«Адкрытая бібліятэка» Ключ да кніг

Ключ да адукацыі
Ключ да адукацыі | © Oleksandr, fotolia.com

Карыстацца бібліятэкамі незалежна ад гадзін іх працы? Канцэпцыя «адкрытай бібліятэкі» робіць гэта магчымым. З снежня 2014 года ў нямецкім Гамбургу ажыццяўляецца пілотны праект. Дадзеная мадэль можа знайсці паслядоўнікаў.

«Гадзіны працы бібліятэк часта не адпавядаюць патрэбам чытачоў, – кажа Каралін Рорсэн. Напрыклад, бібліятэкі сістэмы «Бюхерхален Хамбург», дзе яна працуе намесніцай кіраўніка аддзела «Электронная апрацоўка дадзеных і арганізацыя», адкрыты па будніх днях з 11 да 19 гадзін. – Аднак многія з задавальненнем карысталіся б нашымі паслугамі ў час перад адкрыцём бібліятэк, пасля іх закрыцця і перадусім на выходных». Каб лепш задаволіць патрэбы чытачоў, Рорсэн разам са сваімі калегамі шукала ўзорныя мадэлі ў іншых краінах. У выніку яны пазнаёміліся з канцэпцыяй «адкрытай бібліятэкі» («Open Library»), якая была ўведзена ў Даніі ў 2004 годзе.

Данія ў якасці прыкладу

Прынцып просты: у афіцыйныя гадзіны працы ў бібліятэцы прысутны супрацоўнікі бібліятэкі. «У іншыя вызначаныя гадзіны чытачы могуць, так бы мовіць, самастойна адкрыць бібліятэку», – тлумачыць Рорсэн. Выдача носьбітаў інфармацыі ў Даніі – дзе яна як правіла бясплатная - ажыццяўляецца на падставе прад’яўлення карты здароўя, якая ёсць у кожнага грамадзяніна. У філіяле гамбургскай бібліятэкі ў Фінкенвердэры, якая была адабраная для тэставання, чытачы трапляюць у яе памяшканні, прад’яўляючы карткі чытачоў камп’ютару на ўваходзе. Падчас першай фазы праекта «адкрытая бібліятэка» падобнае магчыма ў абедзенны перапынак. Невялікі філіял зачынены з 13 да 14 гадзін. У гэты час у бібліятэцы могуць заставацца чытачы, якія да гэтага ўжо знаходзіліся ў ёй. Тыя, хто прыходзіць пасля 13 гадзін, праводзяць сваёй карткай па счытвальным прыстасаванні на ўваходзе, якое звярае іх дадзеныя ў сістэме кіравання бібліятэкай і апазнае як чытачоў.

Станавіцца адкрытай пакрокава

«Зразумела, нам трэба было паклапаціцца аб тым, каб усімі сервісамі бібліятэкі можна было б карыстацца і без персанала», – тлумачыць Рорсэн. Чытачы павінны былі самастойна браць у карыстанне і здаваць носьбіты інфармацыі, а таксама аплочваць у аўтамаце розныя зборы. Тэхнічныя перадумовы для гэтага ўжо збольшага існавалі: пачынаючы з 2007 года ў філіяле бібліятэкі Фінкенвердэр чытачы бралі ў карыстанне носьбіты інфармацыі, скануючы іх на аўтаматызаваным прыстасаванні для выдачы, і здавалі іх гэткім жа чынам. Касавыя аўтаматы для прыняцця плацяжоў былі набыты ў 2015 годзе.
 
Другая фаза праекта «Адкрытая бібліятэка» мае на мэце павялічыць гадзіны працы без супрацоўнікаў за кошт часу перад афіцыйным адкрыццём бібліятэкі. Па словах Рорсэн, зрабіць гэта з гледзішча лагістыкі адносна проста. Нашмат цяжэй забяспечыць доступ у бібліятэку ўвечары – гэта плануецца зрабіць у Фінкенвердэры падчас трэцяй фазы.

Пытанні бяспекі

У філіяле маюцца дынамікі, праз якія чытачоў просяць пакінуць памяшканні перад яе закрыццём. Чатыры відэакамеры назіраюць за ўсёй бібліятэчнай прасторай. Калі пасля афіцыйнага закрыцця бібліятэкі яны зафіксуюць рух у памяшканнях, то можа спрацаваць сігналізацыя. Выкарыстоўваючы гэту сістэму, бібліятэка выконвае ролю першаадкрывальніка. Рорсэн распавядае: «У размовах з упаўнаважаным па абароне дадзеных Гамбургу мы дакладна высвятляем прававыя пытанні: напрыклад, на працягу якога часу мы можам захоўваць запісы». «Клопат пра тое, каб у нас не кралі кніжкі – не асноўная прычына для ўсталявання камер, – кажа бібліятэкарка. – Галоўную ролю адыгрывае тая акалічнасць, што маёмасць бібліятэкі застрахаваная».

Давер і кантроль

Усё ж Рорсэн часта чуе пытанні скептыкаў аб крадзяжах і вандалізме. У звязку з гэтым яна ахвотна цытуе словы дырэктара адной бібліятэкі ў Даніі, сказаныя пра мадэль «адкрытая бібліятэка»: «It’s a balance between trust and control» – «Гэта баланс паміж даверам і кантролем». Першыя спробы былі таксама зроблены ў Скандынавіі ‒ у невялікіх гарадах, дзе ажыццяўляецца пільны сацыяльны кантроль ‒ іх можна параўнаць з Фінкенвердэрам. Сёння «адкрытыя бібліятэкі» існуюць і ў Капенгагене ‒ нават у раёнах, якія маюць дрэнную славу. Да гучных здарэнняў справа пакуль не дайшла.
 
«Каля 80 працэнтаў часу працы бібліятэк у Даніі складае праца без супрацоўнікаў», – кажа Рорсэн. Але поўнае адмаўленне ад бібліятэкараў не адпавядае ні мэтам праекта, ні пажаданням чытачоў. «Наадварот, мы часта чуем, што чытачы не хочуць адмаўляцца ад кантактных асобаў у бібліятэках», – запэўнівае яна.

Бібліятэка, якая працуе 24 гадзіны ў суткі?

Бібліятэчная сфера Германіі ўважліва сочыць за гамбургскай мадэллю. Іншыя гарады таксама плануюць увесці яе ў публічных бібліятэках. Газета «Дэр Вестэн» (Der Westen) нават паведаміла аб намеры Гарадской бібліятэкі ў Хэме працаваць кругласутачна, але ён пакуль не знайшоў падтрымкі палітыкаў.
 
У Фінкенвердэры не імкнуцца да таго, каб публічная бібліятэка кожны дзень працавала кругласутачна. «Гэта немагчыма хаця б таму, што ад поўначы да пятай гадзіны раніцы наша сістэма кіравання бібліятэкай ажыццяўляе сканаванне аккаўнтаў чытачоў для генерацыі статыстычных дадзеных, – тлумачыць Рорсэн. Выглядае, што не варта чакаць наплыву «начных соваў». – Большасць чытачоў хацела б мець магчымасць гнутка ўносіць наведванне бібліятэкі ў свой распарадак дня».