Міжнародная каталагізацыя Воблачная інфраструктура для бібліятэчных дадзеных

Міжнародная каталагізацыя
Фота (фрагмент): © rendeeplumia – Fotolia.coms

Тры бібліятэчных асацыяцыі распрацоўваюць новае каталагізацыйнае наваколле. Пра новыя выклікі распавядае Торстэн Кох з Цэнтра інфармацыйнай тэхнікі імя Канрада Цузэ ў Берліне.

Спадар Кох, якія мэты мае праект «Воблачная інфраструктура для бібліятэчных дадзеных»?
 

Мы хочам стварыць для бібліятэк тэхнічныя і кадравыя структуры, каб у будучыні яны змаглі б перайсці на выкарыстанне сучасных воблачных бібліятэчных сістэм. Адначасова неабходна зрабіць крок у кірунку міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне каталагізацыі. Каталагізацыя для бібліятэк павінна быць простай і зручнай. Усім павінен быць прадастаўлены доступ да як мага большай колькасці дадзеных высокай якасці, якія могуць быць выкарыстаны для каталагізацыі.
 
Як паўстала гэта ідэя?
 

На працягу дзесяцігоддзяў каталагізацыя ў Германіі адбываецца шляхам супрацоўніцтва, праца дакладна падзелена – на міжнароднай арэне няма падобнага. Усё гэта не адбываецца ў межах адной вялікай базы дадзеных, агулам існуе пяць аб’яднаных базаў дадзеных. У доўгатэрміновай перспектыве гэта падаецца неэфектыўным. Акрамя таго, магчымасці гэтых аб’яднаных базаў дадзеных абмежаваныя ў сістэмным плане. Навуковая рада і Нямецкае даследчае таварыства зразумелі, што неабходна змяніць такі стан рэчаў, і ў 2012 годзе абвясцілі конкурс з мэтай стварэння надрэгіянальных інфармацыйных сервісаў.

Міжнароднае каталагізацыйнае наваколле

З верасня 2013 года фінансаванне Вашага праекта ажыццяўляе Нямецкае даследчае таварыства (Deutsche Forschungsgemeinschaft - DFG).

Торстэн Кох © Thorsten Koch Ідэяй нашага праекта было перайсці да міжнародных каталагізацыйных наваколляў замест таго, каб ствараць новую нацыянальную базу дадзеных. Мы вырашылі адмовіцца ад уласных распрацовак і працуем з буйнымі камерцыйнымі вытворцамі праграмнага забеспячэння для бібліятэк OCLC і Exlibris. Іх новыя сістэмы «World Share» und «ALMA» прапануюць не толькі праграмнае забеспячэнне, але адначасова і платформы з дадзенымі. Сёння падаецца малаверагодным той факт, што ў такой федэратыўнай краіне, як Германія ўсе пагодзяцца стварыць адзіную платформу праграмнага забеспячэння. Таму варта падумаць пра канцэпцыі, якія маюць на мэце выхад за межы адной платформы.
 
Іх з’яўленне падаецца не зусім бясспрэчным.
 
Воблачныя каталогі не былі распрацаваны адмыслова для нямецкага рынку. Для іх прыняцця нямецкімі бібліятэкамі яшчэ таго-сяго не хапае. Трэба проста прызнаць, што бібліятэкам-чальцам Нямецкага бібліятэчнага саюзу ўласцівы высокі ўзровень сервісу. 
 
Нягледзячы на тое, што прынцыпы каталагізацыі паўсюль падобныя, кожная моўная прастора працуе на падставе ўласных нормаў для дадзеных. У Германіі гэта т. зв. «Агульны нарматыўны файл» («Gemeinsame Normdatei»), з дапамогай якога ажыццяўляецца камбінаванне дадзеных. Калі мы хочам працаваць з міжнароднымі сістэмамі так сама як з сённяшнімі нямецкімі, то для гэтага яшчэ неабходна тое-сёе ў іх змяніць. Мы звязваем запісы назваў з нарматыўнымі дадзенымі і можам выходзіць праз іх на кантэнт нарматыўных дадзеных. Напрыклад, «Фаўста» Гётэ можна знайсці, калі шукаеш «Koet'e» альбо «Gkaite». Гэту магчымасць сувязі дазеных мы хацелі б захаваць.
 
Нямецкія дадзеныя не толькі павінны прысутнічаць у міжнародных сістэмах, неабходна, каб іх можна было б знаходзіць і выкарыстоўваць. Гэта азначае грунтоўныя змены ў першую чаргу для «WorldCat» – найвялікшай у свеце бібліяграфічнай базы дадзеных, з якой працуе сістэма «World Share». Паглядзім, якіх вынікаў мы дасягнём да канца праекта.

Прапанова для будучай новай асновы

Да мэтаў праекта таксама належыць і стварэнне агульнанямецкай уніфікаванай прасторы дадзеных. Што трэба разумець пад гэтым?
 

Т. зв. нямецкая прастора дадзеных апісвае дадзеныя ўсіх нямецкіх бібліятэк. Спачатку мы шмат гаварылі пра анлайн-сінхранізацыю паміж сістэмамі, а сёння мы думаем пра сховішча дадзеных, якім магла б карыстацца кожная сістэма.
 
Нямецкая прастора дадзеных – гэта, з аднаго боку, рэзервовая копія, якая забяспечвае роўнасць шанцаў. Стварыўшы адзіную прастору дадзеных, мы хочам дасягнуць таго, каб кожная бібліятэка магла б бачыць і выкарыстоўваць дадзеныя іншых нямецкіх бібліятэк у іх каталагізацыйным наваколлі.
 
Праект сумесна ажыццяўляюць Інфармацыйная сістэма бібліятэк Гесэна, Бібліятэчная асацыяцыя Баварыі і Кааперацыйная бібліятэчная асацыяцыя Берліна і Брандэнбурга. Ці могуць карыстацца набыткамі праекта іншыя нямецкія бібліятэчныя асацыяцыі?
 

Будучыня пакажа, як вынікі праекта будуць скарыстаны на практыцы і як яны будуць адаптаваныя асацыяцыямі па-за межамі праекта. Праект «CIB» распрацоўвае будучую новую аснову. Іншыя асацыяцыі могуць свабодна яе выкарыстоўваць.
 
Што з’яўляецца для Вас найвялікшым выклікам?
 

Ад праекта чакаюць надзвычай шмат. Неабходнасць зменаў, абумоўленая палітыкай у бібліятэчнай сферы, якая закранае ўсе асацыяцыі, выяўляецца і ў вялікай колькасці крытычных пытанняў. Калі ўлічыць моцную волю да зменаў у задзейнічаных фірмах і бібліятэчных асацыяцыях, фактар часу і фінансавыя выдаткі на новыя распрацоўкі ды да таго ж вельмі складаную структуру нямецкай асацыяцыі, то стане ясна, што гэты намер можна рэалізаваць, толькі выявіўшы шмат цярпення, упорыстасці і пры гэтым стала камунікуючы міжсобку.