«JournalTouch» Дыгітальны кантэнт, да якога можна дакрануцца:

Электронная калекцыя часопісаў
Электронная калекцыя часопісаў | © Інстытут імя Макса Планка па даследаванні агульнай спадчыны

Электронная калекцыя часопісаў «JournalTouch» пераносіць аналагавы бібліятэчны сервіс у віртуальны свет. Такім чынам да дыгітальнага кантэнта можна дакрануцца ў чытальнай зале.

Побач з друкаванымі выданнямі кніг і часопісаў у бібліятэках усё часцей можна знайсці таксама і электронныя. Друкаваныя выданні паступова адыходзяць. Носьбіты інфармацыі ў электроннай форме маюць шэраг перавагаў, таму чытачы добра прымаюць іх. Да таго ж дыгітальны кантэнт даступны паўсюль 24 гадзіны ў суткі. Акрамя таго, ён дазваляе хуткі пошук у тэксце, яго можна даслаць, памножыць, ён таксама можа змяшчаць мультымедыйныя элементы. Аднак чытачы часта не заўважаюць, што ў выніку дыгіталізацыі губляюцца сацыяльныя і фізічныя перавагі рэальнай прасторы. Бо толькі бібліятэка, да якой можна дакрануцца, забяспечвае асабісты кантакт, а таксама набыццё ведаў і пошук інфармацыі, які ажыццяўляецца з удзелам усіх ворганаў пачуццяў.
 
Бібліятэка Інстытута імя Макса Планка па даследаванні агульнай спадчыны ў Боне таксама адчула, што бібліятэка ўсё больш ператвараецца ў віртуальную, бо фонды інтэнсіўна перамяшчаюцца ў віртуальную прастору: калі частка часопіснага абанемента была пераведзена ў рэжым «e-only», калекцыя часопісаў на паліцы «Новыя паступленні» асірацела. Тым самым знік не толькі бібліятэчны сервіс, якім інтэнсіўна карысталіся, але і ўлюбёнае месца сустрэчы чытачоў, дзе можна было пагартаць часопісы, дзе была магчымасць быць у курсе бягучых падзей. Знікненне гэтага шляху распаўсюду інфармацыі стала імпульсам для распрацоўкі праграмы «JournalTouch». Гэты інструмент, які быў уведзены ў ліпені 2014 года, «узнаўляе як крыніцы інфармацыі, так і месца сустрэчы дакладна там, дзе яно было, і мае выгляд стала замацаванага сензітыўнага манітора», – распавядае Рэгіна Гольдшміт, чалец каманды бібліятэкараў, якая распрацавала «JournalTouch» і была ўзнагароджана за гэта прэміяй «Zukunftsgestalter in Bibliotheken 2015» (ням. «Архітэктары будучыні ў бібліятэках»).  

Аналагавыя бібліятэчныя сервісы ў віртуальнай прасторы

Чытачы перамяшчаюцца па тачскрыну так, як яны прызвычаіліся рабіць гэта на смартфоне альбо на планшэце, – і перад імі адкрываюцца вокладкі, старонкі-паказьнікі зместу і анатацыі. Сёння можна працаваць з каля 300 актуальнымі нумарамі, новымі кнігамі і найноўшымі публікацыямі ўстановы. Але «JournalTouch» прапануе больш, чым проста прагляд на экране. Праграма мае шматлікія сервісы – такія, як раздрукоўка, заказ, дасылка па электроннай пошце альбо інтэграцыя мэтададзеных у праграмы кіравання літаратурай. Чытачам падабаецца, што з праграмай проста працаваць, а таксама тое, што яна прадастаўляе інфармацыю хутка, метанакіравана і ў зручнай форме.
 
Актуалізацыя таксама вельмі простая: кантэнт аўтаматычна паступае праз інтэрфэйсы  «JournalTOCs» і «CrossRef», а вокладкі прадастаўляе партнёрская арганізацыя са сферы кніжнага гандлю. «Актуалізацыя ўручную падас працы з праграмай непатрэбная, – кажа Рэгіна Гольдшміт аб невялікіх выдатках на яе абслугоўванне. – Зразумела і тое, што якасць такога інструменту, як «JournalTouch» залежыць наўпрост ад яго крыніцаў». Бо бібліяграфічныя дадзеныя, старонкі-паказьнікі зместу і вокладкі не заўсёды знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце ў форме, прыдатнай для счытвання камп’ютарам. На думку Рэгіны Гольдшміт, гэту праблему неабходна вырашаць. Бо гэты кантэнт ёсць нішто іншае, як адпаведнік вокладак у рэальным свеце: рэкламны інструмент, які вядзе да ўласна прадукта.

Пляцоўка для супрацоўніцтва і далейшага развіцця

Зацікаўленыя ў праграме «JournalTouch» бібліятэкі могуць пераняць яе без вялікіх выдаткаў. Каманда распрацоўшчыкаў зрабіла выбар на карысць апублікавання як «open source», каб у кожным канкрэтным выпадку прадаставіць сервісы, якія падыходзяць з улікам індывідуальных пажаданняў. Гэта дазваляе выкарыстоўваць праграму трэцім асобам – гэта свабоднае некамерцыйнае яе выкарыстанне. У некаторых іншых бібліятэках сістэма  «JournalTouch» ужо прымяняецца. Тое, што праграма была заказана больш тузіна разоў за свой невялікі час існавання даказвае, што яна запаўняе пэўны прабел. Раней таксама існавалі маніторы для простага ўзнаўлення кантэнту. Але інтэрактыўны складнік праграмы «JournalTouch», які дазваляе чытачам пераносіць кантэнт на свае мабільныя прыстасаванні, дагэтуль з’яўляецца ўнікальным.
 
Праграма прадастаўляецца паводле ліцэнзіі «open source» і каманда распрацоўшчыкаў спадзяецца на яе далейшае развіццё дзякуючы інтэнсіўнаму абмену думкамі ў межах зацікаўленага кам’юніці. Рэалізацыя новых ідэй і функцый – гэта яшчэ адзін вялікі крок да ўвасаблення канцэпцыі «blended library». У гэтай візіі будучыні ўлічваюцца патрабаванні дыгітальных сістэм: новыя віды інтэрфейсаў для карыстальнікаў, уключэнне фізічных і сацыяльных здольнасцей чытачоў у працэс пошуку і тым самым у камунікацыю з бібліятэкай. Так планы развіцця праграмы ахопліваюць дыяпазон ад размяшчэння яе на такіх мабільных прыстасаваннях, як смартфоны і планшэты да магчымасці ўзнаўлення іншага кантэнту (напрыклад, электронных кніг) і далейшай персаналізацыі: напрыклад, выбару ўлюбёных часопісаў. І ўсё ж праграма «JournalTouch» настолькі гнуткая, што можа ўдасканальвацца ў самых розных накірунках.