалёк ад сталіцы зямлі Гесэн Вісбадэна. «Там усё было ўпарадкавана і зразумела», – кажа ён. Падаецца, што адносіны з бацькам, які быў арганістам, былі вельмі блізкімі. Лаўрэат прэміі і сам грае на аргане: «Арган быў для мяне вызначальным інструментам». З часоў дзяцінства музыка была для яго важнай: будучы пісьменнік вучыўся граць на фортэпіяна, віяланчэлі і класічнай гітары.
 
Франк Вітцэль з’яўляецца дзіцём паваеннага часу, калі яшчэ дзьмуў вельмі кансерватыўны вецер. На сваім сайце ён піша пра тое, што часта ён хадзіў у Вісбадэнскі музей, дзе аглядаў карціны мастака-экспрэсіяніста Аляксея фон Яўленскага – пасля пачаў маляваць сам: і карціны, і графіку. Пад уплывам сябра ён адкрыў для сябе сюррэалізм як рухаючаю сілу. «Гаворка ішла менавіта пра гэта – пра пераадоленне нашай чапурыстай мелкабуржуазнай рэчаіснасці. Гэта было магчыма толькі для мастацтва», – піша Франк Вітцэль, азіраючыся ў мінулае. Вялікі ўплыў на яго творчасць аказала таксама і поп-музыка: перш за ўсё «Бітлз» – для Вітцэля яны былі прадстаўнікамі контр-культуры 1960-х гг.

Падарожжа ў часе па Германіі

Шмат гэтых уплываў бачныя ў кнізе «Die Erfindung der Roten Armee-Fraktion durch einen manisch-depressiven Teenager im Sommer 1969». Гэта зусім не дзіўна: урэшце, раман – гэта падарожжа ў часе ў ФРГ 1960-1970-х гадоў. Вітцэль не хавае, што ён уключыў у кнігу шмат аўтабіяграфічных рэчаў. «Для мяне рэчаіснасць часта больш абсурдная, чым я магу сабе ўявіць», – кажа Вітцэль. І ўсё-ткі ён прыдумаў шмат разумных рэчаў і звязвае іх у сваім рамане з рэальнымі падзямі той эпохі. У саіх гісторыях апавядальнік-дзіця абуджае да жыцця космас тагачаснай Федэратыўнай Рэспублікі Геманія. Палітычныя падзеі таго часу трымалі людзей у напружанні. Гэта былі, напрыклад, падпалы ўнівермагаў у красавіку 1968 года, у якіх бралі ўдзел будучыя чальцы леваэкстрэмісцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Фракцыя Чырвонай Арміі» Андрэас Баадэр і Гудрун Энслін. Для такіх падзей малады апавядальнік выкарыстоўвае асаблівы спосаб падачы. Гудрун Энслін у яго – гэта індзейская скво з карычневай пластмасы, а Андрэас Баадэр – рыцар у чорных блішчастых даспехах. Розныя элементы зліваюцца ў смелы ласкутны раман, які распавядае пра тэрарызм і поп-культуру. Анекдоты і філасофскія дыскурсы змяняюць адзін аднаго ў шалёным тэмпе, гэта падобна да музычнай аранжыроўкі.

Саўнд аўтара

Гэты спецыфічны саўнд з’яўляецца тыповым для кніг Франка Вітцэля, якія выйшлі раней. Яны называюцца «Bluemoon Baby» («Дзіця блакітнага месяца»), «Revolution und Heimarbeit» («Рэвалюцыя і хатняя праца») альбо «Vondenloh» («Фонденло»). Яны выйшлі ў першым дзесяцігоддзі новага тысячагоддзя, усе маюць падобны тон і аднолькавую сумесь з дзіўных гісторый, тэорый сусветнай змовы і непрычасаных герояў. Аднак тады яшчэ не прыйшоў час, каб заваяваць прыхільнасць як крытыкаў, так і публікі. Франка Вітцэля гэта не чапляла. Ён далей працягваў жыць у сваіх нішах: як музыкант, мастак і пісьменнік. Але ён, тым не менш, меў нечаканую славу. Пэўны час ён будзе знаходзіцца ў яе праменнях, а потым возмецца за новыя праекты. Плануецца што ў 2016 годзе будзе створана радыёпастаноўка «Die Erfindung der Roten Armee-Fraktion durch einen manisch-depressiven Teenager im Sommer 1969», у ёй будзе выкарыстана напісаная ім музыка. Запланаваны і яшчэ адзін новы раман. У адным пісьменнік застаецца верным самому сабе: «Грошы, якія я атрымаю за кнігу, а таксама прэмія дазволяць мне спакойна працаваць. Таму буду вельмі рады, калі жыццё зноў прывядзе мяне за пісьмовы стол у звычайную руціну». Але гэтага ён адразу будзе пазбаўлены.